Нацыянальнасць у генеалогіі – гэта ідэнтыфікуемая прыналежнасць чалавека да пэўнай народнасці, этнасу ці згоды людзей з агульным культурным, моўным, гістарычным або дзяржаўным кантэкстам.
Нацыянальнасць шмат у чым з’яўляецца пытаннем самаідэнтыфікацыі, асабліва ў беларускім кантэксце, дзе мультыэтнаканфесійныя межы фарміраваліся пад уплывам суседніх культур і палітычных рэжымаў, з улікам змены адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення і г. д. Пры даследаванні архіўных дакументаў трэба аналізаваць, што іменна мелася на ўвазе пад словам “нацыянальнасць” у канкрэтным выпадку, як правільна трактаваць запісы ў крыніцах: было гэта рэальнае самавызначэнне чалавека або адміністрацыйнае патрабаванне, – улічваць кантэкст эпохі і рэгіянальныя практыкі фіксацыі.
Дакументы, якія ўтрымліваюць звесткі пра нацыянальнасць:
дакументы ЗАГС, у прыватнасці пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, змене імя і прозвішча, пашпарта і інш.;
справы на рэпрэсаваных, ссыльных, раскулачаных, рэпатрыяваных і г. д.;
пагаспадарчыя, дамавыя кнігі, асобныя зямельныя дакументы і рэгістры;
даныя перапісаў: усесаюзнага, усерасійскага, сельскагаспадарчага, гарадскога, школьнага і г. д.;
справы судоў, адвакацкія і натарыяльныя дакументы;
дакументы генеральнай, акруговай, апеляцыйнай і іншай пракуратуры і турмаў (справы арыштантаў);
дакументы навучальных акруг, спісы выкладчыкаў і навучэнцаў, асабістыя справы;
ваенныя і паліцэйскія дакументы;
пасведчанні асобы, легітымацыі, пенсійныя справы, уліковыя дакументы, аўтабіяграфіі, анкеты, выпіскі, дакументы з месца працы і г. д.;
пасведчанні і іншыя дакументы аб пахаванні.
Напрыклад, з ХІХ стагоддзя ў дзяржаўным дакументаабароце ўкаранілася формула, па якой усе беларусы-католікі залічваліся ў групу да палякаў ці літоўцаў, праваслаўныя – да русінаў (беларусаў, рускіх, украінцаў), лютэране – да немцаў, а стараверы – да рускіх / вялікаросаў у залежнасці ад тэрыторыі пражывання, моўных і культурных асаблівасцей. У той час як фашысцкія чыноўнікі і вайскоўцы часта запісвалі ўсіх жыхароў Заходняй Беларусі палякамі, а Усходняй – рускімі па дзяржаўнай прыналежнасці.
Падчас перапісаў 1920-х гадоў не было нідзе агаворана, як правільна запісваць нацыянальнасць. Гэта прыводзіла да сітуацый, калі перапісчык фіксаваў у адных і тых жа сем’ях людзей то “праваслаўнымі католікамі”, то “тутэйшымі”, то тымі, якія “не вызначыліся”. У некаторых выпадках людзі свядома змянялі самавызначэнне пад уплывам сацыяльных, палітычных умоў або асабістага выбару, каб пазбегнуць рэпрэсій ці палепшыць сацыяльныя шансы і магчымасці і г. д.
Пасля вайны і да 1975 года ў савецкіх дакументах пры вызначэнні нацыянальнасці акцэнт рабіўся на крэўным паходжанні – па нацыянальнасці бацькоў, у першую чаргу, бацькі, не ўлічваючы моўных, культурных, этычных і іншых прыкмет. Важна памятаць! Імя і прозвішча, валоданне той ці іншай мовай не з’яўляюцца асноватворнымі крытэрыямі ў вызначэнні этнасу або нацыянальнасці. Аб такой прыналежнасці канкрэтнага чалавека можна казаць толькі пры наяўнасці сукупнасці розных фактараў.
Для чаго трэба ведаць нацыянальнасць і чым гэта можа дапамагчы ў даследаваннях? Па-першае, гэта дапамагае прасачыць культурную спадчыну продкаў, рэлігійныя і канфесійныя сувязі, а таксама зразумець, якія звычаі і абрады маглі захоўвацца ў сям’і. Па-другое, дае кантэкст для бытавых асаблівасцей, такіх як мова зносін, музычныя, кулінарныя і іншыя традыцыі. Па-трэцяе, можа паказваць і тлумачыць міграцыйныя маршруты, змены тэрыторый, гістарычны ўплыў, працэсы асіміляцыі або захавання культурных асаблівасцей. Па-чацвёртае, дазваляе згладзіць або растлумачыць супярэчнасці паміж дакументамі, імёнамі і датамі праз моўныя і этнакультурныя варыяцыі. Па-пятае, можа служыць арыенцірам для пошуку дакументаў, звязаных з канкрэтнай агульнасцю і групай, што паскарае і павышае эфектыўнасць даследавання. У некаторых перыядах і рэгіёнах яна можа істотна звузіць або пашырыць кола крыніц.
Аляксей Білецкі