Skip to main content

Сустрэць Новы год з Езусам

Ямна – гэта санктуарый Маці Божай Непахіснай Надзеі і месца сустрэчы акадэмічнага душпастарства айцоў дамініканаў у Познані. Гэта месца малітвы і прымірэння, месца адкрыцця Богу і ператварэнне чалавека. Група гродзенскай моладзі з кіраўніком душпастарства "Open" кс. Антоніем Грэмзам накіравалася туды рэкалекцыі і сустрэчу Новага года. Ніжэй удзельнікі гэтай незвычайнай сустрэчы падзяліліся сваімі ўражаннямі.

 

Людміла Чэканова: Гэта быў сапраўды час, поўны Божай ласкі. Праграма рэкалекцый была пабудавана так, што ў ёй знайшоўся час і на сумесную малітву на брэвіярыі, і на адарацыю ў цішы, і на спяванне Вяночка да Божай Міласэрнасці, і на канферэнцыі, якія больш нагадвалі асабістыя сведчанні, і на “Кабарэ” – цудоўную калядную пастаноўку моладзі з Кракава, і на знакаміты польскі паланез у парах, і безумоўна, на св. Імшу, якая суправаджалася спяваннем калядак і ігрой міні-аркестра. Моладзь з Беларусі сустрэлі як найлепшых гасцей. Айцец-дамініканін Ян Гура сказаў, што не хоча, каб мы пачувалі, што проста прыехалі ў Ямну, не – мы прыехалі да яго. І сапраўды, увесь гэты час панавала сяброўская, нават сямейная атмасфера, дзе кожны прымаў удзел у тым, каб агульны побыт у Ямне быў як мага лепшым. 

Марта Марціновіч: Ямна – цудоўнае месца для сустрэч, знаёмстваў, адкрытай камунікацыі паміж моладдзю і ўмацавання ў веры. Нас там сустрэлі вельмі цёпла і з асаблівай увагай, на кожнай св. Імшы ў касцёле а. Ян Гура нас вітаў і дзякаваў, што мы ёсць. Удзельнікі сустрэчы з цікаўнасцю распытвалі нас пра душпастарства, пра нашую дзейнасць і краіну ў цэлым. За тры дні побыту ў Ямне я адчула прыгажосць і радасць камунікацыі з людзьмі, сумеснай дапамогі пры прыгатаванні нашых абедаў, канферэнцый, святкавання Новага года. На канферэнцыях у Ямне я ўзбагацілася новымі ідэямі і ведамі адносна нашай веры, дзейнасці новай евангелізацыі і сумеснай падтрымцы адзін аднаго! Новы год у Ямне – гэта было сапраўднае свята! Познім вечарам 31 снежня людзі сабраліся ў касцёле перад Найсвяцейшымі Дарамі і, заклікаючы імя Езуса ў літанійнай малітве, “пераходзілі” мяжу часу. Гэта цудоўнае пачуццё, калі са словамі малітвы да Найсвяцейшага імя Езуса пачынаўся Новы год!

Кс. Антоні Грэмза, акадэмічны душпастар: Дзе шукаць новыя формы, каб эфектыўна дзяліцца верай з моладдзю? Як сёння у суткі, калі ёсць мноства спосабаў камунікацыі праз інтэрнет і тэлефон, навязаць асабісты кантакт з маладым чалавекам? Якая роля душпастарства для моладзі? Гэтыя пытанні кіравалі мною як акадэмічнага душпастара, перад выездам з групай моладзі ў Ямну. Важна падглядаць і вучыцца добрым рэчам у іншых дасведчаных душпастараў і моладзевых лідэраў. Прыклад і сустрэча з а. Янам Гурам, акадэмічным душпастарам, творцам фантастычных польскіх 100-тысячных з’ездаў моладзі на Лядніцкіх палях, блізкім сябрам бл. Яна Паўла ІІ – стаў для мяне адказам на пытанне, якое прадставіў на пачатку майго сведчання. Тыя адказы маюць характар падказкі і новых заклікаў да стварэння і ў нас у будучыні моцных духоўных цэнтраў хрысціянскай фармацыі для моладзі, па чым ужо дзясяткі гадоў здаюць свой экзамен перад польскай моладдзю Ледніца і Ямна.

Рэната Серафіновіч: Падчас рэкалекцый нам пашчасціла сустрэць шмат каталіцкай моладзі. Мы ўсе разам даведваліся новае пра сваю веру, вучыліся заставацца хрысціянамі ў абсалютна розных сітуацыях сучаснага жыцця. Сапраўдны хрысціянін цешыцца усім дарам Божым. А. Ян Гура заклікаў умець распазнаваць і прымаць гэтыя дары. Адным з самых галоўных з’яўляецца нашая патрэба адзін у адным. Хрысціянін сам становіцца дарам для сябе, іншых, Бога. І галоўнае яго багацце – людзі вакол яго.

Бажэна Пацэлуйка: Мне на рэкалекцыях вельмі спадабалася. Кожны дзень прыносіў штосьці новае, прапаноўваліся цікавыя тэмы для роздумаў, напрыклад, што мы павінны рабіць для таго, каб быць заўсёды разам, каб быць адным цэлым, або актуальная тэма евангелізацыі сярод іншых людзей. Кожны чалавек павінен пачаць першапачаткова з самога сябе, не баяцца несці ісціну пра Бога у свет! А. Ян Гура таксама падкрэсліў значэнне бласлаўлення – і святара, і бацькоў. Мы павінны памятаць пра Бога кожную хвіліну свайго жыцця. Для тых, хто хацеў бы адчуць моладзевы дух малітвы і радасці, запрашаем на агульную сустрэчу ў Ледніцу 1 чэрвеня! 

Ніжэй расклад духоўных канікул у Польшчы, у якіх можна прымаць удзел:

Ледніца

01.07 – 07.07 – аб працы (для студэнтаў)
07.07 – 14.07 – аб грамадскім жыцці (для выпускнікоў)
14.07 – 21.07 – аб сям’і (для моладзі)

Хэрманіцэ

21.07 – 28.07 – об веры
27.07 – прыпынак Ледніца
28.07 – 04.08 – аб любові

Ямна

04.08 – 11.08 – пра мову веры
11.08 – 18.08 – пра паўнату чалавецтва
18.08 – 25.08 – пра грамадскую дзейнасць