Skip to main content

Душпастырству „OPEN” 5 гадоў

DSC01850 1Душпастырства „OPEN” – Душпастырства моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Да яго належаць студэнты і працуючая моладзь. Душпастырамі Акадэмічнага душпастырства з’яўляюцца ксяндзы Антоні Грэмза і Валерый Быкоўскі. Ужо на працягу пяці гадоў у кожны чацвер месяца члены Душпастырства збіраюцца ў Пабрыгіцкім касцёле на супольную Эўхарыстыю.
Пасля св. Імшы традыцыйна адбываецца сустрэча моладзі. 29 верасня члены „OPEN” сабраліся разам, каб падзякаваць Богу за 5 гадоў існавання і дзейнасці Душпастырства. Урачыстую св. Імшу ўзначаліў кс. Ян Кучыньскі, біскупскі вікарый Гродзенскай акругі.

На супольнай малітве прысутнічала шмат святароў з Гродна і больш за сто маладых людзей. Кс. Антоні Грэмза ў гаміліі прыгадаў прысутным гісторыю Акадэмічнага душпастырства ў нашай дыяцэзіі і заахвоціў моладзь адважна даваць сведчанне сваім прыкладам жыцця. “Свету сёння таксама неабходны адважныя маладыя людзі, якія павядуць за сабою іншых. Няхай гэты жыццёвы шлях кожнага з Вас будзе цудоўным шляхам да пазнання Айца Нябеснага”, – адзначыў кс. Антоні.

Пасля супольнай Эўхарыстыі ўсім прысутным былі ўручаны памятныя дыпломы з нагоды 5-годдзя Душпастырства. А душпастыры атрымалі ад моладзі кашулі са здымкам усіх членаў Душпастырства.

Падчас мультымедыйнай прэзентацыі прысутныя таксама мелі магчымасць узгадаць найважнейшыя моманты дзейнасці Душпастырства моладзі нашай дыяцэзіі. Хочам заахвоціць маладых людзей да ўдзелу ў сустрэчах Душпастырства.

29 кастрычніка на сустрэчу з моладдзю нашага горада прыбудзе кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч. Святая Імша з Мітрапалітам запланавана на 17.00. Пасля св. Імшы адбудзецца сустрэча, падчас якой будзе магчымасць задаць пытанні ксяндзу арцыбіскупу.