20 ліпеня – каментарый да першага чытання на ХVI Звычайную нядзелю (Быц 18, 1–10а)
Пра нашы дары Богу
У кнізе Быцця чытаем пра з’яўленне Бога патрыярху Абрагаму. Старазапаветны герой бачыць Госпада пад выглядам трох мужчын ды з радасцю Яго прымае. Аднак паводзіны патрыярха могуць здавацца нам трохі дзіўнымі: ён не пытае Бога пра нешта важнае для сябе, а імкнецца, у першую чаргу, добра пачаставаць Яго. “Абрагам паспяшыў у шацёр да Сары і сказаў: «Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі». Потым Абрагам пабег да статка і, выбраўшы тоўстае і прыгожае цяля, даў слузе, каб той хутка яго прыгатаваў. Затым узяў масла і малако і прыгатаванае цяля і паставіў перад імі” (Быц 18, 6–8).
Вучоныя-біблеісты тлумачаць паводзіны патрыярха тагачаснымі законамі гасціннасці: падарожных, кім бы яны ні былі, належыць добра прыняць ды накарміць, а потым весці размовы. Прыклад Абрагама – добрая нагода паразважаць пра сваё служэнне Богу.
Тое, што мы робім для Бога (і як мы гэта робім) – малітва, пакаянне, учынкі міласэрнасці, – часам здаецца нам недастатковым і недарэчным. Напрыклад, св. Макар Вялікі, аўтар адной з ранішніх малітваў візантыйскай традыцыі, лічыць, што не зрабіў нічога добрага: “Божа, ачысці мяне, грэшнага, бо я ніколі не чыніў добрага перад Табою, але збаў мяне ад злога, і хай будзе ўва мне воля Твая…”. Такая пакора – каштоўная, але Божая любоў дапаўняе чалавечую нямогласць.
І Бог цэніць нашы намаганні паслужыць Яму, якімі б нязначнымі і недарэчнымі яны не здаваліся. Нехта, як Абрагам, прыносіць Госпаду канапку з маслам і малако, калі частуе падарожных; нехта – малітву, калі просіць за грэшнікаў; нехта – пакаянне, калі, як св. Макар, бачыць свае правіны і адкрывае перад Богам поўнае скрухі сэрца.
Бог прыняў пачастунак Абрагама, і патрыярх атрымаў тое, пра што марыў, – сына-спадкаемцу. Спадзяёмся, і нашы сціплыя дары Госпад прыме, і атрымаем галоўны Яго дар – збаўленне.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду