Skip to main content

Астравецкая парафія святых Космы і Дам’яна адзначыла з удзелам біскупа Кашкевіча адпустовую ўрачыстасць

ostrowec 14

26 верасня, у літургічны ўспамін святых мучанікаў Космы і Дам’яна, парафія ў Астраўцы, якая носіць іх тытул, святкавала адпустовую ўрачыстасць. Імшу ў межах урачыстасці цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.

У літургіі ўдзельнічалі шматлікія парафіяне і госці, святары Астравецкага дэканату.

У гаміліі сакратар біскупа кс. канонік Юрый Марціновіч, кажучы пра святых Косму і Дам’яна, адзначыў, што іх жыццё можна ахарактарызаваць трыма словамі: даступнасць, шчодрасць, бескарыслівасць.

ostrowec 17

Даступнасць, па словах святара, заключаецца ў тым, што гэтыя святыя разумелі сваё служэнне як пакліканне, за якое пастаянна трэба быць удзячным Богу, таму служылі ўсім, былі ўсім даступныя. Слова “шчодрасць” ксёндз Юрый патлумачыў наступным чынам: Косма і Дам’ян кіраваліся як матывам любові да хворых, так і абавязкам лячыць іх. Кажучы пра бескарыслівасць, ён адзначыў: “Яны ўвайшлі ў гісторыю медыцыны як тыя, хто не браў грошай за лячэнне, сцвярджалі, што іх медыцынскія навыкі — дар ад Бога, і тое, што чалавек атрымлівае бясплатна, трэба таксама бясплатна даваць”. Таму, дадаў святар, Косма і Дам’ян з’яўляюцца прыкладам таго, як быць даступнымі для людзей, шчодрымі і бескарыслівымі, не баяцца тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. “Тады наша жыццё і свет вакол нас будуць лепшымі”, – сказаў святар і пажадаў, каб нябесныя апекуны астравецкай парафіі дапамагалі сучасным людзям несці ў свет міласэрнасць.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол парафіяльнай святыні. Затым вернікі павіншавалі біскупа з днём нараджэння, які ён адзначаў нядаўна.

“Дзякуй за гэты цудоўны Касцёл, які вы ўтвараеце ў сваёй парафіі”, – сказаў у адказ іерарх, а таксама выказаў падзяку за віншаванні і малітвы ў яго інтэнцыі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі