Skip to main content

Клаўдыё Гуджэроцці: мясцовы Касцёл робіць моцнае ўражанне

Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці 5 лютага сустрэўся з прадстаўнікамі гродзенскіх СМІ. На сустрэчы нунцый падзяліўся сваімі ўражаннямі ад візіту ў Гродна, наведвання касцёлаў і парафій, знаёмства з гродзенскімі вернікамі, падзяліўся меркаваннем, пры якой умове магчыма сустрэча двух найвышэйшых іерархаў каталіцкага Касцёла і праваслаўнай Царквы.


- Якія ў Вас уражанні ад візіту ў Гродна?

- Першае ўражанне – гэта кантраст паміж нязносным холадам і гарачынёй сэрцаў, якія мяне прымалі. Калі больш сур’ёзна, то гэта горад вялікай жыццядзейнасці і багатай культурнай спадчыны. Гэта сапраўды скрыжаванне розных культур і розных гісторый са сваімі дадатнымі якасцямі і са сваімі праблемамі, і гэта бачна. Гэта таксама месца, дзе каталіцкі Касцёл да сённяшняга дня захоўвае паслядоўнасць і значнасць сваёй традыцыі.

- А якія ўражанні ад наведвання гродзенскіх касцёлаў і Вышэйшай духоўнай семінарыі?

- Мне ўсё спадабалася! Я таксама ўбачыў дух традыцыі, дух культуры і гісторыі гэтай дыяцэзіі, што з’яўляецца спецыфічным для гэтага рэгіёна. І разам з тым, я мог убачыць касцёлы, якія ўздымаюцца ў новых мікрараёнах. Гэта азначае, што побач са старажытнай традыцыяй існуе пастаральны клопат аб тым, каб выйсці насустрач патрэбам, якія актуальныя сёння. І калі гэтыя цэнтральныя месцы з’яўляюцца знакам прадаўжэння традыцыі, то новыя мікрараёны з вялікімі дамамі з’яўляюцца знакам патрэбы Бога, патрэбы Слова, якое мы павінны несці людзям, якія ад нас гэтага чакаюць. Таму мае ўражанні вельмі пазітыўныя і яны мяне ўзбагацілі як асобу. Семінарыя, на маю думку, з’яўляецца вельмі жыццядзейнай супольнасцю. Гэта маладыя людзі, якія маюць сваю ўпэўненую матывацыю, гэта жывыя людзі, энтузіясты. Яны хочуць працаваць на карысць сваёй краіны. І, што я яшчэ заўважыў, яны жывуць у вельмі добрай супольнасці. Гэта, напрыклад, паказалі ў пераходзе ад старажытных грыгарыянскіх спеваў падчас св. Імшы да сучаснай рокавай музыкі, якую нам прадставілі. Гэта было прыгожа. Мяне насамрэч узрушыла, што гэтыя маладыя людзі ведаюць, на якой мове сёння прамовіць да сучаснага пакалення пра Езуса Хрыста. Мяне пазітыўна ўразіла, што ў семінарыі пануе клімат вялікай увагі да розных пачуццёвых сфер чалавека і яго патрэб.

- Што вас здзівіла падчас побыту ў Гродне?

- Падчас візіту мяне вельмі ўзрушыла чаканне. Я маю на ўвазе чаканне беларускага народа, каб яго ведалі, каб яго любілі, каб яго шанавалі. Таксама мяне пазітыўна здзівіла адкрытасць менталітэту беларусаў, асабліва інтэлігенцыі. Дадам, што гэты менталітэт пакуль што не паддаўся вялікаму ўдару кансьюмерызму, які яшчэ дасюль не дайшоў. Моладзь вельмі свежая, вельмі ўважлівая, гатовая наладжваць нейкія адносіны і прыязнасць. І, безумоўна, Касцёл, які яшчэ носіць на сабе вялікія раны пасля пераследу, каторы давялося выцерпець (бо 20 гадоў – гэта малы час: яшчэ жывыя людзі, якія памятаюць, як цяжка было калісьці верыць). Але разам з тым, бачна неверагоднае ўменне людзей да рэарганізацыі Касцёла. І не толькі ўменне рэарганізавацца структурна, але і духоўна, каб нанова знайсці сваю значнасць і свядомасць у паўсюдным Касцёле. Сапраўды, у параўнанні з маімі гадамі працы, а я маю багаты вопыт, гэта рэч, якая моцна здзіўляе ў Беларусі.

- Ці магчыма на тэрыторыі Беларусі сустрэцца Святому Айцу Бенедыкту XVI і Патрыярху Кірылу?

- Гэтае пытанне мае шмат бакоў. Касцёл не звяртаецца ў бок сенсацый. Гэта азначае, што такая падзея для нас не настолькі важная толькі таму, што на яе ўсе звернуць увагу. Нас больш цікавяць сапраўдныя сяброўскія адносіны паміж двума нашымі Касцёламі і супрацоўніцтва паміж нашымі вернікамі. На гэта прыйдзе час тады, калі абодва іерархі адчуюць, што сапраўды ёсць свабода, і яны могуць гэта зрабіць, бо за іх плячыма стаіць Божы люд, які гэтага хоча. Гэта павінна быць сустрэча двух Касцёлаў. Канешне, кожны Касцёл мае сваю пачуццёвасць. Можа, адзін з іх больш гатовы да сустрэчы, а можа быць, нейкі Касцёл адчувае пэўную ўнутраную ці знешнюю праблематыку, і яшчэ не гатовы зрабіць першы крок. І калі ладзяцца сустрэчы двух вялікіх Касцёлаў, то гэта робіцца ў імя Бога, а не ў імя палітыкі і нават не ў імя нейкіх асобных народаў.

Пасля прэс-канферэнцыі Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся з супрацоўнікамі Катэхетычнага Інстытута ў Гродне.