Skip to main content

Сустрэча ў духу Тэзэ ў Рыме: вопыт беларускага валанцёра

З 28 снежня 2012 года па 2 студзеня 2013 года тысячы веруючых маладых людзей прыехалі ў Рым, каб сустрэць Новы год у пілігрымцы даверу на зямлі. Еўрапейскія моладзевыя спатканні такога кшталту адбываюцца больш за 20 год, а Рым гасцінна прымае вандроўнікаў ужо ў 4 раз.

Хрысціянская супольнасць Taize, якая выступае арганізатарам, ладзіць такія сустрэчы, каб спрыяць аб’яднанню католікаў, праваслаўных і пратэстантаў. Кожны малады чалавек ва ўзросце ад 18 да 35 год можа прыняць удзел у сустрэчы.

Таксама цікавай і больш актыўнай формай удзелу у спатканні з’яўляецца праца валанцёрам. Праца можа быць разнастайнай, і кожны валанцёр можа выбраць, што яму больш падабаецца – дапамагаць у раздачы ежы, рабіць пераклады на розныя мовы ці спяваць у хоры.

У гэтым годзе мне пашчасціла атрымаць досвед такой працы на Еўрапейскім спатканні ў Рыме. Валанцёры прыязджаюць раней, чым удзельнікі. Некаторыя валанцёры ўжо за некалькі месяцаў да сустрэчы працуюць з парафіямі, каб падрыхтавацца да прыёму ўдзельнікаў. Працы насамрэч вельмі шмат – на моладзевыя спатканні прыязджаюць каля 40 000 чалавек.

Для валанцёраў па прыездзе праводзяць арганізацыйны сход, а пасля дзеляць на працоўныя групы. Пасля кожны валанцёр атрымлівае рассяленне. Еўрапейскія моладзевыя сустрэчы – гэта адзін з відаў паломніцтва даверу, таму да прыезду ў Рым ніхто не ведае, дзе ён будзе жыць. Рассяленне можа быць у сем’ях, а таксама ў духоўных семінарыях, спартыўных залах, школах і іншых памяшканнях. У большасці выпадкаў спаць даводзіцца на падлозе, таму ў такія паломніцтвы неабходна браць турыстычны дыванок і спальнік.

Непасрэдна праца дзеліцца на некалькі групаў – спевы ў хоры, дапамога ў прыёме ўдзельнікаў сустрэчы, дапамога ў раздачы ежы і іншае. Я працавала ў групе прыему ўдзельнікаў з Беларусі і Украіны.

Месцам сустрэчы ўдзельнікаў быў абраны кампус універсітэта Сапенсы. У кожнай краіны быў свой “пункт” прыему. Каманда валанцёраў працавала вельмі зладжана – аніматары віталі прыязджаючых і распавядалі пра праграму сустрэчы, іншыя працавалі з лідарамі груп, частка валанцёраў выдавала карты і дапамагала знайсці дарогу да прымаючай парафіі.

Праграма сустрэчы была цікавая і насычаная. Кожны дзень адбываліся ранішнія малітвы ў парафіях, дзённыя і вячэрнія малітвы ў базіліках Рыма. Большая частка малітваў адбывалася ў кафедральным саборы Рыма Basilica di San Giovanni in Laterano і адной з самых вялікіх базілікаў свету Basilica di San Paolo fuori le Mura.

Акрамя гэтага, удзельнікам было прапанавана выбраць заняткі ў майстэрнях, напрыклад, даведацца пра міжнародныя міратворчыя працэсы, канцэпцыю ўстойлівага развіцця, паглыбіць свае веды пра міжкультурныя адносіны. Моладзь запрашалі паразважаць над пытаннямі новай салідарнасці, веры, паглядзець спектакль “Боская камедыя” Дантэ і наведаць музей Ватыкана.

З мноства цікавых прапаноў я выбрала наведванне музеяў Ватыкана і Сікстынскай капліцы. У музеі Ватыкана ўразіла галерэя картаў, дзе на сценах размешчана 40 картаў італьянскіх рэгіёнаў. У склад музея таксама ўваходзіць Ватыканская апостальская бібліятэка, галерэя Рафаэля, залы, прысвечаныя гісторыі хрысціянсва і іншыя.

Але самым натхняльным і чаканым для ўсіх удзельнікаў майстэрні было наведванне Сікстынскай капліцы, якую на працягу гадоў распісвалі знаныя мастакі эпохі Адраджэння.

Таксама ў рамках пілігрымкі даверу 29 снежня 2012 ўсе удзельнікі былі запрошаныя на сустрэчу з Папам Рымскім Бенедыктам XVI ў Ватыкане на плошчы Св. Пятра. Ужо а 15.00 гадзіне была вялікая чарга на ўваход на плошчу, а сама сустрэча распачалася а 18-й. Усіх удзельнікаў прывітаў брат Алоіс з Taize. У сваім выступленні брат падкрэсліў, што ўсіх хрысціянаў аб’ядноўвае сакрамант хросту і Біблія. Таксама брат Алоіс адзначыў, што хрысціяне могуць несці людзям супакой і новую салідарнасць. Пасля Папа Рымскі Бенедыкт XVI у сваёй прамове падзякаваў братам Taize за працу і намаганні па аб’яднанні хрысціянаў і ідэю пілігрымак даверу на зямлі. Таксама Папа Рымскі заклікаў моладзь і надалей несці святло хрысціянства ў свет, узмацняць сваю веру і хрысціянскую супольнасць.

Такім чынам, чарговая еўрапейская сустрэча хрысціянскай моладзі ў Рыме адкрыла новую старонку гісторыі, дала магчымасць тысячам маладых людзей паглыбіць сваю сувязь з Богам, паразважаць над сэнсам свайго жыцця, а таксама дакрануцца да гістарычнай спадчыны Рыма, атрымаць досвед міжкультурнай камунікацыі і адчуць хрысціянскае адзінства.

Ганна Радзько