Skip to main content

Дзіцячы хор гродзенскай парафіі выступіў у хоспісе з велікодным канцэртам

hospis 3Кожны год дзіцячы хор “Містэрыум” гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай (францішканскі) стварае святочную атмасферу для падапечных дабрачыннай установы “Цэнтр Дапамогі Жыццю”, выступаючы з канцэртам у хоспісе.

Гэты канцэрт заўсёды кранае слухачоў да слёз і выклікае пачуццё радасці. Акрамя падрыхтоўкі па-сапраўднаму святочнага выступлення, дзеці прыносяць для пацыентаў хоспіса пачастункі і на гэты раз таксама парадавалі іх велікоднымі слодычамі.

Паколькі не ўсе пацыенты могуць устаць з ложка, канцэрт праводзіўся ў кожнай палаце, і атрымаць ад яго задавальненне мог кожны.

hospis 7

“Ярка перажываючы радасць светлага свята Вялікадня, мы разумеем, што ў такія святочныя перыяды людзі робяцца яшчэ бліжэйшымі адзін аднаму, – апавядаюць прадстаўнікі “Цэнтра Дапамогі Жыццю”. – І нішто не з’яўляецца больш жыццесцвярджальным і шчырым, чым радасць, якая сыходзіць ад дзяцей.

У гэты вечар у хоспісе здавалася, што цудоўная музыка, дзіцячыя галасы, велікодныя песні, казачныя пачастункі – усё дасягала дасканаласці. Хацелася спыніць час, не губляць яго. І сапраўды, час спыняўся, бо мы дакладна ведаем, што гэтыя хвіліны не сатруцца з памяці і будуць саграваць – усё астатняе жыццё”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі