Skip to main content
слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Служба хуткай медыцынскай дапамогі працуе ў кругласутачным рэжыме, з’яўляецца даступнай для ўсіх. Яе галоўная мэта – барацьба за жыццё чалавека.

Дзень медыцынскага работніка адзначаецца ў Беларусі ў трэцюю нядзелю чэрвеня, сёлета – 15 чэрвеня.

Праца фельчараў хуткай дапамогі вельмі насычаная, часам непрадказальная і нялёгкая. Пры гэтым месца для радасці і веры ў Бога ў ёй таксама ёсць. Сваім сведчаннем дзеляцца фельчары з розных куткоў Гродзеншчыны.

У Каталіцкім Касцёле заступнікамі службы аховы здароўя лічацца св. Лука Евангеліст, св. Юда Тадэвуш, а таксама св. Арханёл Рафал.


Павел Глякоўскі, 22 гады

Аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі, пост “Поразава”

Фельчарам выязной брыгады працую ўжо амаль тры гады. Чаму пайшоў у медыцыну? Да канца сам не ведаю. Хутчэй за ўсё, справа ў тым, што гэтая праца звязана з дапамогай людзям, ратаваннем жыццяў, ды і дома ўрачэбныя веды заўсёды патрэбныя. Калі хтосьці чуў, што я збіраюся ў медыцыну, гаварыў, што буду вельмі добрым медыкам, таму што магу палячыць не толькі лекамі, але і, перш за ўсё, словам.

У працы хапае ўсяго! Як мы, медыкі, кажам паміж сабою, раз на раз не прыходзіцца. Цяпер шмат розных людзей, стараемся адносіцца да кожнага, як да сябе – з павагай, з любоўю; стараемся дапамагчы чым-небудзь. Прыемна, калі і людзі, да якіх прыязджаеш, вітаюць і віншуюць са святамі. Бывае, заўважаю, як бабуля трымае ружанец у руцэ...

Не сумняваюся, што Бог дзейнічае і праз нас на людзей, і праз людзей на нас. Канешне, ёсць моманты, калі не разумееш, чаму адбылося так, а не інакш. У першую чаргу, гэта цяжкія хваробы ў дзяцей або калі маладыя людзі, можна сказаць, на руках адыходзяць. Вельмі сумна, калі ты рабіў усё, што мог, але гэта не ўратавала. І тады заўсёды паўстае пытанне: “Чаму?”.

Аднак калі мы сустракаем штосьці складанае і асабліва сур’ёзнае, то заўсёды звяртаемся да Бога за дапамогай. Тады сапраўды лягчэй перажываць цяжкасці.

Таксама і ў сітуацыях, калі ўжо зрабіў усё, што было магчыма, аддаеш Богу астатняе, каб Ён пакіраваў гэтай справай…


Ганна Троска, 48 гадоў

Гродзенская абласная станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, пост “Індура”

Працаваць фельчарам на хуткай я пачала амаль адразу пасля вучобы ў Жалудоцкім медыцынскім вучылішчы 28 гадоў таму. Дапамагаць іншым марыла з самага дзяцінства.

Камунікаваць з людзьмі нялёгка ў любой прафесіі, а нездаровыя людзі ў асаблівасці патрабуюць больш увагі, падтрымкі, клопату, ласкi, добрых слоў. За сваю прафесійную дзейнасць я аказвала дапамогу ў розных хваробах, траўмах, прымала роды. Нараджэнне дзіцяці лічу найвялікшым цудам.

У выкананні асабістых абавязкаў, у працы калег мне часта даводзіцца назіраць неверагодную моц і прысутнасць самога Бога. А вось як гэта працуе, нельга перадаць словамі... Не разгубіцца ў складанай сітуацыі, дапамагчы згодна з пратаколамі лячэння, паставіць папярэдні дыягназ, даставіць у бальніцу, дзе пацыентамі будуць займацца вузкія спецыялісты, – усё гэта няпроста, а момантамі і вельмі складана.

Часта жыццё канкрэтнай асобы залежыць ад нашых ведаў, аператыўных дзеянняў, здольнасцей. Але, на жаль, не заўсёды мне і маім калегам удаецца выратаваць жыццё чалавека, і на гэта воля Бога. Вера мяне вельмі падтрымлівае.


Мілена Пушкевіч, 20 гадоў

Гродзенская абласная станцыя хуткай медыцынскай дапамогі

Медыцыну я выбрала спантанна, але падчас вучобы зразумела, што хачу дапамагаць людзям. За паўтара года працы на хуткай усвядоміла, што фельчар з’яўляецца менавіта той прафесіяй, якой хачу прысвяціць усё сваё жыццё. Я хачу быць побач з людзьмі ў складаныя і цяжкія хвіліны.

Радасці ў маёй працы шмат. Перш за ўсё, яна ў тым, калі бачыш, што дапамог чалавеку, што ад тваіх дзеянняў яму стала лепш і ён шчыра ўдзячны. Заўжды становіцца вельмі цёпла на душы ад гэтага.

Але здараецца і наадварот. Аднойчы мы прыехалі на выклік да маладога мужчыны, які ўжо быў без прыкмет жыцця. Пачалі рэаніміраваць, аднак уратаваць яго ў нас не атрымалася. Так, на ўсё воля Божая, і не заўсёды ўсё ў тваіх руках... У той момант у маёй галаве ўзнікла шмат пытанняў, было неразуменне, чаму Госпад забірае дастаткова маладых людзей…

Узгадаю і адваротную сітуацыю, калі я выразна адчула дзеянне Бога, Яго дапамогу. Неяк мы везлі на хуткай пацыента ў крытычным стане. Вельмі цешыліся, што ў стацыянар даставілі гэтага чалавека жывым, бо ў яго не было ніякіх шансаў, ніякіх… Пасля я даведалася, што мужчына выжыў і на сваіх нагах вярнуўся дадому. Для мяне гэта было вялікай радасцю. Менавіта ў той момант адчула каля сябе сапраўдную прысутнасць Бога.

Падрыхтавала Кацярына Паўлоўская