Skip to main content

У Вільні маліліся за духоўнае адраджэнне Беларусі

Св. Імша на беларускай мове ў інтэнцыі духоўнага адраджэння Беларусі адбылася 15 лістапада ў Вільні перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Гэтае набажэнства па запрашэнні кусташа санктуарыя Маці Божай Міласэрнасці кс. Павел Гедройць з Гродзенскай дыяцэзіі праводзіць ужо не першы год. Тэмай сёлетняй адпустовай Актавы Апекі Маці Божай Міласэрнасці з’яўляюцца словы: “Вера і міласэрнасць – дар і заданне”.

У казанні кс. Павел Гедройць, дзекан Сапоцкінскага дэканата, разважаў над тэмай веры, якая нам дадзена як дар, але адначасова і як заданне: мы павінны яе не хаваць, а распаўсюджваць. Наша мэта як хрысціян – распаўсюджваць веру ва ўсім свеце, казаў святар.

Уся капліца падчас набажэнства была запоўнена вернікамі, якія прынеслі свае інтэнцыі на патэну перад цудатворным абразом Маці Божай Міласэрнасці. На беларускамоўнай літургіі прысутнічалі вернікі з розных краін, таму напрыканцы набажэнства кс. Павел звярнуўся да прысутных з прывітальным словам на беларускай, польскай і літоўскай мовах.

Мы з’яўляемся адной хрысціянскай сям’ёй, якая супольна ўслаўляе Бога, – казаў святар. Пасля набажэнства вернікі падыходзілі і дзякавалі за гэтую супольную св. Імшу.

Разам з кс. Паўлам Гедройцем, св. Імшу цэлебравалі кс. пробашч катэдры ў Маскве Юзаф Занеўскі, які паходзіць з парафіі Заневічы, кс. Валерый Лісоўскі, пробашч парафіі Вярэйкі, а таксама кс. Станіслаў з украінскага Грудка.

У Актаву Апекі Маці Божай Міласэрнасці, якая адбываецца ў Вільні з 11 па 18 лістапада, перад цудатворным абразом Маці Божай Вастрабрамскай адбываюцца набажэнствы на розных мовах: беларускай, польскай, рускай, нямецкай, італьянскай, украінскай і інш.

Здымак з http://be-x-old.wikipedia.org/