З 20 па 22 чэрвеня ў гродзенскай парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля адбудуцца V Агульнабеларускія дні моладзі пад дэвізам “Мы пілігрымы надзеі”.
V Агульнабеларускія дні моладзі арганізуюцца ў Юбілейным 2025 годзе, які праходзіць у Паўсюдным Касцёле пад знакам надзеі. “Прыбудзьце ў Гродна з розных куткоў нашай Беларусі як пілігрымы надзеі, каб засведчыць, што хочаце быць арыгіналамі, а не копіямі кагосьці, як вучыў светлай памяці папа Францішак. Няхай Пан Езус вядзе вас за сабой і адорыць вас сваёй маладосцю”, – адзначае ў звароце да маладых людзей біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, старшыня Камісіі па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Чаму маладым людзям варта знайсці час і прыехаць у Гродна? Які плён чакае ўдзельнікаў Агульнабеларускіх дзён моладзі? Што рыхтуюць арганізатары мерапрыемства?
5 прычын прыняць удзел у АДМ 2025
Гродна – буйны каталіцкі цэнтр.
У прыгожым гістарычным горадзе над Нёманам знаходзіцца больш за 10 каталіцкіх святынь, у т. л. катэдральная базіліка – 1 з 7 юбілейных касцёлаў у Гродзенскай дыяцэзіі, за пілігрымаванне ў якія альбо за пабожнае наведванне якіх у Юбілейны 2025 год можна атрымаць поўны адпуст.
Магчымасць задаць пытанне біскупу.
Пасля прэзентацый груп з розных дыяцэзій моладзь мае свабодную размову з іерархамі Касцёла ў Беларусі, дзе можа атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.
Аказія даць сваё сведчанне ці падбадзёрыцца сведчаннем бліжняга.
Дзяліцца верай – значыць умацоўвацца ў ёй і ўмацоўваць іншых. Гэта найбольш эфектыўны спосаб евангелізацыі, да якой пакліканы кожны ахрышчаны.
Пашырэнне геаграфіі знаёмстваў.
У мерапрыемстве прымаюць удзел сотні хлопцаў і дзяўчат з розных куткоў краіны. Інтэрактыўная праграма спрыяе ўсталяванню сяброўскіх і таварыскіх зносін.
Добры час у супольнасці маладых вернікаў.
Малітва, канцэрты, дыскусіі… Незабыўныя дні сярод братоў і сясцёр у Хрысце!
Умовы ўдзелу:
узрост удзельнікаў – ад 16 гадоў (непаўналетнія павінны мець з сабой пісьмовы дазвол ад бацькоў);
на групу моладзі з парафіі павінен быць адказны, прызначаны пробашчам (ён рэгіструе ўдзельнікаў).
Важна! Удзельнічаць у мерапрыемстве трэба з рэлігійным намерам. З сабой неабходна мець кубак і коўдру ці дыванок.
Асабісты ўзнос за ўдзел – 20 руб. (існуе магчымасць вызвалення ад узносу).
Рэгістрацыя працягваецца да 10 чэрвеня. Запоўненую анкету (спампаваць праз QR-код) адказны за групу высылае на электронную пошту
Кантакты для сувязі: (8 029) 208-48-82 – а. Эдуард Пяцельчыц CSsR, адказны за валанцёраў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі