Skip to main content

Слова Жыцця

22 чэрвеня – каментарый да другога чытання на ХІІ Звычайную нядзелю (Гал 3, 26–29)

Апрануцца “ў Хрыста”

У Лісце да Галатаў чытаем словы апостала Паўла: “Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся” (Гал 3, 27). Гэты радок добра знаёмы нам, яго часта выкарыстоўваюць святары ў казаннях.

Ва ўсходняй традыцыі спеў “Усе вы, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся!” гучыць на вялікія ўрачыстасці – Раство, Богаз’яўленне (калі згадваецца хрост Госпада), Вялікдзень. У старажытнасці ў гэтыя святы прымалі хрост тыя, хто праходзіў доўгую падрыхтоўку. Сёння спеў-парафраза слоў апостала Паўла – нагода ўсім хрысціянам нанова асэнсаваць значэнне свайго хросту, які, магчыма, прымалі ў не зусім свядомым узросце.

Часам даводзіцца чуць (альбо нават задаваць сабе) пытанне: “Чаму, нягледзячы на тое, што апрануліся ў Хрыста, для іншых альбо нават для нас саміх гэта застаецца незаўважным?”. Насамрэч, нашае апрананне “ў Хрыста” часта не кідаецца ў вочы староннім, і самі часам не заўважаем гэтага. Але, можа, варта нам прыглядзецца і ўбачым, што ў нейкай сітуацыі не раззлаваліся, не падманулі, не ўзялі таго, што “кепска ляжыць”... Гэтыя малыя дзеянні незаўважныя, бо мы так прызвычаіліся быць хрысціянамі, што лічым падобныя паводзіны натуральнымі. На самой справе гэта Божая ласка, якую атрымалі праз хрост, і яна дзейнічае ў нас.

Св. Базыль Вялікі пісаў: “Якое значэнне альбо сіла хросту? Ахрышчаны змяняецца ў думках, словах і справах і паводле дадзенай яму сілы становіцца тым, з чаго нарадзіўся”. З моманту хросту атрымліваем права называцца Божымі дзецьмі, становімся членамі супольнасці Касцёла, аб якой клапоціцца сам Хрыстос.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду

слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

15 чэрвеня – каментарый да Евангелля на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (Ян 16, 12–15)

Таямніца веры

У імя Айца, Сына і Духа нам удзелены хрост. У імя Святой Тройцы святар у сакраманце паяднання адпускае чалавеку грахі. Такім жа чынам распачынаем і заканчваем св. Імшу. У імя Святой Тройцы пакідаем гэты свет, каб перайсці ў вечнае жыццё ў Ёй.

Найсвяцейшая Тройца спадарожнічае нам штодзень і з’яўляецца распазнавальным знакам кожнага хрысціяніна. Яна побач з намі, бліжэй, чым самі да сябе. Адначасова з’яўляецца неверагоднай Таямніцай, якой ніколі на зямлі не будзем у стане спасцігнуць і зразумець.

Таямніцу Святой Тройцы можна адкрыць “як бы праз імглу” ў кантэксце любові. Бог любіць свайго Адзінароднага Сына адвечнай, абсалютнай, бязмежнай любоўю. Глыбіня любові, якая існуе ў Богу, мае асабовае вымярэнне; гэта неспасціжны Дух. Любові для яе існавання патрэбна іншая асоба; маецца на ўвазе ўзаемнасць – без узаемнасці яна становіцца эгаізмам. Любоў хоча разлівацца далей, прасякаць усё. Таксама і любоў Бога хоча вылівацца вонкі, таму Найвышэйшы стварае свет, кліча да існавання чалавека, запрашае яго да інтымнага сяброўства.

Сляды Любові знаходзім у нашым жыцці – у любові мужчыны і жанчыны ды ў плодзе гэтай любові, дзіцяці. Аднак гэта толькі цень, вельмі слабы вобраз безумоўнай, абсалютнай, бязмежнай любові Бога. У канчатковым выніку “ўсе нашы крыніцы ў Ім” (Пс 36) i “ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём” (Дз 17, 28).
Езус Хрыстус стаўся чалавекам, каб наблізіць нас да таямніцы Святой Тройцы. Кожны хрысціянін пакліканы і запрошаны ўзяць удзел у вечнай Божай гасціне любові.

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду

слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Генеалагічны пошук у XVIII стагоддзі і раней

У ВКЛ існавала комплексная сістэма падзелу, заснаваная на феадальных традыцыях. Землі дзяліліся на ваяводствы, паветы, маёнткі, графствы і г. д. Кожная адміністрацыйная адзінка мела свае асаблівасці кіравання і судовую сістэму. Пошук генеалагічнай інфармацыі ў гэтым кантэксце патрабуе звароту да спецыфічных фондаў – эканамічных, фамільных або магнацкіх і інш.

Большасць сельскіх храмаў у Беларусі з 1596 года па 30-я гады XIX стагоддзя былі ўніяцкімі (грэка-каталіцкімі). Гэта значыць, што дакументы, звязаныя з касцёльным жыццём, захоўваюцца ва ўніяцкіх фондах архіваў, а часам і ў каталіцкіх (самыя раннія ўніяцкія метрычныя кнігі ў беларускіх архівах датуюцца пачаткам XVIII стагоддзя, а каталіцкія – 1660-мі гадамі).

Якія нашы дзеянні ў вывучэнні радаводу за XVIII стагоддзе і раней?

Шукаем даследчыкаў і краязнаўцаў, якія працавалі па нашай мясцовасці, або прозвішчы, знаёмімся з іх вопытам пошуку патрэбнай для нас інфармацыі. Напрыклад, даследчык Аляксандр Кенда працуе па сучасным Бярозаўскім раёне і, у прыватнасці, па мясцовасці Малеч ды наваколлях.

Паралельна шукаем інфармацыю па тэме ў інтэрнэце: мноства дакументаў выкладзены ў адкрыты доступ. Напрыклад, у сеціве можна знайсці дакументы Гродзенскай і Кобрынскай эканоміі, пушчаў і лясоў, акты Віленскай археаграфічнай камісіі, дэкрэты Галоўнага літоўскага трыбунала (1583–1655), падымныя тарыфы па асобных ваяводствах ВКЛ, крыжапрыводную кнігу шляхты ВКЛ 1655 г., летапісы і хронікі, зборнікі тэстамантаў (завяшчанняў), гербоўнікі ды спісы шляхты і ўраднікаў ВКЛ і г. д.

Вывучаем гісторыю шукаемай мясцовасці. Даведваемся, у якім годзе быў пабудаваны храм (ад гэтай даты адштурхоўваемся ў пошуках метрычных кніг). Канфесійныя дакументы за XVIII стагоддзе па Беларусі могуць захоўвацца ў архівах і бібліятэках Мінска, Гродна, Пецярбурга, Вільнюса, Львова, Кіева.

Вывучаем паказальнік Спрогіса і перакладную табліцу Гарбачэўскага. Даведаемся, якая колькасць дакументаў (інвентароў, люстрацый, мер і інш.) існавала па шукаемай мясцовасці да канца XIX стагоддзя. Спрабуем знайсці згаданыя ў даведніках дакументы ў архівах і бібліятэках Мінска, Вільнюса, Варшавы, Кракава.

Вывучаем дакументы гарадскіх, падкаморскіх і земскіх судоў у архівах і бібліятэках Мінска, Вільнюса, Варшавы, дзе могуць трапіцца, калі пашанцуе, судовыя справы вашых продкаў, дароўныя дакументы, пастановы і г. д.

Сярод найбольш значных крыніц для даследчыкаў сямейнай гісторыі з’яўляецца Літоўская метрыка – унікальны збор дакументаў, які ахоплівае перыяд з XIV па XVIII стагоддзе. Яна ўключае ў сябе судовыя акты, граматы, зямельныя дакументы, перапісы і іншыя гістарычна значныя матэрыялы. Літоўская метрыка служыць найважнейшай крыніцай для вывучэння гісторыі і генеалогіі не толькі беларускіх, але і літоўскіх, і польскіх зямель. Найважнейшая частка гэтага збору захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў, а таксама ў Архіве старажытных актаў у Варшаве і Літоўскім гістарычным архіве.

Генеалагічны пошук на беларускіх землях XVIII стагоддзя і раней патрабуе комплекснага падыходу. Неабходна ўлічваць гістарычны кантэкст, спецыфіку адміністравання, асаблівасці канфесійнай прыналежнасці, а таксама актыўна ўзаемадзейнічаць з мясцовымі даследчыкамі і выкарыстоўваць разнастайныя архіўныя калекцыі, напісаныя ў састарэлай форме на розных мовах. Усё гэта дазволіць адкрыць унікальныя гарызонты ў генеалогіі, узнавіць карціну жыцця продкаў, іх сацыяльныя сувязі і культурныя карані.

Аляксей Білецкі

слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Хуткая дапамога: з Богам і жаданнем дапамагаць

Служба хуткай медыцынскай дапамогі працуе ў кругласутачным рэжыме, з’яўляецца даступнай для ўсіх. Яе галоўная мэта – барацьба за жыццё чалавека.

