З 23 па 26 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) адбудзецца курс хрысціянскага жыцця “Cursillo”. У Беларусі сёлета ён пройдзе ў чацвёрты раз.
“Cursillo” (з ісп. Сursillo de cristiandad, “Маленькі курс хрысціянскага жыцця”) – інтэнсіўны трохдзённы курс, які не мае навуковага характару і не з’яўляецца тым, што называюць рэкалекцыямі. Курс дае магчымасць разгледзець фундаментальныя тэмы хрысціянства і хрысціянскага ладу жыцця, паразважаць над тым, якім павінен быць хрысціянін ХХІ стагоддзя ў штодзённым жыцці.
Курс складаецца са сведчанняў жыццёвага досведу звычайных людзей, на аснове чаго праходзяць дыскусіі ў невялікіх групах. Сведчанні і абмен меркаваннямі чаргуюцца з песнямі, размовамі, перапынкамі і малітвай.
Курс прапануецца ўсім, хто хоча сур’ёзна зірнуць на сябе, сваё жыццё, адносіны з іншымі людзьмі і Богам. Запрашаюцца перш за ўсё тыя, хто не браў удзел у сістэматычнай катэхізацыі. Вернікі Праваслаўнай Царквы таксама могуць удзельнічаць у курсе. Узрост удзельнікаў – ад 18 гадоў.
Пачатак у чацвер 23 кастрычніка вечарам.
Папярэдні запіс абавязковы, запісвацца па тэлефоне:
+375 29 589 52 89 – ксёндз Міхал Васількевіч