Skip to main content
слова жыцця, 14 (658), 14 ліпеня 2025

Пасля Першай сусветнай вайны беларускія землі былі падзелены паміж дзвюма дзяржаўнымі ўтварэннямі: заходняй часткай, якая знаходзілася пад польскім кіраваннем, і ўсходняй часткай, якая стала тэрыторыяй БССР. Гэты падзел стварае пэўныя складанасці для радаводных даследаванняў у міжваенны час (1918–1939 гады), таму што кожная з тэрыторый мела свае асаблівасці ў вядзенні дакументаў, звязаных з насельніцтвам.

У Заходняй Беларусі працягвалі дзейнічаць метрычныя кнігі, якія рэгістравалі падзеі, звязаныя з грамадзянскім станам насельніцтва (нараджэнні, шлюбы і смерці). Гэтыя запісы вяліся ажно да 1950-х гадоў, што тлумачыцца больш мяккімі ўмовамі камунікацыі ў пасляваенны перыяд. Метрычныя кнігі з’яўляюцца каштоўнай і першараднай крыніцай інфармацыі для генеалагічнага пошуку, так як яны часта ўтрымліваюць больш дакладныя дэталі пра продкаў, падзеі, звязаныя з іх жыццём і іх сямейнымі адносінамі.

Дакументы польскага перыяду захоўваюцца ў архівах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, а таксама ў Маладзечанскім занальным архіве і ў некалькіх установах Літвы і Польшчы (Літоўскі Цэнтральны архіў, Цэнтральны ваенны архіў Польшчы, Архіў новых актаў у Варшаве і інш.). Для ўсходняй часткі Беларусі карыснымі будуць абласныя і занальныя архівы, архівы грамадскіх аб’яднанняў, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь і некаторыя архівы Расіі, такія як Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі і Расійскі дзяржаўны архіў найноўшай гісторыі.

У той жа час ва Усходняй Беларусі функцыянавалі ЗАГСы, што азначала іншы падыход да рэгістрацыі грамадзянскіх актаў. Тут важна ўлічваць, што БССР стварыла сваю сістэму дакументазвароту, арыентаваную на партыйныя і дзяржаўныя патрэбы. У адрозненне ад заходняй часткі краіны, дзе рэлігіі і цэрквы адыгрывалі значную ролю ў вядзенні запісаў, у БССР акцэнт рабіўся на сацыялістычныя ідэі і дзяржаўныя інстытуты.

Адным з важных аспектаў генеалагічнага пошуку з’яўляюцца перапісы насельніцтва. У польскім перыядзе практычна не захаваліся даныя перапісаў, што значна ўскладняе пошук. Аднак ёсць альтэрнатыўныя крыніцы, такія як спісы тых, хто галасаваў на выбарах у Сейм і Сенат, якія могуць аказацца карыснымі для сацыялагічнага аналізу і разумення сацыяльнага кантэксту. У той час як у БССР маюцца добра захаваныя сельскагаспадарчы і ўсесаюзны перапісы (або спісы хатніх гаспадароў) 1925–1926 гадоў, школьны і гарадскі перапісы 1927 года, якія прадстаўляюць важную інфармацыю аб насельніцтве і яго структуры.

Для БССР асаблівую каштоўнасць уяўляюць пасямейныя спісы, спісы калгаснікаў, пратаколы сходаў і заявы на ўступленне ў калгасы. Гэтыя дакументы могуць даць важную інфармацыю аб сямейных сувязях, а таксама аб сацыяльным і эканамічным становішчы жыхароў у сельскай мясцовасці. Таксама неабходна ўлічваць партыйныя дакументы, якія часта ўтрымліваюць даныя аб мясцовых партыйных арганізацыях і іх членах. Пры ўступленні ў партыю кандыдаты запаўнялі вельмі падрабязныя анкеты, у якіх адзначалі блізкіх і далёкіх сваякоў.

Варта звярнуць асаблівую ўвагу на змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні, якія адбыліся ў гэты перыяд, што ўплывае на выбар архіўных устаноў пры пошуку, пэўных фондаў і сходаў дакументаў для вывучэння, стратэгій і падыходаў працы, а таксама на даступнасць дакументаў і іх інтэрпрэтацыю. Агульнымі або падобнымі для абедзвюх частак Беларусі застаюцца дакументы падатковага ўліку, страхавання маёмасці, дакументы па зямельных адносінах (дагаворы куплі-продажу, арэнды, крэдытавання, залогаў і г. д.), ваенных устаноў (прызыўныя спісы, конскія перапісы і інш.), сацыяльнага забеспячэння (па выплатах розных дапамог), а таксама судовыя і паліцэйскія фонды, якія могуць дапамагчы ў пошуках.

Такім чынам, генеалагічны пошук у міжваенны перыяд на беларускіх землях патрабуе комплекснага падыходу, ведання спецыфікі захоўвання дакументаў і гістарычнага кантэксту, што дазваляе даследчыкам больш дэталёва вывучаць сямейныя гісторыі і сацыякультурныя аспекты дадзенага часу.

Аляксей Білецкі