Абуджаць жаданне шукаць Нованароджанага Езуса: фестываль “Gloria in excelsis Deo” прайшоў у Іўі
29 студзеня ў Іўі адбыўся ХХ фестываль калядных песень “Gloria in excelsis Deo”. Яго гісторыя пачалася ў 2003 годзе, і ўжо на працягу двух дзесяцігоддзяў маштабны творчы форум збірае дзяцей і моладзь з усяго дэканату, каб праславіць Нованароджанага Збаўцу.
Фестываль пачаўся святой Імшой у інтэнцыі яго ўдзельнікаў, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Канференцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У гаміліі, разважаючы над урыўкам з Евангелля паводле Мацвея пра восем благаслаўленняў, біскуп адзначыў, што ў гэтых благаслаўленнях Езус абагульняе новы “запавет”, які прадстаўляе не як закон або катэгарычны прысуд, а як абяцанне і запрашэнне. Менавіта запаведзі сталі праграмай, якая дае магчымасць стаць хрысціянінам, – звярнуў увагу іерарх.
На пачатку канцэрту біскупскі вікарый па Лідскай акрузе Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй прачытаў прывітальнае слова біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Іерарх падкрэсліў, што, нарадзіўшыся ў беднай бэтлеемскай стаенцы, Пан Езус становіцца салідарным з кожным без выключэння чалавекам, дае нам выразны знак, што шлях да збаўлення адкрыты для ўсіх, таксама і для бедных, пакутуючых, выключаных, малых і слабых паводле катэгорый гэтага свету.

Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што гэтыя ўзнёслыя, вялікія праўды хрысціянскай веры цудоўна выражаюцца ў простых словах і прыгожых мелодыях незлічоных калядак і пастаралак, якімі на нашых землях верны люд шмат стагоддзяў праслаўляе Пана Бога. Гэта “дзівосная, бясцэнная спадчына веры і культуры, якую мы атрымалі ад папярэдніх пакаленняў і за захаванне якой адказныя перад тымі, якія прыйдуць пасля нас”.
“Дэканальны фестываль калядак і пастаралак “Gloria in excelsis Deo” ў Іўі – падзея вялікай каштоўнасці, бо спрыяе захаванню і памнажэнню скарбаў нашай рэлігійнай культуры. А яскравым сведчаннем вялікай запатрабаванасці культурных імпрэзаў такога кшталту з’яўляецца вялікая і пастаянна ўзрастаючая колькасць удзельнікаў фестывалю – парафіяльных гуртоў, хораў, салістаў, – як і гледачоў, якія жадаюць глыбокіх духоўных перажыванняў і ўзнёслых эстэтычных уражанняў”, – напісаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў арганізатарам, дабрадзеям і ахвярадаўцам, якія велікадушна і бескарысліва ўзялі на сябе працу падрыхтоўкі і арганізацыі фестывалю, а таксама назірання над яго паспяховым праходжаннем.
“3 усяго сэрца дзякую гарадскім і раённым уладам у Іўі, якія штогод з вялікай прыхільнасцю і зацікаўленасцю рознымі спосабамі падтрымліваюць Фестываль калядак і пастаралак. Дзякую ўсім выканаўцам, гуртам і салістам за тое, што захацелі ўзяць удзел у фестывалі і падзяліцца з аўдыторыяй сваімі талентамі і ўменнямі”, – дадаў біскуп Кашкевіч.
Старшыня беларускага епіскапату, звярнуўшыся да прысутных з прывітальным словам, заахвоціў іх праз прыгожыя хвіліны фестывалю “адкрыць для сябе таямніцу Нараджэння Хрыста і паспрабаваць згодна з ёю жыць, каб сённяшняе нялёгкае жыцце мела добрыя хвіліны, надзею і прыгажосць, якую маем разам будаваць і прасіць, каб Бог гэта благаславіў”.
Старшыня Іўеўскага раённага выканаўчага камітэту Ігар Генец, звяртаючыся да сабраных, сказаў: “У дваццаты раз адзначаем радасную падзею. Наша іўеўская зямля асаблівая. У міры і салідарнасці жывуць на ёй людзі розных канфесій. Зусім нядаўна ў гэтай зале збіраліся з нагоды 625-годдзя пасялення татар на Іўеўшчыне. А зараз святкуем дваццаты каталіцкі фестываль, які далучае да святога і духоўнага”.
У гэтым годзе “Gloria in еxcelsis Deo” сабраў каля 140 удзельнікаў з амаль усіх парафій Іўеўшчыны. Падчас канцэрту дзеці і моладзь з вялікай радасцю і энтузіязмам паказвалі свае таленты і праслаўлялі Езуса. Асаблівасцю сёлетняга фестывалю сталі не толькі музычныя нумары, але і тэатральнае выступленне. Праз увесь канцэрт перадавалася атмасфера сапраўднага сялянскага святкавання Божага Нараджэння: з куццёй і калядаваннем.

Фестываль яшчэ раз пацвердзіў, што беларуская зямля мае сапраўды здольных маладых людзей, якія жадаюць ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне.
Два дзесяцігоддзі маленькае Іўе ў глыбіні Беларусі напаўняецца каляднымі спевамі, фестываль яднае людзей. Гэтыя два дзесяцігоддзі для некага сталі добрым успамінам і сямейным святам.
Варта спадзявацца, што яркі і незабыўны фестываль пакрочыць у трэцяе дзесяцігоддзе і збярэ яшчэ больш таленавітых дзяцей і моладзі, каб праслаўляць Нованароджанага Збаўцу.
Раман Ярмош
Фота: Раман Ярмош, Станіслаў Зянкевіч – газета “Іўеўскі край”

31 студзеня ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу адбыўся XVIII фестываль калядных песень і пастаралак “Gloria in Excelsis Deo”.
4 кастрычніка Рыма-Каталіцкі Касцёл успамінае святога Францішка, заступніка навакольнага асяроддзя і аднаго з апекуноў парафіі ў Іўі. У адным з алтароў парафіяльнага касцёла знаходзіцца абраз святога, датаваны 1784 годам.
16 верасня Іўеўская раённая бібліятэка адзначала 75 гадоў свайго існавання.
5 верасня ў дзяцей з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, якія нядаўна прыступілі да Першай Камуніі, заканчваўся “Белы тыдзень”, як называецца тыдзень пасля яе прыняцця. У гэты дзень дзеці разам з пробашчам парафіі кс. Янам Гавецкім здзейснілі пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
30 жніўня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі. Да эўхарыстычнага стала ў гэты дзень прыступілі і прынялі Езуса Хрыста ў свае сэрцы 62 дзіцяці.
9 жніўня вернікі іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла развіталіся са сваім вікарыем. Ксёндз Артур Валчкевіч накіроўваецца на служэнне пробашчам парафіі святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах. Ён застанецца служыць у тым жа дэканаце.
1 жніўня 1943 г. манахіні Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка. З гэтай нагоды 31 ліпеня ў лесе адбылася святая Імша.
31 ліпеня татары Іўя адзначалі Курбан-байрам, адно са сваіх найважнейшых святаў.
30 ліпеня міністранты з Іўя здзейснілі падарожжа ў Будслаў. На сваім шляху група з дзевяці чалавек наведала таксама мінскую архікатэдру і касцёл у Вішневе.
Цёплым суботнім вечарам 25 ліпеня вернікі іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла сабраліся каля цудадзейнага абраза Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
25 ліпеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажарнай службы Беларусі. Раніцай 24 ліпеня па ініцыятыве супрацоўнікаў Іўеўскага РАНС адбылася святая Імша ў парафіяльным касцёле свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
Штогод на тракельскі фэст, які адбываецца ў другую пятніцу і суботу ліпеня, збіраюцца тысячы пілігрымаў. Але сёлета пандэмія каранавірусу змяніла планы вернікаў. Пілігрымкі былі адменены, а сама дыяцэзіянальная ўрачыстасць перанесена на невядомы срок.
10 ліпеня з Сурвілішак вырушыла 23-я пілігрымка Іўеўскага дэканату да Маці Божай Тракельскай.
29 чэрвеня Касцёл адзначае ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. У многіх святынях нашай краіны аддаецца пашана гэтым апосталам, якія стаялі ля пачаткаў Касцёла. У гэты дзень Касцёл ушаноўвае іх мучаніцтва. Святыя Пётр і Павел, хоць і прымалі цярпенне ў розны час, заўсёды былі адным.
14 чэрвеня ў парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адбылася працэсія Божага Цела.
27 мая вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі павіншавалі свайго пробашча кс. Яна Гавецкага з 30-годдзем святарства ў Хрыстовым Касцёле.
18 мая Каталіцкі Касцёл адзначаe стогадовы юбілей з дня нараджэння Вялікага Папы Яна Паўла ІІ. Напярэдадні гэтай гадавіны, 17 мая, дзеці іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла прачыталі вершы, прысвечаныя гэтаму святому.
Літургічная служба алтара парафіі святых Пятра і Паўла ў Іўі дзве ночы стаяла ў ганаровай варце пры Гробе Пана.
8 красавіка, у Вялікую сераду, вернікі іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла прайшлі Крыжовым шляхам.
2 красавіка прыпала 15-я гадавіна смерці Яна Паўла ІІ, сёння ўжо святога. Як і пятнаццаць гадоў таму, 2 красавіка 2005 года, у 21 гадзіну 37 хвілін званы іўеўскага касцёла аплаквалі нашага Вялікага Папу, так знанага, блізкага і любага сябра.
27-28 сакавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB праводзіў велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
Чатыры каманды з Іўеўскага дэканату ўдзельнічалі ў XXIX Міжнародным турніры па футболе ў Варшаве, які арганізавала Каталіцкае спартыўнае таварыства Рэспублікі Польшча.
19 студзеня ў Іўі адбыўся XVII фестываль калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”. Фестываль, які праходзіў у гарадскім доме культуры, сабраў каля 300 удзельнікаў з розных парафій Іўеўскага дэканату.