Біскуп Кашкевіч у ноч Божага Нараджэння: Езус Хрыстус просіць аб нашай любові
У ноч Божага Нараджэння святую Імшу пастэрку ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі i яго супрацоўнікі.
На Эўхарыстыі прысутнічалі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і Евангелічна-Лютэранскай Царквы. Каб перажыць хвіліны прыйсця ў свет Пана, у святыні сабраліся вернікі парафіі i жыхары горада, з малітоўным настроем і вялікай радасцю ў сэрцы.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што Пан Езус хоча да нас прыходзіць, хоча застацца сярод нас, даваць нам сябе і вучыць нас дзяліцца сабою з бліжнімі.
“Пан Езус нараджаецца для нас і ў нас. Бог нябачны і бясконцы становіцца Дзіцяткам, дазваляе Яго ўбачыць, дакрануцца да Яго, загарнуць у пялюшкі і пакласці ў яслі, каб мы зноў мелі адвагу паверыць любові і жыць любоўю для іншых”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Сын Божы стаў Дзіцяткам, бо жадае чалавечай любові. “Ён просіць аб нашай любові. Жадае абудзіць у нас гэтае найпрыгажэйшае пачуццё, гэты найцудоўнейшы Божы дар”, – адзначыў біскуп.

Іерарх дадаў, што, на жаль, ёсць людзі, чые сэрцы закрытыя на гэтую Божую любоў, але прысутнасць вялікай колькасці вернікаў у святыні – доказ таго, што яны хочуць прыняць Езуса, паверыць у Яго любоў, хочуць дзяліцца ёю з бліжнімі.
“Жадаем, каб сэрца кожнага з нас стала Бэтлеемам – “Домам хлеба”, домам, адчыненым для бліжняга, домам, поўным любові, дабрыні і спачування. Хоць нашы сэрцы недасканалыя, хоць часам яны нагадваюць бэтлеемскую стаенку, бо ў іх беспарадак, грахі і занядбанні, як ва ўсіх людзей, – верым, што Пан Езус імі не пагардзіць, што ўвойдзе і застанецца ў іх, што пераменіць іх сваёй бясконцай любоўю і ўсемагутнай ласкай”, – сказаў біскуп.
Ён падкрэсліў, што гэтая моц выведзе кожнага з цемры эгаізму, нянавісці, зайздрасці, абыякавасці, пыхі і навучыць жыць у святле, гэта значыць у любові, прабачэнні, разуменні, спачуванні, служэнні, дапамозе, дабрыні і павазе да іншага чалавека.
“Гэтая боская моц дапаможа нам зразумець, які вялікі, цудоўны, прыгожы і дарагі ў Божых вачах кожны чалавек. Гэтая моц, якую дасць нам Езус Хрыстус, учыніць і нас вялікімі, бо навучыць пераймаць, хаця б нават слаба і няўмела, любоў і дабрыню нашага Створцы”, – адзначыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

Біскуп заахвоціў усіх прысутных сустрэць Пана Езуса найперш у сваіх сэрцах – Бога прыніжанага, пакорнага, народжанага ў стайні, пакладзенага ў яслі.
“Жадаем схіліць перад Табою не толькі нашы калені, але і ганарыстыя розумы, і гордыя чолы, і напышлівыя сэрцы. Хочам дазволіць, каб вера вяла нас да Езуса, каб дапамагла нам убачыць у Немаўляці праўдзівага Бога, які з любові да нас стаўся праўдзівым чалавекам”, – сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што калі Яго сёння сустрэнем, станем падобныя да пастухоў і вернемся дадому духоўна перамененыя, азораныя, шчаслівыя, праслаўляючы Бога за ўсё, што бачылі і чулі.
На заканчэнне літургіі іерарх сардэчна пажадаў вернікам вясёлых і спакойных святаў Божага Нараджэння ў іх доме, сярод самых блізкіх.
Кс. Юрый Марціновіч

Святую Імшу пастэрку ў ноч Божага Нараджэння ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (бернардынскі) цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Разам з іерархам Імшу канцэлебравалі пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Ханько і яго супрацоўнікі.
Святую Імшу Пастэрку ў ноч Божага Нараджэння ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Заўсёды чакаем прыйсця Адвэнту як шансу на больш узвышаны дыялог з Госпадам, асабістае ўнутранае перамяненне, а можа, і на змены знешнія: новую працу або паляпшэнне атмасферы ў сям’і. Сёлета, магчыма, спадзяёмся і на больш маштабныя змены: што скончыцца пандэмія, якая ўжо надакучыла, і адродзіцца супакой і згода ў краіне.

19 студзеня маладыя артысты з Тэатра імя св. Яна Паўла ІІ, які дзейнічае пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка), паказалі спектакль-містэрыю пад назвай “Калі хочаш быць шчаслівым...”.
19 студзеня ў Іўі адбыўся XVII фестываль калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”. Фестываль, які праходзіў у гарадскім доме культуры, сабраў каля 300 удзельнікаў з розных парафій Іўеўскага дэканату.
19 студзеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у межах XVII фестывалю калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”, які праходзіў у гарадскім доме культуры ў Іўі, наведаў парафію свв. апосталаў Пятра і Паўла, дзе цэлебраваў святую Імшу.
11 студзеня ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для навучэнцаў Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра. На сустрэчы сабраліся навучэнцы і выкладчыкі духоўнай навучальнай установы.
4 студзеня ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі дзеці разам з бацькамі з душпастырства сямей "Оpen Families" паказалі каляднае прадстаўленне. Анёлы, пастушкі, тры каралі, Юзаф з Марыяй і ншыя біблійныя героі былі ўвасоблены на імправізаванай сцэне. Акцёры нанова прадставілі гледачам усім вядомую гісторыю пра прыйсцё Божага Сына ў свет.