Аднаўленне святых місій адбылося ў Шчучыне
З 30 красавіка па 3 мая ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбылося аднаўленне святых місій.
Місіі праходзілі тут роўна год таму, парафіяне сустракалі іх з радасцю і адкрытымі сэрцамі.
Аднавіць місіі, накіраваныя на паглыбленне праўдаў веры, разуменне каштоўнасці супольнай і асабістай малітвы, прыбылі ў Шчучын айцы рэдэмптарысты Эдвард Пяцельчыц і Андрэй Урублеўскі. Гэты час быў прысвечаны разважанню над разнастайнымі праблемамі ў жыцці хрысціяніна, пошукам у іх Божай волі і яе выконваннем.
Айцы рэдэмптарысты заўсёды самаахвярна выконваюць волю Пана Бога, імкнуцца быць там, дзе яны патрэбны людзям. Адказваючы на знакі часу, яны рознымі спосабамі служаць у сваёй краіне і па-за яе межамі. Сваю апостальскую дзейнасць яны даручаюць апецы Маці Божай Нястомнай Дапамогі, цудадзейны абраз якой атуляюць асаблівай павагай.
У шчучынскай парафіі сваю дзейнасць, свой заклік да супольнай малітвы рэдэмптарысты пачалі ў нядзелю Добрага Пастыра.
Панядзелак сустракаў парафіян тэмай “Калі чалавек памірае”. Было шмат разважанняў пра адносіны хрысціян да смерці, айцы прыводзілі розныя жыццёвыя прыклады, каб кожны прысутны задумаўся аб гэтай падзеі.

Пасля святой Імшы адбылося набажэнства за памерлых. Парафіяне мелі магчымасць памаліцца за родных і блізкіх, асабліва за тых, хто пакінуў зямны шлях на працягу года – з часу мінулагодніх місій. Увечары адбылася сустрэча для вернікаў “Школа малітваў”. На ёй парафіяне вучыліся прыносіць просьбы Богу, маглі паглыбіцца ў малітву, даведацца пра яе крыху болей. На сустрэчы прысутнічала цікавая госця, якая распавяла пра свой асабісты шлях да малітвы, які праходзіў праз розныя этапы жыцця.
У аўторак моладзь, дзеці і іх бацькі сабраліся на супольнай сустрэчы. Тэмай дня было Сэрца Пана Езуса. Айцы рэдэмптарысты вельмі даступна і якасна тлумачылі пра любоў Езуса, пра Яго магутнае Сэрца, заўсёды адкрытае, якое з’яўляецца, як было падкрэслена, знакам любові да кожнага чалавека. Таксама пробашчам парафіі а. Андрэем Агелем быў зачытаны Акт прысвячэння парафіі Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса.
Вернікі прынеслі на Імшу абразы Сэрца Езуса, якія былі асвячаны. У канцы Імшы кожны змог атрымаць асабістае благаслаўленне сваім абразом. Пасля парафіяне з любоўю і пашанай панеслі абразы дадому. Увечары адбылася другая сустрэча “Школа малітваў”. На ёй вернікі вучыліся праслаўляць Бога, ахвотныя маглі падысці да мікрафона і прамовіць ад сэрца словы праслаўлення Пана. Гучалі меладычныя каноны, таксама на сустрэчы была госця, якая пазнаёміла сабраных са сваім шляхам да пазнання малітвы.
Серада сустрэла вернікаў тэмай “Трываласць у пастановах”. Рэдэмптарысты прапанавалі прысутным шмат разважанняў. Таксама яны засяродзілі ўвагу на маці як галоўнай асобе ў жыцці чалавека і на Маці Божай, адзначыўшы, што як для маці важнае яе дзіця, якое яна ніколі не дазволіць пакрыўдзіць, так для Маці Божай важны кожны з нас.
У канцы Імшы рэдэмптарысты пажадалі парафіянам, каб іх вера была “як магутнае дрэва, а любоў да Маці Божай – як карані гэтага дрэва: тады гэтыя карані будуць паўзці і распаўсюджвацца ўсё далей у сэрцы, у дамы і сем’і ўсіх веруючых”.

