Біскуп Яшэўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам Зэльвы
28 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Зэльве (Слонімскі дэканат).
Святую Імшу, на якой быў удзелены сакрамэнт, узначаліў у парафіяльным касцёле дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі пробашч парафіі ў Зэльве кс. Яцэк Маркель, пробашч парафіі ў Азёрах кс. Томаш Ксёнжкевіч і пробашч парафіі ў Міжэрычах кс. Дзяніс Шмыгін.

Як паведамляе zelwa.by, вернікі шчыра прывіталі біскупа, сустрэўшы яго прыгожым караваем і спевамі, у якіх праслаўлялі Пана Бога, Найсвяцейшую Панну Марыю і Духа Святога.
Пробашч, вітаючы ўдзельнікаў урачыстасці, адзначыў, што прысутнасць біскупа – не толькі яго першы візіт на зэльвенскую зямлю і ў гэтую парафію, але і знак умацавання веры, увасабленне Першасвятара Езуса Хрыста, які прыходзіць да кожнага верніка: “Для зэльвенцаў гэта вельмі важны момант, бо праз такую значную сустрэчу мы ўсе разам будзем дзякаваць Богу і прасіць аб веры для кожнага, для ўсёй супольнасці”.

У гаміліі біскуп адзначыў, што канфірмацыя – сакрамэнт, у якім чалавек надзяляецца дарамі Духа і яшчэ мацней звязваецца з супольнасцю Касцёла.
“Давайце вызнаваць сваю веру, не цурацца яе. Бог сваёй айцоўскай любоўю прабачыць нам не адзін грэх за тое, што мы праз жыццё пранеслі веру і былі Яму верныя”, – сказаў іерарх.
Ён заклікаў тых, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, заўсёды быць сапраўднымі хрысціянамі, пажадаўшы, каб Дух Святы распаліў у іх душах любоў да Бога і бліжняга.

Канфірмаваныя парафіяне і іх бацькі выказалі падзяку біскупу. Словы падзякі былі выказаны таксама пробашчу, які клапаціўся аб падрыхтоўцы моладзі і дарослых да гэтай урачыстасці і паказвае прыклад хрысціянскага веравызнання.
Пасля Імшы вернікі падзяліліся ўражаннямі.
“Вельмі хваляваліся падчас падрыхтоўкі і на пачатку Імшы, – кажуць дзяўчынкі Арына і Паліна. – Хваляванне трошкі пачало праходзіць, калі біскуп Аляксандр падзяліўся сваімі першымі ўражаннямі аб зэльвенскай святыні, адзначыўшы, што яму спадабаліся не толькі прыгожая ўладкаваная прыкасцёльная тэрыторыя і ўнутранае ўбранства касцёла, але і вялікая супольнасць вернікаў, якая сабралася, каб разам памаліцца, прызнацца ў сваёй веры і раздзяліць радасць канфірмацыі. Пасля дотыку біскупа стала неяк лёгка і спакойна. Упэўнены, што пранясём веру ў Бога праз усё жыццё”.
“Была сур’ёзная падрыхтоўка да канфірмацыі, найперш духоўная, – дзеляцца Ірына, Марыя і Аліна. – Сумленна і шчыра падышлі да прыняцця сакрамэнту і адкрываем свае душы насустрач Духу Святому, праз якога будзем праслаўляць любоў да Бога, з якім будзем крочыць па жыцці”.
“Самае галоўнае – я жыву з Богам, я крочу з Ім па жыцці, мяне аберагае Святы Дух, – выказвае сваю думку Ганна. – За гэта я вельмі ўдзячна, у першую чаргу, ксяндзу Яцэку, бацькам, родным. Сённяшняя ўрачыстасць – нагода да радасці, што я разам з іншымі хрысціянамі буду вызнаваць сваю каталіцкую веру і прызнавацца ў любові да Бога, да бліжняга”.

30 студзеня Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў Смаргонь — свой родны горад, — дзе ў парафіі святога Арханёла Міхала, у якой нясуць служэнне салезіяне, узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ва ўрачыстасць святога Яна Боско, заснавальніка салезіянскага таварыства.


20 ліпеня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся першы тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску.
17 чэрвеня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў 25-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння.
14 чэрвеня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася прыміцыйная Імша а. Аляксея Марыі Юхневіча OFMConv.