Skip to main content
слова жыцця, 14 (658), 14 ліпеня 2025

Сакральнае мастацтва ёсць жывое Слова. Гэтую мову разумее кожны чалавек, бо ўспрымае яе на ўзроўні пачуццяў. Так лічыць гродзенская мастачка Сняжана Віцецкая. Жанчына не толькі выкарыстоўвае пэндзаль і мальберт як інструменты евангелізацыі, але і сведчыць пра моц хрысціянскага жывапісу ў асабістым жыцці.

У найбольш пакутлівы для спадарыні Сняжаны час да яе звярнуўся святар з просьбай напісаць ікону Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Мастачка дагэтуль не спрабавала сябе ў сакральным мастацтве, але ўсё ж пагадзілася і ўзялася за працу.

“Сам працэс напісання іконы даў мне столькі сілы, нібы хтосьці падняў мяне і напоўніў энергіяй. Вобраз Марыі быў такі прыцягальны, што я не змагла спыніцца. Напісала ажно тры іконы, нягледзячы на тое, што праца над адной займала некалькі месяцаў. Я адчувала, што прыходзіць ацаленне, хоць і не так, як сабе яго ўяўляла”, – дзеліцца суразмоўца.

На той момант Сняжана Віцецкая была ўжо папулярнай мастачкай – пісала гарадскія пейзажы, нацюрморты, нават зрабіла серыю “ню”. Аднак, не зважаючы на самарэалізацыю, яна не была ўпэўнена, што крочыць сваім шляхам. І толькі калі пачала атрымліваць замовы на абразы, зразумела, што адкрыла асабістае пакліканне.

“Людзі гавораць, што маю свой непаўторны стыль. Аднак мне складана акрэсліць, чым канкрэтна мае творы вылучаюцца сярод іншых, – адзначае суразмоўца. – Калі з’яўляецца тэма, я шукаю матэрыял, аналізую работы вядомых мастакоў. Разам з тым, заўсёды стараюся апірацца на натуру, каб выява атрымалася рэалістычнай. Натхняюся ў Бога – галоўнага Творцы”.

Спадарыня Сняжана заўважае, што неаднаразова перажывала дзівосную ласку: пазнаёміўшыся з лёсам пэўнага святога і адчуўшы жаданне напісаць яго абраз, неўзабаве атрымлівала адпаведную замову. Мастачка піша і сучасных дзеячаў нашага Касцёла. Напрыклад, з-пад яе пэндзля выйшаў партрэт першага біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

“З такой прапановай да мяне звярнуўся пробашч катэдры ў Гродне кс. Ян Кучынскі. Адзначыў, што гэта ўжо гісторыя. Калі не мы напішам партрэт, то хто? – распавядае мастачка. – З кс. Янам і біскупам мы абмеркавалі дэталі, вырашылі, што гэта павінен быць класічны вобраз. Аднак, разам з тым, у мяне заставалася вялікая свабода для творчасці”.

Маючы некалькі праектаў у працы, спадарыня Сняжана з асаблівым энтузіязмам узялася за партрэт іерарха. “Калі пішаш святога, вобраз якога шырока прадстаўлены ў іканаграфіі, то вельмі складана ўлавіць яго аўтэнтычныя рысы. А вось працуючы над партрэтам біскупа Кашкевіча, я звярнула ўвагу на характэрныя для лагодных людзей, якія шмат усміхаюцца, маршчынкі. Іх і перадала”, – тлумачыць суразмоўца.

Сярод работ мастачкі асаблівай красамоўнасцю выдзяляецца палатно на тэму “Езус уваскрашае дачку Яіра”. Яно захоўваецца ў асабістай калекцыі, але даступна для зацікаўленых. “Я пісала яго падчас чарговых выклікаў у сваім жыцці, – распавядае жанчына. – Як хрысціянка чытаю Святое Пісанне, і мне быў знаёмы згаданы сюжэт. Тады ён нібы пераследаваў мяне, вельмі яскрава ўзнікаў перад вачыма. Я падумала, што многім людзям трэба пачуць гэтае «ўстань», і напісала абраз. Упэўнена, той, хто на яго глядзіць, умацоўваецца”.

Спадарыня Сняжана лічыць, што сакральнае мастацтва патрабуе вялікай адказнасці. Бога вельмі складана спасцігнуць, а перад творцам стаіць задача Яго паказаць. “Прысутнічае і боязь, і няўпэўненасць, калі пачынаю працу над абразом, – прызнаецца мастачка. – Але я раблю крок даверу і пішу. І ўсё атрымліваецца. Сваімі сіламі? Не ўпэўнена ў гэтым…”.

Ангеліна Марцішэўская