Аплаткавая сустрэча для бедных адбылася ў Гродне
21 снежня напярэдадні святаў Божага Нараджэння ў Гродне адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча для бедных, бяздомных i маламаёмных людзей. На сустрэчы сабралося больш за 100 чалавек, якія штодзённа сутыкаюцца з рознымі праблемамі.
Штогод у гэты перадсвяточны час Касцёл хоча паказаць такім людзям, што яны не пакінутыя, што заўсёды могуць атрымаць патрэбную падтрымку, бо, як падкрэслівае Святы Айцец Францішак, “любоў да бедных знаходзіцца ў цэнтры Евангелля”.
Абед для ўдзельнікаў сустрэчы, як і кожны год, прыгатавалі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) разам з валанцёрамі пры падтрымцы Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі.

На святочную сустрэчу з беднымі прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. канонік Раман Рачко, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч. Прысутнічаў таксама пастар лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.
Усіх прывітаў кс. Раман Рачко, які растлумачыў традыцыю дзялення аплаткай і яе сімволіку. Святар падкрэсліў, што святы Божага Нараджэння заахвочваюць людзей быць добрымі адзін да аднаго і старацца дзяліцца любоўю.

Пастар Уладзімір Татарнікаў выказаў сабраным віншаванні, адзначыўшы, што святы заўсёды яднаюць людзей у адну сям’ю і нясуць неабходную надзею.
Трымаючы ў руках аплаткі, духавенства дзялілася імі з удзельнікамі сустрэчы, жадаючы тым найперш міру і патрэбных дароў Пана Бога.

На абед удзельнікам былі прапанаваны фасолевы суп, бульба, а на дэсерт пончык і кампот з сухафруктаў. Таксама яны атрымалі з сабой сімвалічныя прадуктовыя падарункі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы надзеі на лепшае заўтра.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Вольга Сяліцкая

18 снежня навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне здалі апошнія залікі, а таксама скончыліся лекцыі і заняткі першага семестра. Традыцыйна перад ад’ездам на святочныя канікулы ў семінарыі адбылася аплаткавая сустрэча.
18 студзеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з навучэнцамі і выкладчыкамі «Міждыяцэзіяльных курсаў сямейнага жыцця».
Ужо традыцыйна ў студзені айцы піяры правялі аплаткавую сустрэчу са сваімі бацькамі ў Шчучыне.
На завяршэнне літургічнага перыяду Божага Нараджэння ў парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні адбылася аплаткавая сустрэча з парафіяльным хорам “Барка”.
11 студзеня ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для навучэнцаў Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра. На сустрэчы сабраліся навучэнцы і выкладчыкі духоўнай навучальнай установы.