Шмат калі даводзілася бачыць здзіўленне на тварах гасцей Навагрудка, калі яны, стоячы пад мурамі фарнага касцёла, чуюць аповед пра польскага караля Ягайлу і юную беларускую князёўну Соф’ю Гальшанскую, якая ўвайшла ў гісторыю як маці 150-гадовай дынастыі Ягелонаў і як дзеяч, які пакінуў значны след у гісторыі Касцёла.
Беларуская князёўна
Князёўна Соф’я, дзявочы лёс якой даволі сціпла апісваецца ў летапісах, нарадзілася каля 1405 года ў сям’і князя Андрэя з паважанага беларускага роду Гальшанскіх. Яе маці Аляксандра паходзіла з не меней славутага беларускага княскага роду Друцкіх.
Пасля смерці бацькі Соф’я разам з маці і сястрой пераехалі да дзядзькі, князя Сямёна Друцкага. Менавіта там, у Друцку, адбылася лёсавызначальная для Соф’і сустрэча з будучым мужам.
Згодна з апісаннем гэтай гісторыі ў летапісе “Хроніка Быхаўца”, сустрэча мела месца напрыканцы 1420 ці ў пачатку 1421 года, калі польскі кароль Ягайла разам з вялікім князем літоўскім Вітаўтам вярталіся з удалага вайсковага паходу на Смаленск. Яны прыпыніліся ў Друцку, дзе ў доме князя Сямёна Друцкага Ягайла ўбачыў маладую князёўну Соф’ю.
На той момант польскі кароль быў удаўцом, даволі сталага ўзросту. У гэтым месцы гісторыкі разыходзяцца, мяркуючы, што ўзрост Ягайлы быў ад 60 да 71 года.
Князёўна на той момант мела 16 гадоў. Кароль, не маючы нашчадкаў мужчынскага полу для перадачы ўлады ад трох мінулых жонак і, зразумела, вельмі заклапочаны гэтымі абставінамі, прапанаваў князю Сямёну выдаць за яго замуж князёўну Соф’ю. Але гэта быў не толькі прагматычны падыход, дзяўчына, між іншым, вельмі спадабалася каралю сваёй прыгажосцю, аб чым ёсць шмат спасылак у гістарычных крыніцах. Але князь Сямён адразу задумаўся, бо тут жа прысутнічала старэйшая сястра Соф’і – Васіліса, для якой застацца незамужняй, калі замуж выходзіць малодшая сятра, лічылася няславаю.
Рашэнне было знойдзена хутка шляхам дамоўленасці аб яшчэ адным шлюбе. Васіліса была сасватана за пляменніка Ягайлы князя Бельскага. Пасля гэтага князь Сямён, канешне, згадзіўся на прапанову. Тым больш, што сватам шлюбу выступіў вялікі князь Вітаўт, які меў цесныя стасункі з родамі Гальшанскіх і Друцкіх.
Шлюб вырашылі зладзіць праз год, бо такое важнае мерапрыемства, вядома, патрабавала “каралеўскай падрыхтоўкі” ва ўсіх сэнсах нестандартнасці выпадку. Каб незадоўга стаць польскай каралевай, князёўна, маючы праваслаўнае веравызнанне, павінна была да шлюбу перайсці ў каталіцтва, што, на думку некаторых даследчыкаў, адбылося ў пачатку 1422 года ў навагрудскім фарным касцёле. У лютым там жа адбыўся сакрамант шлюбу, які быў праведзены біскупам Віленскім Мацеем. Раскошнае вяселле зладзілі ў Лідскім замку.
Польскі трон
Апынуўшыся ў каралеўскім Вавельскім замку ў Кракаве, Соф’я сутыкнулася з жорсткімі ўмовамі палітычнага жыцця. Супраць яе мелася сур’ёзная апазіцыя шляхецкіх партый. Але, дзякуючы падтрымцы вялікага князя Вітаўта і сваім прыродным лідэрскім здольнасцям, Соф’я вытрымала нападкі і была каранавана польскай каронай. Гістарычная падзея адбылася 5 сакавіка 1424 года ў кракаўскім катэдральным касцёле ў прысутнасці чальцоў знаных еўрапейскіх родаў.
У шлюбе з Ягайлам Соф’я нарадзіла трох сыноў: старэйшага Уладзіслава – будучага караля Угоршчыны, малодшага Казіміра – будучага вялікага князя літоўскага і караля польскага, і яшчэ адзін, сярэдні сын памёр у гадавалым ўзросце. Пасля смерці Ягайлы ў 1434 годзе заставалася пры ўладзе як каралева-маці.
“Біблія каралевы Соф’і”
З’яўляючыся, як высветлілася, даволі таленавітым палітычным дзеячам, каралева Соф’я пакінула і значны след у набіраючым моц у Польшы і Вялікім княстве Літоўскім Каталіцкім Касцёле. У 1432 годзе яна заснавала капліцу Святой Тройцы ў Вавельскім катэдральным касцёле. Муры гэтай капліцы ўпрыгожвалі фрэскі ў “рускім стылі”, што, мусіць, было праяўленнем унутранняй тугі па радзіме Соф’і.
Галоўным яе ўкладам, канешне, застаецца “Біблія каралевы Соф’і” – самы стары з існуючых пераклад Бібліі на польскую мову. Соф’я, якая адначасова лічыцца “апошняй неадукаванай каралевай Польшчы” (існуе меркаванне, што навучылася чытаць ужо пасля шлюбу), у 1453 годзе ініцыявала першы біблійны пераклад.
Непасрэдна над ім працаваў тэолаг Кракаўскай Акадэміі капелан Андрэй з Яшовіц. Пераклад на польскую мову рабіўся з чэшскай.
Першы том быў падрыхтаваны ўжо ў 1455 годзе. Пераклад другога тома быў гатовы ў 1460 годзе. Невядома, ці пабачыла каралева Соф’я надрукаваны экземпляр вялікай працы, бо ўлетку 1461 года яна цяжка захварэла і 21 верасня таго ж года памерла.
Пахавана каралева Соф’я ў Вавельскім касцёле ў Кракаве.
Віктар Малежык