Skip to main content
слова жыцця, 11 (655), 1 чэрвеня 2025

Лёгка давяраць Богу, калі жыццё “складваецца”, калі далейшы шлях падаецца відавочным і ты, задаволены, праслаўляеш Госпада. Аднак часта адбываецца зусім інакш…

Журналістка і блогерка Ася Паплаўская згубіла ўсё, што мела, двойчы. Яна адмовілася ад папулярнасці, грошай, жаніха, каб уступіць у кляштар, а пасля не была дапушчана да першых манаскіх абяцанняў. Аднак дзяўчына шчаслівая, бо захавала тое адзінае, што Езус Хрыстус насамрэч абяцаў, – Яго самога.

Ад багемнасці да Бога

“Прафесійны поспех быў для мяне заўсёды вельмі важным. Таму як журналіст я стварала нішавыя праекты. Спачатку выключна пра беларускую культуру. Пасля сышла ў сацыяльную тэматыку. Затым стала першапраходцам у асвятленні беларускага агратурызму”, – дзеліцца Ася.

Апошні праект аказаўся найбольш паспяховым, прыцягваў шмат увагі і, адпаведна, адкрываў новыя фінансавыя магчымасці. “Я замаўляла ежу з рэстаранаў, перамяшчалася выключна на таксі, – узгадвае суразмоўца. – Мы з хлопцам маглі паляцець на выхадныя ў Рыгу, таму што нам проста захацелася выпіць там кавы”.

Лад жыцця пачаў грунтоўна змяняцца, калі для travel-блога Ася зрабіла першы матэрыял пра касцёл. “Падчас экскурсіі па святыні я зразумела толькі 30% з таго, што казаў ксёндз. Захацелася глыбей пазнаць каталіцкую веру, каб мае матэрыялы былі глыбейшыя і прывабілі новую аўдыторыю”, – распавядае дзяўчына.

Аднак першай, хто трапіў у гэтыя “сеткі”, стала сама блогерка. Неўзабаве яна ўжо рабіла асобны праект “Дзень са святаром”, падчас якога ўпершыню прыняла ўдзел у св. Імшы. “Першае, што мяне ўразіла, гэта прысутнасць шматлікай моладзі. То-бок, замест трох бабуль на св. Імшы сабраліся класныя, сучасныя хлопцы і дзяўчаты, – адзначае з усмешкай Ася. – У пэўны момант усе ўзяліся за рукі. Я таксама… І пачаўся спеў «Ойча наш». Вельмі нечакана для сябе самой я моцна расчулілася, заплакала…”.

Прыродная цікаўнасць у спалучэнні з прагай да духоўнасці прывялі дзяўчыну да індывідуальнай катэхезы, якую выкладала сястра дамініканка. “Тады я ўпершыню сустрэлася з каталіцкай манахіняй. Ад яе нібы зыходзіла нейкае святло, моцна прыцягвала яе «іншасць»: была глыбокая, спакойная, сапраўдная. І я зразумела, што мне вельмі не хапае гэтай унутранай гармоніі”, – прызнаецца суразмоўца.

Крыжовы шлях па пятніцах замест караоке-бара... “Новай” Асі стала складана захоўваць адносіны з нарачоным. Яна бачыла, што такі стыль жыцця больш не адпавядае ўпадабанням паспяховага айцішніка: “На сілу цягнуць яго ў каталіцтва я не хацела, таму што навяртанне павінна адбывацца ў свабодзе”.

Нягледзячы на тое, што ўжо было запланавана вяселле, яго адмянілі. Ася прыступіла да генеральнай споведзі і ўпершыню прыняла Эўхарыстыю. “Тады я зразумела, што не магу жыць без Хрыста, – гаворыць дзяўчына. – Гэта была тая Любоў, якую я заўсёды шукала”.

Кляштар – гэта не пра ўцёкі

Ася шмат часу праводзіла ў Касцёле, пакрысе накіроўваючы туды і сваю журналісцкую дзейнасць. Аднойчы яе запрасілі правесці майстар-клас па гігіене сацыяльных сетак падчас сустрэчы моладзі Віцебскай дыяцэзіі. “Там, у Браславе, я жыла ў кляштары сясцёр эўхарыстак. Калі падчас фінальнай св. Імшы мне выказалі словы падзякі, назваўшы вядомай беларускай блогеркай, я раптам адчула сябе не на сваім месцы, – узгадвае Ася. – І неспадзявана, нібы кадр з фільма, убачыла сябе ў хабіце сярод эўхарыстак, якія стройным шэрагам сядзелі за маёй спіной”.

