Skip to main content
слова жыцця, 14 (658), 14 ліпеня 2025

Св. Аўгусцін з Гіпона (354–430) унёс вялікі ўклад у дагматычнае вучэнне аб Святой Тройцы. Існуе паданне, што падчас напісання трактата De Trinitate яму прысніўся сон, у якім убачыў дзіця на беразе, што спрабавала выліць змесціва мора з дапамогай ракавінкі ў выкапаную ў пяску ямку. Мужчына паспрабаваў па-даросламу патлумачыць хлопцу бессэнсоўнасць такой працы, але, на здзіўленне, пачуў у адказ: “Я вылью мора ў гэтую ямку хутчэй, чым ты, Аўгусцін, зразумееш сваім розумам таямніцу Святой Тройцы”.

Трэба заўважыць, што сапраўды пазнанне Бога ў Тройцы Адзінага нам не па розуме і сілах, таму просім, каб тое, што неспасціжна, было дапоўнена ў нас верай. Кананічнае адлюстраванне Святой Тройцы, вядомае з першых стагоддзяў хрысціянства, адсылае сузіраючага чалавека да фрагмента Старога Запавету, вядомага як “Гасціннасць Абрагама” (Быц 18, 1–8). У канцы XIX стагоддзя, калі ўвага свецкіх мастацтвазнаўцаў звярнулася на храмавыя выявы, сусветную вядомасць атрымала ікона Святой Тройцы ў інтэрпрэтацыі Андрэя Рублёва. На ёй адлюстраваны тры анёлы, якія размясціліся вакол стала з келіхам. Яны прыбылі да састарэлых Абрагама і Сары з весткай пра будучае патомства. Разважаючы над вобразам гэтых трох пасланцаў, Абрагам спасціг, што яго наведаў Бог.

У XI і XII стагоддзях лацінская хрысталогія паглыбіла разважанні аб жыцці чалавека, які нясе крыж, як Езус Хрыстус. Касцёл увёў у свае ўяўленні аб Святой Тройцы вобраз Сына Божага, прыбітага да крыжа. Нямецкі святар, мастацтвазнаўца Франц Ксаверый Краўс у канцы XIX стагоддзя ўвёў для гэтага іканаграфічнага тыпу адлюстравання Найсвяцейшай Тройцы спецыяльны тэрмін “Трон Ласкі”. Першай выявай па тыпу “Трон ласкі” лічыцца ініцыял літары “T” у каноне Te igitur... (“Айцец бясконца добры...”) Імшала з французскага г. Камбрэ, датаваны 1120-мі гадамі. Літара “Т” уяўляе сабой крыж Хрыста, які падтрымлівае Бог Айцец. Такая выява Трыадзінага Бога, якая выкарыстоўваецца ў гэтым і іншых Імшалах, служыла адлюстраваннем сэнсу эўхарыстычнай малітвы, якая паказвае любоў Бога Айца, што ратуе свет праз укрыжаванне Сына ў Святым Духу.

У 1215 годзе IV Латэранскі сабор сфармуляваў і абвясціў дактрыну аб Царкве як аб эўхарыстычным адзінстве вернікаў і выкарыстаў паняцце “транссубстанцыяцыя” ў дачыненні да Цела і Крыві Хрыстовых. Для візуалізацыі гэтай дактрыны для непісьменных лепш за ўсё падышоў іканаграфічны тып “Трон ласкі”, які стаў распаўсюджвацца па ўсёй Еўропе.

У 1825 годзе ў інвентары касцёла св. Францішка Ксаверыя ў Гродне згадваецца алтар Найсвяцейшай Тройцы. Хутчэй за ўсё, у ім знаходзіўся вялікі абраз Святой Тройцы са старога фарнага касцёла (Фары Вітаўта). Ён быў іканаграфічнага тыпу “Трон Ласкі”. Сёння ў гэтым алтары змешчаны іншы абраз. На яго абароце і на падрамніку ёсць дата “1854”. Прататыпам выявы стала вельмі папулярная ў XIX стагоддзі гравюра з адлюстраваннем Святой Тройцы пэндзля Петэра Паўла Рубенса. Іканаграфічны тып гэтай выявы склаўся пасля Трыдэнцкага сабору і ставіць акцэнт на словах малітвы Credo (“Сімвала веры”), у якой мы сцвярджаем, што верым у тое, што Сын сядзіць праваруч Айца, і зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, таму называецца “су-праўленнем” (ад лац. co-regnum).

У Фары Вітаўта раней знаходзіліся капліца Святой Тройцы над крыптай сям’і Халецкіх і асобна двух’ярусны алтар Святой Тройцы, які ў інвентары 1662 года названы самым старым. Першы ярус антэпендыума алтара ўпрыгожваў вялікі абраз, на якім Бог Айцец (Стары днямі) трымае на руках перакладзіну крыжа з укрыжаваным Сынам, над галавой якога Святы Дух намаляваны ў выглядзе голуба з срэбра.

Уладзімір Ляўшук