Дзень медыцынскага работніка адзначаецца ў Беларусі ў трэцюю нядзелю чэрвеня, сёлета – 15 чэрвеня.

Праца фельчараў хуткай дапамогі вельмі насычаная, часам непрадказальная і нялёгкая. Пры гэтым месца для радасці і веры ў Бога ў ёй таксама ёсць. Сваім сведчаннем дзеляцца фельчары з розных куткоў Гродзеншчыны.

У Каталіцкім Касцёле заступнікамі службы аховы здароўя лічацца св. Лука Евангеліст, св. Юда Тадэвуш, а таксама св. Арханёл Рафал.


Павел Глякоўскі, 22 гады

Аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі, пост “Поразава”

Фельчарам выязной брыгады працую ўжо амаль тры гады. Чаму пайшоў у медыцыну? Да канца сам не ведаю. Хутчэй за ўсё, справа ў тым, што гэтая праца звязана з дапамогай людзям, ратаваннем жыццяў, ды і дома ўрачэбныя веды заўсёды патрэбныя. Калі хтосьці чуў, што я збіраюся ў медыцыну, гаварыў, што буду вельмі добрым медыкам, таму што магу палячыць не толькі лекамі, але і, перш за ўсё, словам.

У працы хапае ўсяго! Як мы, медыкі, кажам паміж сабою, раз на раз не прыходзіцца. Цяпер шмат розных людзей, стараемся адносіцца да кожнага, як да сябе – з павагай, з любоўю; стараемся дапамагчы чым-небудзь. Прыемна, калі і людзі, да якіх прыязджаеш, вітаюць і віншуюць са святамі. Бывае, заўважаю, як бабуля трымае ружанец у руцэ...

Не сумняваюся, што Бог дзейнічае і праз нас на людзей, і праз людзей на нас. Канешне, ёсць моманты, калі не разумееш, чаму адбылося так, а не інакш. У першую чаргу, гэта цяжкія хваробы ў дзяцей або калі маладыя людзі, можна сказаць, на руках адыходзяць. Вельмі сумна, калі ты рабіў усё, што мог, але гэта не ўратавала. І тады заўсёды паўстае пытанне: “Чаму?”.

Аднак калі мы сустракаем штосьці складанае і асабліва сур’ёзнае, то заўсёды звяртаемся да Бога за дапамогай. Тады сапраўды лягчэй перажываць цяжкасці.

Таксама і ў сітуацыях, калі ўжо зрабіў усё, што было магчыма, аддаеш Богу астатняе, каб Ён пакіраваў гэтай справай…


Ганна Троска, 48 гадоў

Гродзенская абласная станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, пост “Індура”

Працаваць фельчарам на хуткай я пачала амаль адразу пасля вучобы ў Жалудоцкім медыцынскім вучылішчы 28 гадоў таму. Дапамагаць іншым марыла з самага дзяцінства.

Камунікаваць з людзьмі нялёгка ў любой прафесіі, а нездаровыя людзі ў асаблівасці патрабуюць больш увагі, падтрымкі, клопату, ласкi, добрых слоў. За сваю прафесійную дзейнасць я аказвала дапамогу ў розных хваробах, траўмах, прымала роды. Нараджэнне дзіцяці лічу найвялікшым цудам.

У выкананні асабістых абавязкаў, у працы калег мне часта даводзіцца назіраць неверагодную моц і прысутнасць самога Бога. А вось як гэта працуе, нельга перадаць словамі... Не разгубіцца ў складанай сітуацыі, дапамагчы згодна з пратаколамі лячэння, паставіць папярэдні дыягназ, даставіць у бальніцу, дзе пацыентамі будуць займацца вузкія спецыялісты, – усё гэта няпроста, а момантамі і вельмі складана.

Часта жыццё канкрэтнай асобы залежыць ад нашых ведаў, аператыўных дзеянняў, здольнасцей. Але, на жаль, не заўсёды мне і маім калегам удаецца выратаваць жыццё чалавека, і на гэта воля Бога. Вера мяне вельмі падтрымлівае.


Мілена Пушкевіч, 20 гадоў

Гродзенская абласная станцыя хуткай медыцынскай дапамогі

Медыцыну я выбрала спантанна, але падчас вучобы зразумела, што хачу дапамагаць людзям. За паўтара года працы на хуткай усвядоміла, што фельчар з’яўляецца менавіта той прафесіяй, якой хачу прысвяціць усё сваё жыццё. Я хачу быць побач з людзьмі ў складаныя і цяжкія хвіліны.

Радасці ў маёй працы шмат. Перш за ўсё, яна ў тым, калі бачыш, што дапамог чалавеку, што ад тваіх дзеянняў яму стала лепш і ён шчыра ўдзячны. Заўжды становіцца вельмі цёпла на душы ад гэтага.

Але здараецца і наадварот. Аднойчы мы прыехалі на выклік да маладога мужчыны, які ўжо быў без прыкмет жыцця. Пачалі рэаніміраваць, аднак уратаваць яго ў нас не атрымалася. Так, на ўсё воля Божая, і не заўсёды ўсё ў тваіх руках... У той момант у маёй галаве ўзнікла шмат пытанняў, было неразуменне, чаму Госпад забірае дастаткова маладых людзей…

Узгадаю і адваротную сітуацыю, калі я выразна адчула дзеянне Бога, Яго дапамогу. Неяк мы везлі на хуткай пацыента ў крытычным стане. Вельмі цешыліся, што ў стацыянар даставілі гэтага чалавека жывым, бо ў яго не было ніякіх шансаў, ніякіх… Пасля я даведалася, што мужчына выжыў і на сваіх нагах вярнуўся дадому. Для мяне гэта было вялікай радасцю. Менавіта ў той момант адчула каля сябе сапраўдную прысутнасць Бога.

Падрыхтавала Кацярына Паўлоўская

слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці 2025: “Пілігрымы надзеі”

Каля 1500 хлопцаў і дзяўчат з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся пры касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне на супольную малітву і забавы.

Галоўная мэта Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці – духоўная фармацыя і інтэграцыя маладога пакалення.

Маленькія пілігрымы

З самага ранку каля касцёла людна. Прыязджаюць групы з парафій – і тэрыторыя вакол святыні запаўняецца рознакаляровымі дыванкамі і звонкім смехам. Малеча перабірае каменьчыкі каля фігуры Пана Езуса, старэйшыя знаёмяцца, размаўляюць.

Свята распачынаецца св. Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Як адзначыў у гаміліі іерарх, “усе мы знаходзімся ў дарозе” і “павінны кіравацца не матэрыяльнымі каштоўнасцямі, а духоўнымі”: “Мы пакліканы быць на шляху да Бога, бо Ён – наша надзея, праўда і шчасце”.

Сёлета Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці адметны тым, што праходзіць у Юбілейны 2025 год, дэвіз якога – “Пілігрымы надзеі”. “Тэма пілігрымавання вельмі блізкая дзецям, – сцвярджае галоўны арганізатар і адказны за мерапрыемства кс. канонік Юрый Марціновіч. – У летні час маленькія вернікі прымаюць удзел у пешых паломніцтвах, праз духоўныя практыкаванні ў дарозе набліжаюцца да Бога, вучацца любіць адзін аднаго. Спадзяёмся, што і гэтая сустрэча пакіне след у сэрцах юных удзельнікаў”.

У віхуры падзей

Направа пойдзеш – творчую майстэрню знойдзеш, налева крочыш – вышэй галавы скочыш. Танцы, гульні, шоу эксперыментаў і мыльных бурбалак, аніматары, фотазона… На свяце не засумаваць! Вось хлопцы рэжуцца ў настолкі, а непадалёк дзяўчаты плятуць косы і размаўлёваюць пасмы валасоў.

Каля надзіманых атракцыёнаў доўгія шэрагі дзяцей, а ў касцёле кожныя 15 хвілін для парафій вызначаны час для адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. “Як сабраць дзяцей?” – з усмешкай у натоўпе пытаецца сястра.

Відаць, што хлопчыкам і дзяўчынкам, якія працяглы час стаяць у чарзе на спякоце, не хочацца адыходзіць і пакідаць сваё месца. Няўжо марна стаялі? Але спакойны і разважны голас святара запэўнівае маленькіх парафіян пайсці ў касцёл і прысвяціць час Богу, а затым вярнуцца, каб працягваць весяліцца.

Неўзабаве надзіманую горку на некаторы час спусцілі, каб не адцягваць астатніх ад малітвы, а дзеці, якія пакорліва пайшлі за сваім пробашчам, па вяртанні з адарацыі апынуліся ў чарзе аднымі з першых. Плён паслухмянасці і даверу праявіўся на вачах!

У адным з шатроў дэкаруюць глазурай пернікі, у другім робяць цацкі, далей – малююць, лепяць і вырабляюць сувеніры з паперы. Многія хацелі б пакінуць штосьці на памяць або завесці падарунак блізкім, сябрам.

Хлопчык гадоў чатырох старанна нашмароўвае клеем загатоўку. Мама дапамагае яму сабраць выраб і разам у іх атрымліваецца прыгожы ліхтарык. Як тлумачаць у творчай майстэрні, гэта сімвал надзеі.

