Алкагалізм з’яўляецца хваробай не толькі цела, але таксама псіхікі і духа. Таму ў працэсе выздараўлення чалавеку з алкагольнай залежнасцю важна атрымліваць усебаковую дапамогу. У душпастырстве цвярозасці залежныя асобы і іх родныя могуць быць выслуханымі і сустрэць аднадумцаў.
Ад выздараўлення да сведчання
Афіцыйна душпастырства цвярозасці паўстала на Гродзеншчыне ў 2002 годзе, калі быў прызначаны святар, адказны за гэтую супольнасць. Сама ж праца з залежнымі асобамі і апека над імі бярэ пачатак ў канцы 1990-х. Кс. Марыюш Ільяшэвіч, пробашч парафіі ў Лаздунах на Іўеўшчыне, арганізаваў тады першыя ў Беларусі лакальныя рэкалекцыі цвярозасці.
Дзякуючы актыўнасці наступных душпастыраў разам са свецкімі ўдзельнікамі супольнасць развівалася. З часам сталі рэгулярна праводзіцца разнастайныя сустрэчы, духоўныя практыкаванні. Залежныя асобы, якія жылі ў цвярозасці, наведвалі парафіі са сведчаннем свайго выздараўлення.
На сённяшні дзень удзельнікі душпастырства сустракаюцца некалькі разоў на год на рэкалекцыях: у першую нядзелю Адвэнту – у Гродне, вясной і восенню – у Баранавічах (Пінская дыяцэзія), летам – у Браславе (Віцебская дыяцэзія). Дадаткова ў ліпені адбываецца сустрэча для сем’яў з аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў.
“Сямейныя рэкалекцыі стартавалі ў 2015 годзе ў в. Далёкія, каля Браслава, дзе служыў наш тагачасны душпастыр кс. Анджэй Бочар. Пасля яго вяртання ў Польшчу напрыканцы 2023 года была паўза. Cёлета мы вырашылі сабрацца ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях”, – распавядае Юрый Гапонік, каардынатар душпастырства цвярозасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, спецыяліст тэрапіі залежнасцей.
У душпастырстве цвярозасці я знаходжу ўзаемадапамогу. На рэкалекцыях напаўняюся радасцю, любоўю, верай, надзеяй. Іх плён яшчэ доўга адчуваю ў сваёй штодзённасці…
Ларыса Д.
Традыцыяй з’яўляецца таксама правядзенне ў гродзенскіх касцёлах тэматычнага Крыжовага шляху ў перыяд Вялікага посту. Сёлета ўпершыню такое набажэнства было адпраўлена ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску.
Удзельнікі душпастырства
Праграма духоўных практыкаванняў для душпастырства цвярозасці застаецца нязменнай, аднак удзел у кожным яе пункце добраахвотны: св. Імша, Крыжовы шлях, падрыхтоўка да сакраманту пакаяння і споведзь, канферэнцыі, адкрытыя і закрытыя сходы, перапынкі на гарбату і каву, адпачынак. “Дзесьці да 2010 года на рэкалекцыі прыязджала вельмі шмат людзей, чалавек па 150. Не хапала пакояў, удзельнікі спалі на матрасах. Пры гэтым не ўсе ведалі яшчэ, чым насамрэч з’яўляюцца рэкалекцыі. Нехта ехаў як на чарговы форум ананімных алкаголікаў, нехта браў з сабой убранне і туфлі, бо спадзяваўся, што будзе частка з дыскатэкай”, – дзеліцца Юрый Гапонік і дадае, што, магчыма, спачатку так і трэба было. З часам людзей станавілася ўсё менш, і ў выніку арганізавалася сталая група каля 40-50 чалавек.
У склад душпастырства ўваходзяць, у асноўным, самі залежныя асобы, а таксама члены іх сем’яў. Далучаюцца і людзі неабыякавыя да пытанняў алкагалізму, наркаманіі або тыя, хто вырашае адмовіцца ад шкодных звычак. “Гэта людзі, якія шукаюць шлях да цвярозасці і дарогу да Бога”, – адзначае спадар Юрый.
Рэкалекцыі цвярозасці з’яўляюцца для мяне выдатнай магчымасцю ўзмацніць сваю веру, умацаваць адносіны ў сям’і. Гэта таксама час пазнавальных размоў на розныя тэмы і добрага адпачынку.
