Skip to main content
слова жыцця, 12 (656), 16 чэрвеня 2025

Каля 1500 хлопцаў і дзяўчат з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся пры касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне на супольную малітву і забавы.

Галоўная мэта Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці – духоўная фармацыя і інтэграцыя маладога пакалення.

Маленькія пілігрымы

З самага ранку каля касцёла людна. Прыязджаюць групы з парафій – і тэрыторыя вакол святыні запаўняецца рознакаляровымі дыванкамі і звонкім смехам. Малеча перабірае каменьчыкі каля фігуры Пана Езуса, старэйшыя знаёмяцца, размаўляюць.

Свята распачынаецца св. Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Як адзначыў у гаміліі іерарх, “усе мы знаходзімся ў дарозе” і “павінны кіравацца не матэрыяльнымі каштоўнасцямі, а духоўнымі”: “Мы пакліканы быць на шляху да Бога, бо Ён – наша надзея, праўда і шчасце”.

Сёлета Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці адметны тым, што праходзіць у Юбілейны 2025 год, дэвіз якога – “Пілігрымы надзеі”. “Тэма пілігрымавання вельмі блізкая дзецям, – сцвярджае галоўны арганізатар і адказны за мерапрыемства кс. канонік Юрый Марціновіч. – У летні час маленькія вернікі прымаюць удзел у пешых паломніцтвах, праз духоўныя практыкаванні ў дарозе набліжаюцца да Бога, вучацца любіць адзін аднаго. Спадзяёмся, што і гэтая сустрэча пакіне след у сэрцах юных удзельнікаў”.

У віхуры падзей

Направа пойдзеш – творчую майстэрню знойдзеш, налева крочыш – вышэй галавы скочыш. Танцы, гульні, шоу эксперыментаў і мыльных бурбалак, аніматары, фотазона… На свяце не засумаваць! Вось хлопцы рэжуцца ў настолкі, а непадалёк дзяўчаты плятуць косы і размаўлёваюць пасмы валасоў.

Каля надзіманых атракцыёнаў доўгія шэрагі дзяцей, а ў касцёле кожныя 15 хвілін для парафій вызначаны час для адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. “Як сабраць дзяцей?” – з усмешкай у натоўпе пытаецца сястра.

Відаць, што хлопчыкам і дзяўчынкам, якія працяглы час стаяць у чарзе на спякоце, не хочацца адыходзіць і пакідаць сваё месца. Няўжо марна стаялі? Але спакойны і разважны голас святара запэўнівае маленькіх парафіян пайсці ў касцёл і прысвяціць час Богу, а затым вярнуцца, каб працягваць весяліцца.

Неўзабаве надзіманую горку на некаторы час спусцілі, каб не адцягваць астатніх ад малітвы, а дзеці, якія пакорліва пайшлі за сваім пробашчам, па вяртанні з адарацыі апынуліся ў чарзе аднымі з першых. Плён паслухмянасці і даверу праявіўся на вачах!

У адным з шатроў дэкаруюць глазурай пернікі, у другім робяць цацкі, далей – малююць, лепяць і вырабляюць сувеніры з паперы. Многія хацелі б пакінуць штосьці на памяць або завесці падарунак блізкім, сябрам.

Хлопчык гадоў чатырох старанна нашмароўвае клеем загатоўку. Мама дапамагае яму сабраць выраб і разам у іх атрымліваецца прыгожы ліхтарык. Як тлумачаць у творчай майстэрні, гэта сімвал надзеі.

– Мам, а ліхтарык з падсветкай? – пытаецца хлопец.

Жанчына ўсміхаецца і лагодна адказвае:

– Яго падсвечвае тваё сэрца…

Кліча душа

“Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці для мяне асаблівы дзень, – дзеліцца Святлана Статкевіч. – Я ўдзельнічаю ў ім амаль з самага пачатку: спярша дзіцём, якое прыходзіла забаўляцца, потым падлеткам, які выступае на сцэне, а зараз, стаўшы дарослай, як валанцёр. У гэтым годзе мне даручылі незвычайную ролю – фатографа. Назіраць за эмоцыямі ўдзельнікаў мерапрыемства – адно задавальненне: бачыш іх шырокія ўсмешкі, ззяючыя вочы… На мой погляд, Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – гэта не проста свята, а магчымасць зрабіць яшчэ адзін крок насустрач Богу і іншаму чалавеку”.

Паліна Завацкая дапамагала на Дыяцэзіяльным дні дзіцяці ў якасці валанцёра ў мінулым годзе, вырашыла прапанаваць сваю дапамогу і сёлета. “Такія святы аб’ядноўваюць і валанцёраў, і дзяцей, і дарослых, нягледзячы на тое, што свята дзіцячае”, – гаворыць дзяўчына.

Вераніка Жукоўская таксама не ўпершыню ўдзельнічае ў мерапрыемстве як валанцёр, бо, прызнаецца, ведае, як моцна дзеці чакаюць гэты дзень. “Для мяне быць валанцёрам – гэта пакліканне і шчасце, бо я стала членам вялікай сям’і, якая збіраецца кожны год, каб падрыхтаваць для дзяцей штосьці асаблівае”, – адзначае яна.
Па словах дзяўчыны, за арганізацыяй свята стаіць вялікая каманда людзей, якія прадумваюць усё да дробязей: “Наша агульная мэта – каб кожны ўдзельнік знайшоў сабе занятак па душы і правёў гэты незабыўны час разам з Богам”.

Кс. Юрый Марціновіч адзначае, што сёлета ў падрыхтоўку да свята ўключылася каля сотні валанцёраў з розных гродзенскіх парафій. Святар шчыра дзякуе кожнаму з іх за нераўнадушша і асабісты ўклад у справу на карысць Касцёла.

Ты – дзецям, дзеці – табе

“Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – гэта магчымасць набрацца досведу працы з дзецьмі, – заўважае Дзіяна Валошына. – Кожны па-свойму ўнікальны і да кожнага патрэбен асаблівы падыход. З-за гэтага я насамрэч і вырашыла дапамагчы на свяце, бо мая будучая прафесія звязана з дзецьмі”. Дзяўчына дадае, што ўдзельнікі, гледзячы на валанцёраў, жадаюць быць падобнымі, паўтараюць іх дзеянні: “Ды і ўвогуле, паказваючы прыклад дзецям, мы самі вучымся, становімся бліжэй да Бога”.

“Пабыўшы з дзецьмі, я забылася аб усіх сваіх праблемах і абавязках, – дзеліцца Крысціна Цыбульская. – Цэлы дзень танчыла, скакала і смяялася. Прыехаўшы дадому, зразумела, што атрымала 100% зарадкі ад дзяцей. Гэта той зарад любові і дабрыні, які, напэўна, патрэбны кожнаму чалавеку”.

Юлія Фрэйбергс прызнаецца, што была прыемна ўражана той атмасферай радасці і цеплыні, якая панавала на мерапрыемстве: “Мы адчувалі сябе часткай вялікай і важнай справы – дарыць дзецям свята, каб пакінуць у іх душы незабыўныя ўражанні”. Па яе словах, Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – гэта не проста забавы, гэта магчымасць адчуць сябе любімым і патрэбным: “Усё было накіравана на тое, каб кожнае дзіцё зразумела, што яно асаблівае і важнае”.

“Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – выдатнае свята, прысутнасць на якім дапамагае хлопцам і дзяўчатам лепш зразумець і адчуць сваю веру, развіць духоўнасць, заахвоціць да добрых учынкаў і любові да бліжняга, а яшчэ весела правесці час і знайсці новых сяброў”, – адзначае Ганна Алізаровіч, мама Ангеліны. На яе погляд, удзел у свяце дзяцей разам з бацькамі можа стаць добрай сямейнай традыцыяй.

Падобнай думкай дзеліцца і арганізатар мерапрыемства кс. Юрый Марціновіч: “Хацелася б, каб гэтае свята перарасло ў сапраўднае свята сем’яў нашай дыяцэзіі, удзел у якім будуць прымаць розныя пакаленні. І аб’ядноўваць усіх будуць не толькі забавы, але галоўным чынам малітва”. Па словах святара, такая прысутнасць вернікаў дасць магчымасць убачыць будучыню Касцёла, упэўніцца, што ён будзе далей узрастаць і развівацца.

Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці ўпершыню быў арганізаваны ў пачатку чэрвеня ў 2011 годзе. Сёлета свята прайшло ў 11-ты раз. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Ангеліна Пакачайла