– Мам, а ліхтарык з падсветкай? – пытаецца хлопец.

Жанчына ўсміхаецца і лагодна адказвае:

– Яго падсвечвае тваё сэрца…

Кліча душа

“Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці для мяне асаблівы дзень, – дзеліцца Святлана Статкевіч. – Я ўдзельнічаю ў ім амаль з самага пачатку: спярша дзіцём, якое прыходзіла забаўляцца, потым падлеткам, які выступае на сцэне, а зараз, стаўшы дарослай, як валанцёр. У гэтым годзе мне даручылі незвычайную ролю – фатографа. Назіраць за эмоцыямі ўдзельнікаў мерапрыемства – адно задавальненне: бачыш іх шырокія ўсмешкі, ззяючыя вочы… На мой погляд, Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – гэта не проста свята, а магчымасць зрабіць яшчэ адзін крок насустрач Богу і іншаму чалавеку”.

Паліна Завацкая дапамагала на Дыяцэзіяльным дні дзіцяці ў якасці валанцёра ў мінулым годзе, вырашыла прапанаваць сваю дапамогу і сёлета. “Такія святы аб’ядноўваюць і валанцёраў, і дзяцей, і дарослых, нягледзячы на тое, што свята дзіцячае”, – гаворыць дзяўчына.

Вераніка Жукоўская таксама не ўпершыню ўдзельнічае ў мерапрыемстве як валанцёр, бо, прызнаецца, ведае, як моцна дзеці чакаюць гэты дзень. “Для мяне быць валанцёрам – гэта пакліканне і шчасце, бо я стала членам вялікай сям’і, якая збіраецца кожны год, каб падрыхтаваць для дзяцей штосьці асаблівае”, – адзначае яна.
Па словах дзяўчыны, за арганізацыяй свята стаіць вялікая каманда людзей, якія прадумваюць усё да дробязей: “Наша агульная мэта – каб кожны ўдзельнік знайшоў сабе занятак па душы і правёў гэты незабыўны час разам з Богам”.

Кс. Юрый Марціновіч адзначае, што сёлета ў падрыхтоўку да свята ўключылася каля сотні валанцёраў з розных гродзенскіх парафій. Святар шчыра дзякуе кожнаму з іх за нераўнадушша і асабісты ўклад у справу на карысць Касцёла.

Ты – дзецям, дзеці – табе

“Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – гэта магчымасць набрацца досведу працы з дзецьмі, – заўважае Дзіяна Валошына. – Кожны па-свойму ўнікальны і да кожнага патрэбен асаблівы падыход. З-за гэтага я насамрэч і вырашыла дапамагчы на свяце, бо мая будучая прафесія звязана з дзецьмі”. Дзяўчына дадае, што ўдзельнікі, гледзячы на валанцёраў, жадаюць быць падобнымі, паўтараюць іх дзеянні: “Ды і ўвогуле, паказваючы прыклад дзецям, мы самі вучымся, становімся бліжэй да Бога”.

“Пабыўшы з дзецьмі, я забылася аб усіх сваіх праблемах і абавязках, – дзеліцца Крысціна Цыбульская. – Цэлы дзень танчыла, скакала і смяялася. Прыехаўшы дадому, зразумела, што атрымала 100% зарадкі ад дзяцей. Гэта той зарад любові і дабрыні, які, напэўна, патрэбны кожнаму чалавеку”.

Юлія Фрэйбергс прызнаецца, што была прыемна ўражана той атмасферай радасці і цеплыні, якая панавала на мерапрыемстве: “Мы адчувалі сябе часткай вялікай і важнай справы – дарыць дзецям свята, каб пакінуць у іх душы незабыўныя ўражанні”. Па яе словах, Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – гэта не проста забавы, гэта магчымасць адчуць сябе любімым і патрэбным: “Усё было накіравана на тое, каб кожнае дзіцё зразумела, што яно асаблівае і важнае”.

“Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – выдатнае свята, прысутнасць на якім дапамагае хлопцам і дзяўчатам лепш зразумець і адчуць сваю веру, развіць духоўнасць, заахвоціць да добрых учынкаў і любові да бліжняга, а яшчэ весела правесці час і знайсці новых сяброў”, – адзначае Ганна Алізаровіч, мама Ангеліны. На яе погляд, удзел у свяце дзяцей разам з бацькамі можа стаць добрай сямейнай традыцыяй.

