Skip to main content
слова жыцця, 14 (658), 14 ліпеня 2025

У першую нядзелю ліпеня ў капліцы ў Дубку, што адносіцца да парафіi Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках (Смаргонскі дэканат), адбылася ўрачыстая св. Імша, якая цэлебруецца тут толькі раз на год. Вернікі ўшаноўваюць Маці Божую Нястомнай Дапамогі, альбо, як кажуць мясцовыя, Маці Божую Курганскую.

З гісторыі ляснога храма

Штогод на пачатку ліпеня ў Дубок накіроўваюцца вернікі з усёй Беларусі. Кагосьці вабіць прырода, старадаўняя святыня, хтосьці прыязджае памаліцца да Багародзіцы ў асаблівай атмасферы.

Сёлета на ўрачыстасці даехалі пілігрымы і турысты з Гродна, Мінска, Брэста, Астраўца і нават Полацка. У самой вёсцы жыхароў засталося зусім мала, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Хаты дагледжаныя, нібы растуць разам з дрэвамі і навакольнай зелянінай.

Гэтак жа гарманічна, у адзінстве з прыродай, размясцілася і сама капліца – быццам у вёсцы, але ўжо схаваная пачаткам леса. Святыня была ўзведзена самімі мясцовымі жыхарамі з бярвёнаў і валуноў у 1929 годзе. Апекаваўся будоўляй кс. Рамуальд Дроніч, тагачасны пробашч Жодзішкаў. Па яго ініцыятыве ў 1930-я гады паўстала і Марыйная Кальварыя ўздоўж ракі Вілія – сем стацый, прысвечаных сямі балесцям Маці Божай.

Мяркуецца, што ў часы пабудовы капліцы гэтую мясцовасць – тады яшчэ фальварак – называлі Курганамі. Стагоддзі таму тут было шмат курганоў з пахаваннямі продкаў. Дарэчы, на адным з іх магла быць і ўзведзена капліца.

У храме да сёння няма электрычнасці, таму днём унутры натуральнае, прыглушанае святло. Пры ўваходзе вачам адкрываецца старадаўні інтэр’ер: на сценах размешчаны стацыі Крыжовага шляху, а ў алтары барочнага стылю – абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які тутэйшыя і называюць Курганскім.

Побач з Марыяй

Падчас св. Імшы, якая цэлебравалася на вуліцы, пробашч мясцовай парафіі кс. Павел Гардзейчык заахвоціў сабраных маліцца за свае парафіяльныя супольнасці.

“Гэтае напоўненае ласкай месца вядзе нас да Маці Божай. Прасіце Госпада аб апецы Марыі для вас, – сказаў святар. – Асаблівым чынам памолімся за нашы сем’і. За тыя сем’і, якія хочуць мець дзіця, але не могуць. За святароў – у гэтым цудным, напоўненым любоўю месцы”.

У літургіі традыцыйна ўдзельнічалі душпастыры з суседніх мясцовасцей. Эўхарыстыю ўзначаліў а. Казімір Мараўскі OCD з дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Гамілію прамовіў кс. Артур Ляшнеўскі SDB з парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні.
Святар засяродзіўся на Найсвяцейшай Маці і Яе ролі ў жыцці чалавека: “Часта мы самі сябе «старым». А Марыя натхняе рызыкнуць, пайсці ў пілігрымку жыцця.

Можа падавацца, нас у яе ўжо «запісалі». Не, браты і сёстры, гэта толькі прапанова. Можна проста быць, не рухацца. А якая гэта пілігрымка, калі стаяць на адным месцы? Сюды даехаць таксама рызыка. І ў жыцці ёсць «‎але». Хочацца быць як усе, сядзець у сваіх гнёздах... Мы ж пакліканыя быць арламі!”.

З патрэбы сэрца

Кс. Артур Ляшнеўскі ўжо двойчы з міністрантамі і супольнасцю сямей сплаўляўся па Віліі на байдарках у Дубок. Святар падзяліўся, што гэтае месца мае для яго асаблівае значэнне, бо звязана з ушанаваннем памяці сабрата кс. Ізыдора Марціняка SDB, які тут служыў і загінуў мучаніцкай смерцю ў час Другой сусветнай вайны. “Невядома, дзе пахаваны кс. Ізыдор, але ў апошнім лісце, які ён выслаў да нашага тагачаснага настаяцеля, зразумела, што быў у капліцы каля Навасёлак, якую называе Дубкі. Тут целебраваў св. Імшы, чакаючы, што будзе магчымасць пайсці евангелізаваць у Мінск, дзе на той час не было ніводнага святара”, – распавядае кс. Артур.

Яўгенія Шалкоўская з Мілуцяў (Смаргоншчына) на фэст у Дубок прыехала ўпершыню. Гаворыць, што яе сын з унукам ужо тут бывалі. “Я пад вялікім уражаннем! Усё так узнёсла, – дзеліцца жанчына, – праніклася да душы. Прасіла Маці Божую, каб дапамагла мне трохі паправіць здароўе, бо вельмі баляць ногі, і праблемы з лёгкімі ёсць пасля хваробы. Дзякуй Богу, што даў сілы сюды прыйсці…”.

Стацыі Марыйнай Кальварыі расцягваюцца на некалькі кіламетраў. Спадарыня Яўгенія разам з іншымі вырушыла ў гэты малітоўны шлях. На апошняй стацыі жанчына радасна ўсклікнула: “Дайшла!”.

Адна са стацый Марыйнай Кальварыі, “Крыніца ля Багіні”, знаходзіцца на самым беразе ракі і бачная з вады: фігура Марыі ў гроце з камянёў. Там з-пад зямлі б’е крыніца з гаючай вадой. “Людзі прыязджаюць у нашу капліцу з патрэбы сэрца, каб памаліцца і папрасіць Маці Божую аб здароўі, фізічным і духоўным, аб апецы над сем’ямі, у іншых патрэбах”, – зазначае кс. Павел Гардзейчык.

Наталля Мажэйка з Рымдзюноў (Астравеччына) ва ўрачыстасці ў Дубку прымае ўдзел з роднымі кожны год. “Такая прыгожая прырода тут, прыгожы храм. І ўсе інтэнцыі заўжды пачутыя! – гаворыць жанчына. – Сёння прыбылі з інтэнцыяй здароўя для сваіх блізкіх. І, канешне, памаліцца з усімі разам”.

За сваё сужэнства ў пятую гадавіну шлюбу маліліся Міхаіл і Настасся Дудко. Маладая сям’я жыве ў Астраўцы, аб фэсце даведалася з аб’яў у сваім касцёле: “Чаму мы прыехалі? Штосьці ўнутры штурхала, каб паехаць. Мы тут ніколі не былі, і гэта штосьці новае і цікавае для нас. Ды і лепш, чым проста ляжаць на канапе ў нядзелю”.

Капліца ў Дубку прыцягвае ўвагу людзей на працягу ўсяго года. Сюды прыязджаюць на транспарце, плывуць на байдарках, ідуць пешшу. Кожны крочыць да Найсвяцейшай Маці са сваім, тым, што глыбока ў сэрцы. І, напэўна, вяртаецца ў жыццё крыху іншым, суцішаным Божым духам.

Кацярына Паўлоўская