Skip to main content
слова жыцця, 11 (655), 1 чэрвеня 2025

22 мая новапрызначаны Апостальскі нунцый у Беларусі мансеньёр Іньяцыа Чэфаліа атрымаў у базіліцы св. Пятра ў Ватыкане біскупскае пасвячэнне.

Св. Імшу з сакрамантам пасвячэння ўзначаліў Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін. Сукансэкратарамі сталі кардынал Франчэска Монтэнэгра, Апостальскі адміністратар Sede Vacante дыяцэзіі П’яна-дэльі-Альбанезі, да якой належаў мансеньёр Чэфаліа перад распачаццем дыпламатычнай службы, і арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар Секцыі Дзяржсакратарыята па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

На ўрачыстай св. Імшы сабраліся браты ў святарстве і біскупстве, сваякі і сябры кандыдата да пасвячэння. У літургіі прынялі ўдзел і прадстаўнікі духавенства Беларусі: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, і некаторыя святары. На Імшы таксама прысутнічаў Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч.

У гаміліі кардынал П’етра Паралін нагадаў, між іншым, што мансеньёр Чэфаліа служыў Святому Пасаду ў Эквадоры, Пастаяннай місіі пры Савеце Еўропы ў Страсбургу, Секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыята і, нарэшце, у якасці паверанага ў справах нунцыятуры ў Венесуэле. Іерарх заўважыў, што асабліва апошняя місія была складанай з прычыны палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, але падчас яе мансеньёр Чэфаліа мог спазнаць ласку Пана, бо, згодна з традыцыйным вучэннем Касцёла, “тым, хто выконвае асаблівае заданне, Бог дае ўсё неабходнае для яго выканання належным чынам – дзеля ўласнага асвячэння і асвячэння людзей, давераных яму”. Кардынал Паралін выказаў перакананасць у тым, што з такой жа ўпэўненасцю арцыбіскуп адкажа на новыя выклікі ў краіне, якая яго прымае як нунцыя.

На заканчэнне Імшы слова ўзяў арцыбіскуп Чэфаліа, які сказаў: “Цяпер Пан пасылае мяне ў Беларусь – азёрны край, дзе я пачынаю гэтую новую місію з глыбокім жаданнем служыць і будаваць масты. Я прыкладу свае найлепшыя намаганні, каб распаўсюджваць радасць Евангелля, працаваць дзеля дабра краіны і яе вернікаў”.

Нунцый падкрэсліў, што, накіроўваючыся з трапічнай спякоты на шыроты “гэтай новай зямлі, з яе шырокімі краявідамі і ветлівымі людзьмі”, ён будзе “кіравацца ўпэўненасцю ў тым, што Касцёл адзіны, што любоў Бога не ведае межаў, а Яго ласка заўсёды нас апярэджвае”.

Арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа нарадзіўся ў 1975 годзе ў Палерма (Італія). Належыць да візантыйска-албанскага абраду. На дыпламатычнай службе Святога Пасада знаходзіцца з 2006 года. 25 сакавіка 2025 года прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі.

Паводле vaticannews.va

Ад імя ўсёй супольнасці Гродзенскай дыяцэзіі і свайго асабіста выказваю Яго Эксцэленцыі арцыбіскупу Іньяцыа Чэфаліа сардэчныя віншаванні і найлепшыя пажаданні. Няхай шчодрае бласлаўленне Нябеснага Айца, моц уваскрослага Хрыста і святло Святога Духа спадарожнічаюць арцыбіскупу ў штодзённым служэнні Святому Касцёлу і плённым спаўненні даручанай яму дыпламатычнай місіі ў Беларусі. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, наша Маці і Заступніца, нястомна ахінае Яго Эксцэленцыю плашчом сваёй чулай апекі і просіць свайго Сына аб патрэбных для яго ласках і дарах.

Яднаючыся з арцыбіскупам у духоўнай радасці, запэўніваем у нашай гарачай малітве і з надзеяй чакаем яго прыбыцця ў нашу краіну.

Уладзімір Гуляй, біскуп Гродзенскі