Skip to main content

Малец - Гродзенская дыяцэзія

Прыміцыйная Імша кс. Дзмітрыя Мальца адбылася ў яго роднай парафіі

malec primicija 6515 лістапада ў сваёй роднай парафіі Святой Сям’і ў Лідзе цэлебраваў сваю першую Эўхарыстыю новапрэзбітэр Дзмітрый Малец, якому днём раней удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч у гродзенскай катэдры.

Прыміцыйная ўрачыстасць распачалася ў родным доме кс. Дзмітрыя. Ён атрымаў благаслаўленне ад бацькоў і ў працэсіі вырушыў да парафіяльнай святыні. На парозе касцёла маладога святара прывітаў пробашч кс. Руслан Мазан, а затым новапрэзбітэр накіраваўся да алтара, дзе правёў кароткі час у малітве і падрыхтоўцы да сваёй першай самастойна цэлебраванай Эўхарыстыі.

Раздзяліць з ім радасць гэтага свята прыбылі шматлікія вернікі парафіі Святой Сям’і, з якой паходзіць кс. Дзмітрый, госці з суседніх парафій, святары, семінарысты, родныя і блізкія.

На пачатку Імшы новапрэзбітэр сардэчна прывітаў усіх прысутных і агучыў інтэнцыю, у якой маліўся падчас Эўхарыстыі.

У гаміліі кс. Павел Скуба, пробашч парафіі святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготне (Дзятлаўскі дэканат), нагадаў пра прыгажосць святарства, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці, з якімі можа сустрэцца новапрэзбітэр. Ксёндз Павел заахвоціў маладога святара быць верным у сваім пакліканні да служэння Хрысту і ўсяму Касцёлу.

malec primicija 55

На заканчэнне Імшы кс. Дзмітрый Малец падзякаваў усім прысутным за малітву, падтрымку і асабісты ўклад кожнага, каго сустрэў на сваім шляху, у паглыбленне яго веры і паклікання. Затым ён удзяліў прыміцыйнае благаслаўленне святарам, семінарыстам, бацькам, законным сёстрам і ўсім прысутным.

Пасля Імшы ён разам з вернікамі накіраваўся да магілы спачылага кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, які быў пробашчам яго роднай парафіі і зрабіў вялікі ўклад у развіццё яго паклікання і веры, а таксама быў прыкладам добрага пастыра для новапрэзбітэра.

Андрэй Юхнік

 

Дыякан Дзмітрый Малец прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне

malec sw 614 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякану Дзмітрыю Мальцу, выпускніку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Урачыстая Імша з захаваннем усіх мер засцярогі, звязаных з пандэміяй каранавірусу, адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

На Эўхарыстыі сабраліся святары, сёстры законныя, бацькі і родныя дыякана, а таксама вернікі катэдральнай парафіі, дзе ён у апошні час праходзіў літургічна-душпастырскую практыку.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што праз гэтае пасвячэнне Бог узбагачае свой Касцёл, пасылаючы яму яшчэ аднаго слугу Хрыстовага Евангелля, памочніка біскупа ў пастырскім клопаце пра даручаны яму верны народ.

“Сакрамэнт святарства – заклік развіваць і памнажаць гэты незаслужаны дар праз стараннае, руплівае і бескарыслівае служэнне Богу і Яго народу”, – дадаў іерарх.

Таму, адзначыў ён, гэты дзень для ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі з’яўляецца днём падзякі Пану і малітвы аб тым, каб ласка пасвячэння прынесла плён духоўнага ўзрастання Касцёла. “Верым і спадзяемся, што Марыя паклапоціцца пра тое, каб не было недахопу ў пакліканнях да служэння Богу – пакліканнях шматлікіх і святых”, – сказаў біскуп.

Звяртаючыся да дыякана, які прымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, іерарх заўважыў, што сучасны свет ставіць перад кожным святаром вялікі выклік, які трэба прыняць. “Сённяшні чалавек і ўсё грамадства закрануты рознымі хваробамі духу, якія чакаюць паспяховых, боскіх лекаў: праўды, разумення, паяднання, прабачэння і міласэрнасці”, – адзначыў ён.

Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, Хрыстус хоча карыстацца кожным святаром для таго, каб сучасны чалавек знайшоў шлях праўды, які вядзе да Бога Айца; каб сумныя і параненыя людзі, тыя, якія трапілі ў роспач і згубленыя, пасля сустрэчы са святаром атрымлівалі крыху радасці і надзеі, засеянай у сэрцы Божым словам і Яго ласкай.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп выказаў словы ўдзячнасці ксяндзу рэктару Віталію Вайцяхоўскаму, усім мадэратарам і выкладчыкам семінарыі ў Гродне за штодзённы клопат і намаганні ў гэтым адказным служэнні і за падрыхтоўку новапрэзбітэра да пасвячэння.

Таксама іерарх узгадаў спачылага месяц таму ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца, пробашча парафіі Святой Сям’і ў Лідзе – роднай парафіі новапрэзбітэра, – які стаяў ля вытокаў яго паклікання. 

malec sw 16

Словы асаблівай, вельмі глыбокай удзячнасці біскуп адрасаваў бацькам новапасвячанага прэзбітэра. Ён пажадаў ім, каб яны заўсёды ганарыліся сваім сынам і цешыліся, што сам Хрыстус яго выбраў і паклікаў, каб стаўся Яго вучнем і слугою. Іерарх заахвоціў іх падтрымліваць служэнне сына бацькоўскай малітвай, “якая мае вялікую моц, а таксама ўчыніць яго паслугу яшчэ больш плённай і мілай Пану Богу”

Ксяндзу Дзмітрыю біскуп яшчэ раз нагадаў, што сённяшні свет і людзі, якія ў ім жывуць, асабліва маладыя, патрабуюць святых святароў, адданых душпастыраў, добрых спаведнікоў і чулых духоўных кіраўнікоў, якія заўсёды будуць мець для іх час. 

“Для кожнага чалавека, якога Хрыстус паставіць на тваім шляху, будзь выразным і сапраўдным знакам прысутнасці Збавіцеля сярод свайго люду. Кожнаму чалавеку нясі Божае Слова, раздавай Божую ласку, бо, служачы іншым, будзеш выконваць місію самога Хрыста”, – дадаў іерарх.

Усіх прысутных у касцёле біскуп папрасіў агарнуць малітвамі ўсіх семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства ў гродзенскай семінарыі, і прасіць Пана жніва, каб пасылаў новых работнікаў на жніво сваё.

Няхай будзе хвала Богу за новага святара, які далучаецца да прэзбітэрыя Касцёла на Гродзеншчыне і ўжо хутка будзе пасланы ў сваю першую парафію, каб распачаць служэнне.

Ксяндзу Дзмітрыю хочам пажадаць, каб здолеў сваім жыццём пераконваць свет у прыгажосці Евангелля і быў доказам таго, што святло Добрай Навіны мацнейшае за змрок зла.

Няхай на першым месцы ў яго жыцці заўсёды будзе Хрыстус, бо толькі з Ім ён, намашчаны святым алеем хрызма, зможа любіць людзей Божай любоўю, а руплівае абвяшчэнне Евангелля няхай учыніць яго Добрай Навіной для свету.

Ксёндз Дзмітрый Малец нарадзіўся 18 чэрвеня 1996 г., паходзіць з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе (Лідскі дэканат). Дыяканскае пасвячэнне прыняў 16 лістапада 2019 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі.

Потым быў скіраваны на служэнне ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат). У апошні час служыў у катэдральным касцёле ў Гродне.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Павел Леановіч