Skip to main content

У Ваверцы адзначылі з удзелам біскупа Андрэя Зноскі свята ўраджаю

wawerka 34

31 жніўня парафія Перамянення Пана ў Ваверцы (Лідскі дэканат) адзначыла “дажынкі”. Імшу ў парафіяльнай святыні цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.

“Дажынкі”, свята ўраджаю, мясцовыя вернікі ладзяць у сваім старадаўнім касцёле ў апошнюю нядзелю лета ўжо чвэрць стагоддзя.

На літургіі сабраліся шматлікія парафіяне і госці, сярод якіх былі працаўнікі сельскай гаспадаркі і кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Біскупа прывітаў у брамах касцёла пробашч кс. Андрэй Роўба CRL, a ў самім касцёле – прадстаўнікі парафіяльнай рады і старшыня сельсавета.

wawerka 42

Імшу іерарх цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіі і ў знак падзякі Богу за дар ураджаю.

У гаміліі біскуп звярнуў увагу на працу земляробаў, адзначыў, што яны прыкладаюць вялікія старанні, клапоцячыся аб тым, каб у кожным доме быў хлеб на стале.

“Я мару, каб на нашай цудоўнай, урадлівай, Богам благаслаўлёнай зямлі ніхто не саромеўся казаць, што ён з вёскі, што жыве і працуе на зямлі”, – сказаў іерарх.

У межах літургіі адбылася працэсія да алтара з дарамі: земляробы, кіраўнікі прадпрыемстваў, пенсіянеры, моладзь прынеслі 15 вялікіх боханаў.

У канцы Імшы боханы былі падзелены паміж прысутнымі. “Гэта было вельмі красамоўна і знакава, – паведамляюць нам. – Святыня напоўнілася духмяным водарам свежаспечанага хлеба. Многія бралі кавалачкі хлеба дадому, каб занесці пажылым і хворым людзям”. Два боханы былі адвезены ў шпіталь і ў дом састарэлых.

Біскуп, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, заахвоціў: “Беражыце свае традыцыі, любіце сваю Бацькаўшчыну, дзякуйце Богу за Яго любоў да нас!”

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі