Skip to main content

Стос пытанняў ксяндзу арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу

Сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі з ксяндзом арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам адбылася ў Гродне 29 кастрычніка. Сустрэча пачалася св. Імшой у Пабрыгіцкім касцёле, якую цэлебраваў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

- Дзякуй вам за запрашэнне на сустрэчу. І хоць жыццё біскупа складаецца са шчыльнага календара і знайсці ў ім вольны час на сустрэчу цяжка, але наш супольны святы Максіміліян Кольбэ так пакіраваў, каб мы спаткаліся – сёння на моладзевай сустрэчы, а заўтра падчас урачыстай св. Імшы з нагоды ўспамінаў 70-годдзя з дня пакутніцкай смерці святога апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, - сказаў на пачатку св. Імшы Мітрапаліт.

У сваёй гаміліі кс абп Тадэвуш Кандрусевіч згадаў 10 Божых запаветаў і як мы іх рэалізуем у нашым штодзённым жыцці. Усе іх ведаем на памяць, але як мы ўспрымаем Божыя запаветы – як абмежаванні нашай волі або як духоўныя арыенціры, кіруючыся якімі мы будзем імкнуцца да духоўных вышыняў?

Пасля св. Імшы моладзь прынесла ксяндзу арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ў падарунак цішотку са знакамі АД OPEN і фотакалаж, які складаўся са здымкаў арцыбіскупа з моладдзю. Св. Імшу ўпрыгожваў спевамі гурт моладзі з акадэмічнага душпастэрства OPEN.

Пасля св. Імшы адбылася сустрэча моладзі з Яго Эксцэленцыя. На пачатку сустрэчы моладзь прэзентавала ўдзел Гродзенскай дыяцэзіі ў Сусветных днях моладзі ў Мадрыдзе. Пасля ў хлопцаў і дзяўчат з’явілася магчымасць задаць самыя розныя пытанні кс абп Тадэвушу Кандрусевічу. Моладзь дзве гадзіны не адпускала ксяндза арцыбіскупа, якую цікавіла ўсё. Мітрапаліт Т. Кандрусевіч браў удзел практычна ва ўсіх Сусветных днях моладзі. Ён узгадаў некалькі цікавых гісторый, як у гэтых сустрэчах удзельнічала дэлегацыя ад Савецкага саюзу. Таксама моладзь пыталася, як развіваецца беларуская культура ў рэчышчы Касцёла? Ці змяняюцца людзі пасля таго, як наведаюць Святую Зямлю? Калі Яго Эксцэленцыя адчуў пакліканне? Памяншаецца або павялічваецца Каталіцкі Касцёл у Беларусі?

- Са статыстыкай у гэтай справе ёсць цяжкасці, таму што да пачатку 90-х гадоў запісы аб хрышчэнні вяліся неўпарадкавана: людзі маглі хрысціцца, але нідзе пра гэта афіцыйна не запісваць, - распавёў ксёндз арцыбіскуп. - І толькі пасля 91-га года пачаліся весціся рэгулярныя запісы ў кнігах. Таму назваць зараз дакладную лічбу католікаў у Беларусі цяжка. Мусіць прайсці яшчэ пэўны час, калі мы зможам на падставе афіцыйных дадзеных назваць канкрэтныя лічбы. Але ў сучасным свеце назіраюцца працэсы секулярызацыі, гэта відавочна. Касцёл патрабуе новай евангелізацыі. І ёсць шмат праблем і пытанняў, якія патрабуюць рашэння. Напрыклад, у Мінску, дзе як мінімум 300 тысяч католікаў, усяго толькі 4 храмы. Дзякуй Богу, з’явіліся капліцы, ёсць храмы, якія будуюцца.

Моладзь таксама цікавіла, якія метады можна выкарыстоўваць для евангелізацыі з людзьмі, якія знаходзяцца па-за касцёлам. Ксёндз арцыбіскуп адказаў, што асноўнае – гэта паказваць іншым прыклад уласным жыццём. Таксама сёння важныя сродкі масавай камунікацыі, медыі, тэхнічныя дасягненні, якія маглі б даносіць Слова Божае далёка і ў адпаведнай для сучаснага чалавека форме.

У канцы сустрэчы ксёндз арцыбіскуп падзякаваў гродзенскай моладзі за актыўнасць і цікавую сустрэчу.