Ася здзівілася, спужалася і ўсцешылася адначасова. А чарговыя падзеі і сапраўды развіваліся, як у кіно. Журналістка паехала ў Росіцу, каб асвятліць памятныя мерапрымествы ў гонар мясцовых мучанікаў. На ўрачыстасць прыбыла і настаяцельніца дэлегатуры сясцёр эўхарыстак, якая адказвала за прыняцце ў кляштар новых кандыдатак.

“Памятаю, дамовіўшыся на размову, я стаю перад сястрой настаяцельніцай, з пафарбаванымі ў ружовы колер валасамі, татуіроўкай, і кажу, што адчуваю ў сэрцы пакліканне. Але не ўпэўнена, што годная, – дзеліцца суразмоўца. – Манахіня паслухала, паўсміхалася і праз некаторы час дала пазітыўны адказ”.

Ася ўступіла ў манастыр, пакінуўшы за плячыма кар’еру, камфорт, раман і значную частку больш і менш блізкіх людзей, якія не зразумелі яе рашэння, палічыўшы рэлігійным фанатыкам. “Сярод сясцёр пачалося зусім іншае жыццё – па правілах. Я шмат працавала фізічна, чытала, малілася. Усё, што здавался лагічным і зразумелым, сышло ў нябыт. Мне было няпроста, але вельмі цікава. І моцна падабалася, – узгадвае Ася. – Падчас навіцыяту я служыла ўжо ў Польшчы. Сёстры мяне падтрымлівалі, і ўсе з нецярплівасцю чакалі складання маіх першых абяцанняў”.

Але сцэнарый, які падаваўся паслядоўным, так і не быў дапісаны.

Разбітая мара, але не разбураная надзея

Галоўная настаяцельніца Кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак у Польшчы палічыла грамадзянскі шлюб Асі, у якім тая знаходзілася ў мінулым, кананічнай перашкодай для прыняцця ёю першых манаскіх абяцанняў. “Я была шакіравана. Факт, што знаходзілася ў грамадзянскім шлюбе, аналізаваўся як перад маім прыняццем у пастулат, так і ў навіцыят. Я кансультавалася са святарамі, якія спецыялізаваліся ў кананічным праве, і ніхто з іх не пацвердзіў наяўнасць перашкоды ў той час. Таму я зусім не чакала, што галоўная настаяцельніца прыме такое аднабаковае рашэнне”, – узгадвае суразмоўца.

Жыццё Асі абрынулася ў адно імгненне. Яна неаднаразова падкрэслівала, што ў кляштары адчувала сябе цалкам прынятай і лічыла яго ўжо сваім новым домам. “Я была сіратой. Мае прыёмныя бацькі развяліся, калі мела 6 гадоў. Патрэба ў любові і месцы, да якога належу, была для мяне ключавой, таму адмова прыняць мае першыя абяцанні стала сапраўднай трагедыяй”, – дадае дзяўчына.

Ася прайшла шлях ад горкай крыўды на настаяцельніцу да ўдзячнасці. І, як сцвярджае суразмоўца, такая трансфармацыя сэрца стала магчымай толькі дзякуючы Хрысту. “Я ні на секунду не заставалася без упэўненасці, што Бог са мной, што Ён пераўтворыць мой боль. Я разумела, што ў гэты цяжкі момант мне проста трэба трымацца за руку Хрыста і бясконца Яму давяраць”, – гаворыць Ася.

Пасля выхаду з кляштара дзяўчына амаль год не магла знайсці працу. Доўгі перапынак у журналісцкай кар’еры ўскладняў пошук вакансіі ў гэтай сферы, і яе накрывалі хвалі адчаю. “Унутрана я ўжо пагадзілася працаваць прыбіральшчыцай ці афіцыянткай. І ў гэты момант Госпад даў мне нешта нашмат лепшае”, – дзеліцца дзяўчына.

Прадстаўнікі найбуйнейшага каталіцкага моладзевага фестывалю ў Польшчы Lednica 2000 звязаліся з Асяй і прапанавалі ёй пасаду кіраўніка свайго медыя-аддзела. З перспектывы дзяўчына ўсведамляе, што фармацыя ў кляштары аказалася ёй вельмі патрэбнай.

“Гэта ідэальная праца. Я шчаслівая, – падкрэслівае Ася. – Божы Провід не азначае, што ўсё будзе лёгка, толькі тое, што Госпад выкарыстоўвае нашы выпрабаванні для далейшага росту. Цяпер я азіраюся і бачу, па якім цяжкім, але ўсё ж прыгожым шляху Хрыстос вядзе мяне…”.

Ангеліна Марцішэўская