Пасля адбылася трэцяя сустрэча “Школа малітваў”, на якой парафіяне вучыліся дзякаваць Богу. Па традыцыі прысутнічаў госць, які расказаў сваю жыццёвую гісторыю і пазнаёміў са сваім шляхам да малітвы. Ахвотныя, падыходзячы да мікрафона, выказвалі падзяку Пану, а таксама айцам рэдэмптарыстам за навучанне, бо шмат зразумелі, навучыліся малітве і ўпарадкавалі ў ёй свае думкі.
Парафіяне вельмі ўдзячныя айцам Эдварду і Андрэю за аднаўленне святых місій, за час, прысвечаны вернікам Шчучына. Усе гэтыя дні былі насычаны карыснай інфармацыяй, шматлікімі разважаннямі, якія прысутныя ўбіралі ў сябе, чэрпаючы ўсё самае неабходнае для ўзмацнення веры.
Аксана Цыбульская
Фота: Кацярына Кулік

З 29 па 31 сакавіка ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Іх правёў ксёндз Уладзімір Аксенцьеў – пробашч парафіі св. Станіслава, біскупа, у Лядску (Шчучынскі дэканат).
Міжнародны праект YES! – “Скарачэнне беднасці шляхам працаўладкавання сацыяльна неабароненай моладзі ў менш развітых рэгіёнах Беларусі” рэалізуецца дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas Беларусь па ўсёй рэспубліцы пры падтрымцы Renovabis (Германія) і Caritas Linz (Аўстрыя) з мэтай павышэння ўзроўню жыцця маладых беларусаў ва ўзросце 18-35 гадоў, якім патрабуецца падтрымка.
16 верасня ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.
22 жніўня ў сваёй роднай парафіі св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне с. Ганнa Мацуль з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прынесла вечныя манаскія абяцанні.
Пандэмія каранавірусу змяніла ўсе планы каталіцкай моладзі, якая ў летні час ахвотна ўдзельнічала ў пілігрымках і розных сустрэчах, якія арганізоўваліся ў парафіях.
10 чэрвеня ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбылася Імша для выпускнікоў.
24 мая ў шчучынскай парафіі св. Тэрэзы Авільскай адбылося афіцыйнае заканчэнне навучальнага і катэхетычнага года. Традыцыйна ў гэты дзень выпускнікі перадаюць фігурку св. Юзафа Каласанса сваім малодшым сябрам у знак вернасці, адказнасці за парафію і пастаяннай прысутнасці на занятках катэхезы.
Айцы піяры са Шчучына запрашаюць да ўдзелу ў відэаконкурсе “Сёння я распавяду вам пра святога Яна Паўла II”.
4 мая пробашч парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне а. Андрэй Агель SchP ад імя ўсіх вернікаў парафіі перадаў у мясцовую Цэнтральную раённую бальніцу санітарна-гігіенічныя камбінезоны.
22 сакавіка, у чацвёртую нядзелю Вялікага посту, літургічная служба алтара “Calasanz” у Шчучыне перажывала сваё свята – яе колькасць павялічылася на дзевяць новых міністрантаў і лектараў.
21-23 лютага ў кляштары айцоў піяраў у Шчучыне адбыліся рэкалекцыі для мужчын. Духоўныя практыкаванні праводзіліся для мужчын, зацікаўленых у духоўным развіцці, у пазнаванні Бога і жаданні зразумець, кім з’яўляецца мужчына і якое яго сапраўднае прызначэнне ў Божай задуме.
Ужо традыцыйна ў студзені айцы піяры правялі аплаткавую сустрэчу са сваімі бацькамі ў Шчучыне.