Юрый Д.
Адказным за душпастырства цвярозасці ў Беларусі з’яўляецца біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Не так даўно па ініцыятыве іерарха ў кожнай дыяцэзіі вызначылі святара, які будзе ангажавацца ў развіццё душпастырства ў сваім рэгіёне. У Гродзенскай дыяцэзіі такія абавязкі ўскладзены на кс. Андрэя Каўшука. Па словах Юрыя Гапоніка, гэта дапаможа ў правядзенні мясцовых рэкалекцый: “Калі ў нас быў адзін душпастыр – як кс. Анджэй Бочар ці пасля кс. Чэслаў Куцмеж, абодва з Віцебскай дыяцэзіі, – то яму даводзілася ехаць на другі канец краіны ў Гродна ці ў Баранавічы, каб правесці там рэкалекцыі. Цяпер жа кожны святар будзе адказным за духоўныя практыкаванні для душпастырства цвярозасці ў сваёй дыяцэзіі”.
У планах таксама зладзіць рэкалекцыі і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Арганізатары ўжо мелі размову аб магчымым месцы іх правядзення.
Першы крок
Супольнасць і падтрымка адзін аднаго адыгрываюць важную ролю ў працэсе выздараўлення і трывання ў цвярозым жыцці. Па-за ўдзелам у рэкалекцыях залежная асоба і яе родныя могуць далучыцца да груп АА (Ананімныя алкаголікі), Ал-Анон (родныя і сябры алкаголікаў) і ДДА (Дарослыя дзеці алкаголікаў) у сваіх мясцовасцях альбо прымаць удзел у разнастайных анлайн-сустрэчах.
“Зараз шмат сустрэч праводзіцца праз інтэрнэт: і цягам тыдня, і нават аднаго дня. Удзельнікі адной з анлайн-груп гэтай вясной нават спаткаліся ў Баранавічах, каб адсвяткаваць гадавіну існавання суполкі. Таксама калі ў суседняй мясцовасці ёсць група, можна хаця б раз у месяц прыязджаць і ўжывую камунікаваць з людзьмі, – гаворыць Юрый Гапонік. – Калі чалавек баіцца ці саромееца, тады вызначаны ўдзельнік групы яго сустрэне і разам з ім прыйдзе на сход”.
Спецыяліст тэрапіі залежнасцей зазначае, што веруючаму чалавеку лягчэй прыйсці на мерапрыемства рэлігійнага характару, чым на сустрэчу групы. Адначасова і гэта бывае зрабіць няпроста. “У сем’ях алкаголікаў існуюць негатыўныя прынцыпы. Адзін з іх – маўчаць і не гаварыць аб праблеме, таксама паміж сабой, – заўважае спадар Юрый. – Ёсць страх, што калі я паўдзельнічаю ў такіх рэкалекцыях, іншыя даведаюцца, што ў мяне альбо ў маёй сям’і праблема. Толькі людзі вакол пра гэта і так ведаюць. Адзін з нашых колішніх удзельнікаў з Мінска, які цяпер жыве ў іншай краіне, казаў: «Калі я піў, думаў, што толькі мая сям’я бачыць, што я алкаголік.
Кінуўшы піць, зразумеў, што пра гэта ведаў увесь горад». Часта мы кіруемся вось такімі памылковымі ўяўленнямі”.
Па словах спадара Юрыя, гэтая праблема датычыць і тых, у каго блізкі злоўжывае алкаголем, – сузалежных асоб. “Ведаю шмат прыкладаў, калі праз родных залежны чалавек пачынаў шукаць дапамогу і, між іншым, прыходзіў у групу ананімных алкаголікаў альбо на адкрытыя сустрэчы разам з блізкай асобай, – узгадвае каардынатар душпастырства. – У той жа час, калі чалавек камунікуе на рэкалекцыях ці на сходах з такімі ж сузалежнымі, якія, як правіла, дзеляцца сваім досведам, ён таксама хоча мець пазітыўны вынік. Пачынае выкарыстоўваць досвед іншых людзей, інакш глядзець на хваробу сваяка і штосьці змяняць у сваіх адносінах да сябе і да блізкага чалавека з залежнасцю…”.
Кацярына Паўлоўская