Skip to main content

Як валанцёры хрысціянскага руху віншавалі дзяцей з Божым Нараджэннем

Валанцёры хрысціянскага валанцёрскага Руху святога Мікалая павіншавалі гадаванцаў Гродзенскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі з Божым Нараджэннем. Конкурсы, забавы, падарункі ад святога Мікалая, песні і карагод з калядоўшчыкамі – дзеці ад свята былі ў захапленні.

Хрысціянскі валанцёрскі рух дзейніче пры Гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай ужо некалькі год і аб’ядноўвае моладзь розных канфесій. Удзельнікі руху апекуюцца пацыентамі цэнтра рэабілітацыі, наведваючы дзяцей па выходных і на святы. Каляднае віншаванне дзяцей Гродзенскага цэнтра рэабілітацыі стала для валанцёраў ужо традыцыйным.

Спачатку а. Андрэй Крот распавёў дзецям пра свята Божага Нараджэння. А пасля да дзяцей завіталі традыцыйныя калядныя персанажы, якія вадзілі з імі карагоды, спяваючы розныя калядкі. Вельмі ўпадабалі гадаванцы цэнтра конкурсы – на самыя вялікія мыльныя бурбалкі, з паветраным шарыкам, хто хутчэй раскруціць клубочак нітак з цукеркай і інш.

Але найбольш дзеці чакалі св. Мікалая. Тыя пацыенты, якія ўдзельнічалі ў калядным ранішніку ад валанцёраў у мінулым годзе, ужо ведалі, што з падарункамі прыйдзе менавіта святы Мікалай. Кожнае дзіця падрыхтавала і распавяла святому Мікалаю вершык ці праспявала песню. Дзеці стараліся, як маглі, хоць не для некаторых з-за асаблівасцей у развіцці гэта было цяжкавата.

У выніку ўсе засталіся з падарункамі. Дзеці пачалі тут жа распакоўваць яркія пакункі і паказваць валанцёрам, што каму трапілася. Хтосьці хваліўся лялькай, блакноцікам з замочкам, заплечнікам, машынкай, гукавой цацкай. Некаторыя дзеці марылі пра канкрэтныя цацкі – валанцёры пастараліся падрыхтаваць тым дзецям адмысловыя падарункі.

Святам задаволенымі засталіся ўсе.