
8 снежня супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адзначыла ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая святкуецца ў гэты дзень. Маці Божая з’яўляецца нябеснай Апякункай семінарыі. Святкаванне адбылося ў межах дзён засяроджання, якія прайшлі ў семінарыі 7-8 снежня.
Дні засяроджання правёў дырэктар партала Каталіцкага Касцёла на Беларусі Catholic.by кс. Павел Эйсмант. Духоўныя практыкаванні распачаліся Нешпарамі і ўступнай канферэнцыяй пад назвай “Цярпенне”. У канферэнцыі прапаноўвалася паразважаць над святарскім служэннем, вельмі часта звязаным з цярпеннем іншага чалавека. Была падкрэслена важнасць сакрамэнту намашчэння хворых, праз які, як было адзначана, святар становіцца тым, хто нясе іншым надзею. Ксёндз Павел падзяліўся ўласным досведам і распавёў некалькі гісторый са свайго святарскага жыцця.
Другі дзень быў прысвечаны тэме Эўхарыстыі. У канферэнцыі на гэтую тэму гаварылася пра падрыхтоўку, чаканне ў кантэксце Адвэнту і перажыванне Эўхарыстыі.
Галоўным момантам дзён засяроджання стала святая Імша, якую ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Панны Марыі цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй з удзелам біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча.
У гаміліі біскуп Уладзімір адзначыў, што гэтая ўрачыстасць гаворыць, “як Бог фармуе чалавека, як фармуе сэрца, каб яно магло стаць месцам Яго прысутнасці”. Таму, па яго словах, гэтая ўрачыстасць глыбока звязана з жыццём семінарыі, якая “не проста з’яўляецца школай ведаў, а гадуе, фармуе і вядзе да сталасці паклікання”.
Біскуп дадаў, што “ў свеце, дзе чалавек часта пачынае з уласных магчымасцяў, гэтая ўрачыстасць нагадвае: усё пачынаецца з Бога”, а таксама што “Бог не стамляецца ад чалавечай слабасці, а дзейнічае ласкаю, якая апярэджвае грэх, страх і падзенне”. “Праз усю гісторыю збаўлення праходзіць пытанне Бога: “Дзе ты?”
Гэта пытанне любові – заклік Айца, які шукае. Гэтае пытанне – не асуджэнне, а пачатак фармацыі. Бог не кажа: “Чаму ты ўпаў?” Ён кажа: “Дзе ты?” – дзе тваё сэрца, дзе твая праўда, дзе твая ўнутраная пазіцыя”, – адзначыў іерарх.

На думку біскупа, гэтае пытанне з’яўляецца і асновай семінарыйнай фармацыі: “Без сустрэчы з праўдай пра сябе немагчыма ісці далей. Семінарыя – месца, дзе чалавек вучыцца не хавацца за ролямі, пабожнымі фразамі ці за знешняй актыўнасцю; месца, дзе нельга ўцячы ад гэтага пытання, але можна паступова навучыцца адказваць на яго з даверам”.
Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, якая святкуецца ва ўспамін таго, што будучая Маці Божая яшчэ пры сваім уласным зачацці ва ўлонні сваёй маці была пазбаўлена ад усялякіх заганаў, кажа, па словах біскупа, што “Марыя – не выключэнне з правіла, а знак таго, чым Бог хоча зрабіць кожнага чалавека”.
“Беззаганнасць Марыі – не чалавечая заслуга, а Божы дар”, – заўважыў іерарх. Ён нагадаў семінарыстам, што “пакліканне пачынаецца не з ініцыятывы чалавека, а з позірку Бога”. “Твой шлях у семінарыі – не даказванне сваёй годнасці, а адказ на любоў, якая была раней, – патлумачыў ён. – Семінарыйная фармацыя – не “вытворчасць” святароў, а паступовае далучэнне да таго, кім Бог ужо бачыць чалавека”.
Біскуп звярнуў увагу, што Панна Марыя, як можна ўбачыць у сітуацыі, калі Яна даведваецца, што стане Маці Божага Сына, “слухае, не дзейнічае імгненна, а разважае, задае пытанне”. “Гэта надзвычай важны момант: пакліканне не выключае пытанняў, але патрабуе слухання. Для будучага святара гэта фундаментальна: хто не ўмее слухаць Бога – не зможа слухаць чалавека”, – падкрэсліў іерарх.

Ён адзначыў, што згоду стаць Маці Езуса Хрыста Марыя праяўляе “ў поўнай свабодзе”, Яе адказ – “не эмоцыя моманту, а стыль жыцця”, і гэты адказ “будзе правярацца на працягу ўсяго Яе шляху: у маўчанні Назарэта, каля крыжа, у чаканні ўваскрасення”. “Гэта словы, без якіх немагчыма зразумець святарства, – сказаў біскуп семінарыстам. – Святарства не трымаецца на энтузіязме, не будуецца на ідэальных умовах і не захоўваецца толькі сілаю волі. Яно трымаецца на здольнасці штодзённа паўтараць гэтае “так” – нават тады, калі дарога незразумелая, калі з’яўляюцца сумненні, калі сэрца адчувае стомленасць”.
“Беззаганная Марыя – Маці вашай фармацыі. Яна вучыць вас чысціні сэрца, якая азначае не бязгрэшнасць, але цэльнасць; не бездакорнасць, але праўду жыцця; не ўцёкі ад барацьбы, але вернасць у барацьбе. Святар з чыстым сэрцам – не той, хто ніколі не падае, але той, хто не жыве ў падвойнасці”, – адзначыў біскуп. Ён параіў семінарыстам вучыцца ў Маці Божай “слухаць больш, чым гаварыць; маліцца больш, чым планаваць; давяраць больш, чым разлічваць; любіць Касцёл нават тады, калі ён цяжкі”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