Падобнай думкай дзеліцца і арганізатар мерапрыемства кс. Юрый Марціновіч: “Хацелася б, каб гэтае свята перарасло ў сапраўднае свята сем’яў нашай дыяцэзіі, удзел у якім будуць прымаць розныя пакаленні. І аб’ядноўваць усіх будуць не толькі забавы, але галоўным чынам малітва”. Па словах святара, такая прысутнасць вернікаў дасць магчымасць убачыць будучыню Касцёла, упэўніцца, што ён будзе далей узрастаць і развівацца.

Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці ўпершыню быў арганізаваны ў пачатку чэрвеня ў 2011 годзе. Сёлета свята прайшло ў 11-ты раз. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Ангеліна Пакачайла

слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Духоўныя цэнтры Беларусі

У Беларусі распрацоўваецца праграма па стварэнні духоўных цэнтраў, якія стануць пляцоўкамі для культурнага абмену, сацыяльных ініцыятыў і ўмацавання міжканфесійнага міру. Як падкрэсліў на нядаўняй сустрэчы з кіраўнікамі асноўных рэлігійных канфесій Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, вызначэнне і развіццё такіх цэнтраў паслужыць яшчэ адным умацавальным падмуркам беларускага грамадства.

У Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і веравызнанняў, сярод якіх Праваслаўная Царква, Рыма-каталіцкі Касцёл, пратэстанцкія рэлігійныя арганізацыі, іудзейскія рэлігійныя аб’яднанні, мусульманскія рэлігійныя супольнасці і інш.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе

Адзін з чатырох касцёлаў у Беларусі, які носіць тытул малой базілікі. З’яўляецца цэнтральным месцам каталіцкага пілігрымавання ў нашай краіне. Штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня ў гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў старажытнай святыні ХVII стагоддзя, ладзіцца фэст, на які з’язджаюцца вернікі з усёй Беларусі, а таксама госці з-за мяжы. У 2018 годзе Будслаўскі фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр

Адзін з галоўных цэнтраў Беларускай Праваслаўнай Царквы і найбуйнейшых у краіне архітэктурных ансамбляў XVII–XVIII стагоддзяў. Узнік на месцы, дзе, паводле падання, у 1470 годзе цудоўным чынам з’явілася ікона Маці Божай, названая Жыровіцкай. Сёння рэліквія ўваходзіць у сотню самых шанаваных святынь праваслаўнага свету.

З-пад Успенскага сабора – галоўнай святыні на тэрыторыі манастыра – б’е гаючая крыніца, якая ўзнікла, па легендзе, пры выяўленні іконы.

Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр у Полацку

Адзін з найстаражытнейшых і найбуйнейшых цэнтраў праваслаўя ў Беларусі. На яго тэрыторыі размяшчаюцца Спаса-Праабражэнская царква, Свята

Ефрасіннеўская царква, Крыжа-Узвіжанскі сабор, а таксама сястрынскія карпусы, духоўна-асветніцкі цэнтр і гасцініцы для паломнікаў.

Манастыр заснаваны ў 1125 годзе князёўнай Ефрасінняй Полацкай, якая шануецца як нябесная заступніца беларускай зямлі. Гэта першая жанчына на Русі, кананізаваная Праваслаўнай Царквой, і першая беларуская святая.

Іўеўская мячэць

Найстаражытнейшая мячэць на тэрыторыі Беларусі. Была пабудавана ў 1882 годзе на сродкі тагачанай уладальніцы мястэчка графіні Эльвіры Замойскай (дарэчы, каталічкі). Даследчыкі адносяць будынак да помнікаў архітэктуры, у якіх выявіліся традыцыі народнага дойлідства.

Іўеўская мячэць была адзінай на тэрыторыі Беларусі, якая дзейнічала ў савецкі час. За сваю амаль паўтаравекавую гісторыю яна ніводнага разу не закрывалася.

Бабруйская сінагога

Пабудавана ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя, належала іудзейскай абшчыне. У 1937 годзе святыню перарабілі пад склад зброі, падчас вайны будынак згарэў. У 1946 годзе яго аднавілі, але толькі ў 2002 гарадскія ўлады перадалі ўласнасць яўрэйскай абшчыне.

Унікальнасць бабруйскай сінагогі – у свяшчэннай іудзейскай кнізе Тора, якая захоўваецца ў святыні. Для яе з Украіны быў прывезены каўчэг. У сінагозе некалькі разоў на тыдзень праводзяцца заняткі па вывучэнні Торы, традыцый і законаў яўрэяў.

