Сенсацыйныя навіны з розных краін, шматлікія рэкламныя рэкамендацыі і карысныя спасылкі, вірусныя ролікі ў TikTok… Усё гэта парой навальваецца, як снежны ком, і ў нейкі момант мы разумеем, што ў галаве “сметнік” – мозг перагружаны. Час, затрачаны на паглынанне “залішняй” інфармацыі, з перспектывы здаецца змарнаваным.
Хочаш нешта купіць – зайдзі ў інтэрнэт-краму, даведацца аб адзнаках дзіцяці – адкрый электронны дзённік. За некалькі секунд у пошукавай сістэме можна знайсці адказ на любое пытанне, усталяваць кантакт з чалавекам з іншага кантынента, аператыўна даведацца, што адбылося за тысячы кіламетраў.
З аднаго боку, віртуальны свет, які сёння вельмі цесна звязаны з рэальным, прапануе шмат магчымасцей, што адкрывае дадатковыя перспектывы. А з другога боку, гэта сур’ёзны выклік для нашай увагі, якая павінна справіцца з вялікай колькасцю даных.
Менавіта ўвага ў кагнітыўнай сістэме дазваляе чалавеку накіроўваць ментальныя рэсурсы на пэўныя стымулы або аб’екты, ігнаруючы іншыя, г. зн. памяншаць лішак раздражняльнікаў, выбіраць тое, што нам больш патрэбна і карысна ў дадзены момант. Некаторыя сёння называюць увагу фільтрам, які дапамагае спраўляцца з велізарным патокам інфармацыі, што паступае са знешняга свету.
Важнай функцыяй увагі з’яўляецца селектыўнасць. Мы можам рабіць некаторыя рэчы адначасова, больш ці менш засяроджвацца на адных ці другіх. Аднак гэта хутчэй выматвае мозг, бо на пераключэнне паміж справамі ідуць дадатковыя сілы.
Што больш за ўсё перашкаджае ўтрыманню засяроджанай увагі?
Шматзадачнасць. Хтосьці б падумаў, як добра выканаць адразу некалькі дзеянняў. Але гэта можа нашкодзіць якасці выніку. Наш мозг уладкаваны так, што паўнавартасна можна сканцэнтравацца толькі на адной задачы. Таму быць эфектыўным, займаючыся дзвюма-трыма справамі адразу, – маламагчыма.
Жаданне быць у курсе ўсяго. Сучасны чалавек хоча ведаць усё. Яму важна, каб нічога не выслізнула з-пад увагі, што дае ілюзорнае пачуццё кантролю. На самой справе ведаць усё проста фізічна немагчыма.
“Паглыбленне ў сеткі”, усюды і пры кожнай магчымасці. Стоячы ў чарзе, чакаючы кагосьці блізкага, сучасны чалавек часта цягнецца да тэлефона, таму што імкнецца так “не змарнаваць час”. Асабліва гэта датычыць розных сацыяльных сетак, дзе карыстальнікі дзеляцца са светам сваім жыццём (напрыклад, чым я сёння снедаў, у якім рэстаране знаходжуся і інш.). Такі род занятасці прыводзіць да таго, што мы пастаянна чуваем.
А цяпер давайце адкладзём тэлефон або камп’ютэр і паспрабуем палову дня не карыстацца інтэрнэтам. Ці будзем у парадку? А можа, ужо праз паўгадзіны захочам праверыць, хто нам напісаў, што адбылося ў знаёмых і г. д.
Вядома, кожны павінен знайсці свой лад жыцця ў свеце, які ўвесь час змагаецца за ўвагу чалавека. Адначасова з тым неабходна засяроджвацца пераважна на тым, што будзе карысна асабіста для нас. Не можам жыць з той свядомасцю, што цалкам выключым усё непатрэбнае, бо гэта нерэальна. Заўсёды ў большай ці меншай ступені нешта ці нехта будзе адцягваць нашу ўвагу, што з’яўляецца натуральным.
Важна ўсведамляць, якія абставіны нам замінаюць, і замест іх пачаць канструктыўна дзейнічаць, каб увесці тое, што найбольш неабходна. Можна паспрабаваць пачаць з простых рэчаў: напрыклад, калі ўвечары ў нас ёсць час і схільнасць да бяздумнага прагляду навін на тэлефоне або старонак пэўных людзей, то можна ўвесці больш раннюю гадзіну для сну ці гадзіну, пасля якой ужо пачынаем адключацца і рыхтавацца да адпачынку. Варта ставіць сабе невялікія мэты, да якіх будзем імкнуцца, дзяліць дзень на кароткія адрэзкі працы з перапынкамі, каб потым хутчэй вяртацца да заняткаў і абавязкаў.
Калі наша “жыццёвая сістэма” перагружана, асабліва непатрэбнай інфармацыяй, то становімся менш эфектыўнымі і працаздольнымі, як фізічна, так і разумова.
Таму варта клапаціцца аб развіцці сваёй увагі, што ўключае канцэнтрацыю і ўсвядомленасць. Клопат пра ўвагу – гэта таксама клопат пра здароўе.
Кс. Павел Салабуда