На працягу больш чым 150 гадоў у родзе Канопка аднаго з сыноў па бацькоўскай лініі называюць Леонам. Першым, пра каго захаваліся звесткі ў сям’і, быў Леон Канопка 1867 года нараджэння.
1 чэрвеня – Дыяцэзіяльны дзень бацькі
З пакалення ў пакаленне
“Чаму было абрана менавіта такое імя – невядома, – распавядае гродзенец Леон Канопка, па пашпарце Леанід. – Цяжка сказаць, ці да прадзеда кагосьці так называлі. Пра яго бацькоў мы нічога не ведаем”.
Мужчына гаворыць, што прадзеда не памятае, аднак застаў пры жыцці дзядулю: “Маю бабулю, жонку дзеда Лёні, звалі Леанарда. Калі я быў маленькі, нейкі час мы жылі разам. Тады ў адным доме знаходзіліся чатыры Лёні: дзядуля, бабуля, тата і я. Каб адрозніць, мяне называлі «малы Леон», далей «айцец», «дзядэк» і «бабця». Цяпер, каб не было блытаніны, сына мы завём Леон, а мяне – Лёня”.
Спадарыня Галіна, мама Леаніда, прызнаецца, што не адразу ўспрыняла традыцыю ў сям’і сужэнца ўсур’ёз, і першага сына яны назвалі Андрэй. Магчыма, і другі меў бы іншае імя, калі б не няшчасны выпадак. “Малодшага сына падчас родаў не ўтрымалі, і ён упаў. Была вялікая верагоднасць, што не выжыве, – дзеліцца яна. – Старэйшыя жанчыны раілі пахрысціць дзіця і даць яму імя бацькі. Верылі, што тады не памрэ. Так я і зрабіла. Перажагнала яго і сказала: «Даю табе імя Леон». І сын выжыў… Даведаўшыся, якое мае імя, людзі часта кажуць: «Ой, якое рэдкае, прыгожае». Сын з жартам адказвае, што «камусьці рэдкае, а хтосьці іншага і не ведаў» (смяецца – заўв. аўт.)”.
Жанчына ўзгадвае, што малодшы сын нават думаў стаць святаром, але ў свой васемнаццаты дзень нараджэння на моладзевых сустрэчах у касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне пазнаёміўся з будучай жонкай. Праз нейкі час яны разам ішлі ў Лудзка-Чэнстахоўскай пілігрымцы (Польшча) з інтэнцыяй аб нараджэнні дзяцей – з-за радавой траўмы ў Леаніда меліся праблемы са здароўем. Спачатку Бог адарыў сужэнцаў дачкой, а праз 9 гадоў у шлюбе нарадзіўся сын, які працягнуў традыцыю.
Сямейная рэліквія
Паводле яшчэ адной сямейнай традыцыі, кожны з Леонаў падчас шлюбу прымаў у дар ад сваіх бацькоў абраз Маці Божай Чэнстахоўскай. “Прадзед атрымаў ікону падчас вяселля. Далей – мой свёкр, калі ажаніўся ў 1939 годзе. Пасля нам з мужам яго бацькі падарылі гэты абраз падчас шлюбу ў 1973 годзе”, – распавядае спадарыня Галіна.
У сям’і гавораць: “Не забывай, што ты Леон Канопка”, што значыць “трымай планку”
Жанчына ўзгадвае, што яе муж доўга маліўся аб нараджэнні ўнука. “Ён 4 гады хадзіў у пілігрымку ў Тракелі з гэтай інтэнцыяй. Кс. Павел Салабуда (шматгадовы кіраўнік пілігрымкі Гродна – Тракелі – заўв. аўт.) нават казаў: «Ну што, дзядзя Лёня, молімся за ўнука?». На той момант у нас ужо было тры ўнучкі. У старэйшага Андрэя дзве дачкі, і ў Лёні адна. А абраз жа трэба некаму перадаць! Думалі нават, што калі народзіцца яшчэ дзяўчынка, назавём Леанардай і крыху відазменім традыцыю – перададзім ікону ёй. У выніку ўсё ж нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Леон”.
Па слядах продкаў
Сям’я старанна захоўвае дакумент, які належаў старэйшаму ў родзе Леону. У ім пазначана, што мужчына працаваў на чыгунцы. Хутчэй за ўсё, гэта была станцыя “Ласосна”, бо каля яе і жыў з сям’ёй. “Гэта тагачасны страхавы поліс. У ім ёсць запіс пра жонку, пра малодшага сына – вельмі цікава, – зазначае спадарыня Галіна. – І важна, што фота нашага прадзеда захавалася. Гэта цэлы кавалак гісторыі!”.
На чыгунцы працаваў і яго сын. А ўнук і праўнук былі ўжо аўтаслесарамі. Наймалодшы Леон пайшоў у іншым накірунку, навучаецца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на факультэце матэматыкі і інфарматыкі. “Ён вельмі разумны. Скончыў школу з залатым медалём. Займаецца кіданнем молата.
Нядаўна заняў другое месца на Універсіядзе сярод вузаў Беларусі і Расіі. Галава і рукі!” – з гонарам дзеліцца бацька. Спадзяецца, што сын працягне традыцыю і ў будучыні таксама назаве сына Леонам.
“Як бы ні было, але традыцыя захоўваецца ўжо на працягу пяці пакаленняў! – адзначае Леанід. – Па пэўных гістарычных прычыных не ўсе мае продкі запісаны ў дакументах Леонамі, хоць ахрышчаныя ўсе пад гэтым іменем. Дзед быў Леонцій Леонавіч, тата – Леон Леонцьевіч. Мой сын, якому сёлета споўніцца 21 год, Леон Леанідавіч. Кажу яму з гумарам, што можа выправіць гэта раз і назаўсёды, і ў нас ужо з’явіцца ўрэшце Леон Леонавіч!”.
Кацярына Паўлоўская