Падрыхтавала Ангеліна Пакачайла

слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Кангрэгацыя Рэгулярных Латэранскіх Канонікаў Найсвяцейшага Збавіцеля – канонікі рэгулярныя

Кангрэгацыя Рэгулярных Латэранскіх Канонікаў Найсвяцейшага Збавіцеля, або Рэгулярныя латэранскія канонікі (Canonici Regulares Lateranenses – CRL) – адна з кангрэгацый ордэна рэгулярных канонікаў св. Аўгусціна. Першапачатковай асновай канонікаў былі стыхійна ўзнікаючыя з IV стагоддзя аб’яднанні каталіцкіх святароў. Гэтыя аб’яднанні дыяцэзіяльнага духавенства, мэтай якіх была сумесная душпастырская дзейнасць, якія падпарадкоўваліся мясцоваму біскупу. У 1059 годзе на Латэранскім саборы адбылася рэформа кананічнага права, якая дазваляла фарміраваць новыя касцёльныя аб’яднанні. Гэты год лічыцца афіцыйнай датай узнікнення латэранскіх канонікаў. Раней кананічна непрызнаныя аб’яднанні дыяцэзіяльнага духавенства сталі фарміраваць сваё духоўнае жыццё паводле Статута св. Аўгусціна.

У 1105 годзе група каталіцкіх святароў адкрыла парафію на Латэране, вакол якой стала фарміравацца першая супольнасць манаскай Кангрэгацыі латэранскіх канонікаў. У XIII–XIV стагоддзях у розных дыяцэзіях Рыма-каталіцкага Касцёла існавалі шматлікія неаб’яднаныя паміж сабой групы дыяцэзіяльных святароў. У 1544 годзе папа Пій IV прызнаў супольнасць у Латэране прыкладам для астатніх груп дыяцэзіяльных святароў. З гэтага года пачалося паступовае злучэнне ў адзіную структуру незалежных аб’яднанняў дыяцэзіяльных святароў, якая стала называцца Кангрэгацыяй Рэгулярных Канонікаў св. Аўгусціна.

25 мая 1959 года Апостальскім пасланнем Caritas Unitas папы Яна XXIII была ўтворана Канфедэрацыя канонікаў, якая аб’ядноўвае розныя групы святароў, што называюць сябе канонікамі. Кангрэгацыя належыць да Кананічнага Ордэна, у якім аб’яднаны розныя манаскія сем’і.

Дэвіз: “Адно сэрца і адна душа”.

Харызму Кангрэгацыі можна апісаць словамі св. Аўгусціна: “Асноўнай прычынай, па якой вы сабраліся разам, з’яўляецца тое, каб вы аднадушна жылі ў доме і мелі адну душу і адно сэрца, звернутае да Бога”.

Латэранскія канонікі складаюць Богу тры абяцанні, якія закліканы дапамагчы ў здабыцці цноты святасці: паслушэнства, чыстасць і супольнае жыццё без уласнасці.

Сілы для пастырскай працы яны чэрпаюць з супольнай і індывідуальнай малітвы, а таксама імкнуцца сачыць за прыгажосцю здзяйсняемай літургіі. У пастырскай дзейнасці займаюцца, у асноўным, надзённымі праблемамі парафіі, у якой служаць.

Духоўнасць Кангрэгацыі абапіраецца на наследаванні Хрыста і мае ярка выражаны хрыстацэнтрычны характар. Асаблівае важнае стаўленне да евангельскіх рад і давераных абавязкаў, а таксама глыбокая духоўная інспірацыя ў вядзенні парафіяльнага душпастырства з’яўляюцца для латэранскіх канонікаў шляхам рэалізацыі паклікання і святасці.

Святы заступнік – св. Аўгусцін, успамін якога адзначаецца 28 жніўня.

Строй: чорная сутана з пелярынай, якая апранаецца ў паўсядзённыя дні, і белая сутана, якую латэранскія канонікі апранаюць у святочныя і нядзельныя дні.

Генеральны абат – кс. Эдуарда Парысотта CRL.

У свеце сёння налічваецца каля 230 рэгулярных латэранскіх канонікаў, сярод якіх 2 біскупы і 175 прэзбітэраў, якія служаць у 12 краінах свету. У Беларусі ксяндзы Кангрэгацыі прысутнічаюць з 1995 года. Сваю паслугу нясуць у Вавёрцы (Гродзенская дыяцэзія).

За гады служэння рэгулярных латэранскіх канонікаў у нашай краіне нарадзілася 2 пакліканні.

Аляксей Гальчэня

слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Адважны і клапатлівы

Асоба св. Яна Хрысціцеля – цудоўны прыклад для нас, вучняў Езуса ў ХХІ стагоддзі. Павінны быць, як прарок, “голасам, які кліча ў пустыні”.

Урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля адзначаецца ў Касцёле 24 чэрвеня.

Зачацце Яна Хрысціцеля наступіла, калі разважаць па-чалавечы, у немагчымых абставінах. Яго бацькі Альжбета і Захарыя знаходзіліся ў пажылым узросце. Аднак менавіта на іх павінна было споўніцца прадказанне Арханёла Габрыэля, які наведаў дом сужэнцаў. Гэта суправаджалася сумненнямі Захарыі (з-за чаго ён да нараджэння сына страціў мову) і сорамам Альжбеты (да пятага месяца яна хавала бласлаўлёны стан). Пасля нараджэння сына – насуперак прынятаму звычаю даваць імя продка – яго назвалі Ян.

Калі Ян вырас, то пайшоў у пустыню, каб падрыхтавацца да найважнейшай місіі свайго жыцця. Ён быў апошнім прарокам Старога Запавету і пакліканы быў прыгатаваць выбраны народ да прыйсця Месіі. Рабіў гэта, заклікаючы да навяртання і перамянення сэрца. Знешнім знакам такой трансфармацыі павінен быў стаць хрост, прыняты ў Ярдане.

Сярод усіх тых слухачоў, якія ахвотна прыходзілі да Яна Хрысціцеля, быў і Езус. Калі Збаўца толькі наблізіўся да Яна, той указаў на Яго, кажучы, што гэта “Божы Баранак”. Прарок першым указаў вучням, а таксама мноству людзей, што Езус – чаканы стагоддзямі Месія.

Ян Хрысціцель таксама вельмі клапаціўся аб непарыўнасці сужэнства. Выразнай з’яўляецца гісторыя Ірада, які ажаніўся з Ірадыядай, жонкай свайго брата. Ян дакараў яго за гэта, за што і быў зняволены. Сам Ірад адчуваў страх перад Янам, але Ірадыяда жадала яго смерці. Нагода здарылася падчас святкавання імянін Ірада, і Яну Хрысціцелю адсеклі галаву. Ён прыняў мучаніцкую смерць у абарону святасці і непарыўнасці сужэнства.

У сённяшнім свеце бракуе месца для Бога. Сучаснага чалавека прыцягвае імкненне да ўлады, жаданне хуткага ўзбагачэння. У гэтым няма ніякіх прынцыпаў, маральных норм. У такой рэчаіснасці сучасны хрысціянін, падобна Яну Хрысціцелю два тысячагоддзі таму, павінен прыпамінаць пра каштоўнасці, годныя ахрышчанага чалавека, каштоўнасці, якімі належыць кіравацца. Маецца на ўвазе тая вялікая справа, якую ў Касцёле называем евангелізацыяй, новай евангелізацыяй, – неабходнасць паказваць Езуса і весці да Яго.

Сёння мы сведкі распаду мноства шлюбаў, стварэння сужэнстваў без прысутнасці Бога і Яго бласлаўлення, вольных саюзаў. Разыгрываюцца шматлікія чалавечыя драмы, многія губляюць сваё шчасце. Наша задача – падтрымліваць людзей у такіх сітуацыях, тлумачыць ім праўду пра сапраўдныя адносіны, разуменне сужэнства, сям’і. Рабіць гэта можна добрым словам, малітвай, напамінам, просьбай аб пакаянні – гэта стаўленне “сучаснага Яна Хрысціцеля”.

Будзем жа прасіць Хрыста, які з’яўляецца крыніцай міру і шчасця, дапамагаць нам адважна здзяйсняць евангелізацыю і клапаціцца аб сужэнствах, якія трэба абараняць нястомна!

Кс. Юрый Марціновіч

слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Слова Рэдактара

Дарагія Чытачы!

Кожнае дзіця – скарб для чалавецтва і для Касцёла. У Евангеллі сказана: “Будзьце як дзеці” (параўн. Мц 18, 3). Гэта павінна пастаянна нагадваць нам аб неабходнай умове таго, каб увайсці ў Божае Валадарства: не лічыць сябе самадастатковымі, а ўсведамляць, што патрабуем дапамогі, любові, прабачэння.

Нядаўна адна з гродзенскіх парафій ужо ў 11-ты раз стала эпіцэнтрам дзіцячай радасці, малітвы і адзінства. Падзея, якая сабрала сотні дзяцей і моладзі, не толькі паказала сілу супольнасці, але і пацвердзіла, што Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці заняў сталае месца ў календары важных падзей мясцовага Касцёла.

Давайце ж маліцца за дзяцей нашай дыяцэзіі, каб, удзельнічаючы ў сакраментальным жыцці, яны адкрывалі і паглыблялі свае адносіны з Богам.

12 (656), 16 чэрвеня 2025, слова жыцця