Кожны год напярэдадні літургічнага ўспаміну св. Януарыя, біскупа і мучаніка, у катэдры ў Неапалі (Італія) збіраюцца натоўпы вернікаў і чакаюць, калі стануць сведкамі цуду. Справа ў тым, што рэгулярна некалькі разоў на год закрытая ў герметычных флаконах загусцелая кроў святога становіцца вадкай і пульсуючай, як быццам толькі што вылілася.
Літургічны ўспамін св. Януарыя адзначаецца ў Касцёле 19 верасня.
Св. Януарый нарадзіўся каля 270 года. На пачатку IV стагоддзя ён быў біскупам Беневента, горада і сталіцы рэгіёна на ўсход ад Неапаля.
Падчас кіравання імператара Дыяклетыяна ўспыхнула ганенне. Сярод іншых быў арыштаваны дыякан Януарыя Сосій. Біскуп адправіўся ў турму, каб суцешыць дыякана. Разам з ім рушылі ўслед іншыя дыяканы, Фестус і Дэзідэрый. Усіх іх арыштавалі і заклікалі прынесці ахвяру ідалам. Пачуўшы адмову, намеснік Драконцій асудзіў арыштаваных на разарванне дзікім жывёлам падчас гульняў у амфітэатры.
Некаторыя паданні перадаюць, што дзікія жывёлы не хацелі дакранацца да цела св. Януарыя, таму ў рэшце рэшт яму адсеклі галаву. Пасля абезгалоўлівання мучаніка, калі цела сцякала крывёю, адна з жанчын падышла і сабрала яго кроў у флакон. Сёння ампулы з крывёю змешчаны ў рэлікварыі.
Рэліквіі св. Януарыя захоўваліся ў розных месцах. На пачатку V стагоддзя біскуп Неапаля перанёс іх у неапальскія катакомбы. У 831 годзе прынц Беневента, Сікона, захапіў Неапаль, забраў рэліквіі і змясціў іх у касцёле Маці Божай Іерусалімскай у Беневенце. У 1154 годзе кароль Вільгельм І перанёс рэліквіі на Монтэ-Верджын. У 1497 годзе яны былі вернуты ў Неапаль, дзе спачываюць да гэтага часу ў мясцовай катэдры. Св. Януарый – галоўны заступнік горада.
У іканаграфіі св. Януарыя прадстаўляюць у чырвоным біскупскім адзенні. Правай рукой ён бласлаўляе, а левай трымае Евангелле. Атрыбуты святога – ампулы з крывёю ў руках анёлаў, пальмавая галінка, біскупскі крыж, львы каля ног і меч.
Г. зв. “цуд св. Януарыя” – з’ява, назіраемая з XIV стагоддзя. Па сённяшні дзень прырода гэтага феномена невядомая: чаму загусцелая кроў становіцца вадкай з рэгулярнай частатой. Кожны раз, калі б яна не змяняла сваю кансістэнцыю, гэта ўспрымалася як прадвесце хуткага катаклізму або стыхійнага бедства.
Афіцыйнай пазіцыі Касцёла па гэтым пытанні няма. Некалькі разоў праводзіліся даследаванні, якія схіляюць да таго, што прырода дадзенай з’явы звышнатуральная. Даследчык рэліквій прафесар Гастон Ламберціні перакананы, што “кроў св. Януарыя з’яўляецца згусткам, які жыве і дыхае: такім чынам, гэта не нейкая «адчужальная» пабожнасць, а знак вечнага жыцця і ўваскрасення”. У сваю чаргу балонскі кардынал Праспера Ларэнца Ламберціні – пазней папа Бенедыкт XIV – казаў, што “ў Неапалі ёсць кроў, якая не можа дачакацца ўваскрасення...”.
Цуд св. Януарыя адбываецца некалькі разоў на працягу года: акрамя 19 верасня, яшчэ перад першай нядзеляй мая, цягам наступных васьмі дзён і 16 снежня.
Кс. Юрый Марціновіч