Туды, дзе хадзілі святыя
Напрыканцы ліпеня, калі ўжо адшумелі пілігрымкі ў санктуарыі Маці Божай у Будславе і Тракелях, ладзіцца пілігрымка да месца мучаніцкай смерці і пахавання сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія загінулі падчас ІІ Сусветнай вайны.
Гродна – Навагрудак
Упершыню паломнікі вырушылі з Гродна ў Навагрудак у 2010 годзе. За арганізацыю пілігрымкі адказвалі сёстры назарэтанкі, а ўзначальваў яе кс. Віталій Внароўскі. Падчас шляху гучала шмат малітваў, спеваў, аповедаў пра кожную з 11 бласлаўлёных манахінь, якія ў ваенны час аддалі сваё жыццё ў ахвяру за мірных жыхароў.
У пілігрымцы крочыла пераважна моладзь з некалькімі старэйшымі асобамі. Невялікая колькасць паломнікаў стала галоўнай асаблівасцю пілігрымкі, што надавала ёй цёплую, сямейную атмасферу, якая так моцна палюбілася ўдзельнікам. “Калі ідзеш у шматлюднай пілігрымцы, часам нават можаш не ведаць імя чалавека побач. А пілігрымка ў Навагрудак – гэта як Божая сям’я. Усе блізкія, клапоцяцца адзін пра аднаго. Такія адносіны кранаюць да глыбіні душы”, – адзначае Вольга Рашкоўская.
Ды і не сакрэт, што гасціць невялікую групу людзей куды лягчэй, таму праблем з начлегамі ці абедамі звычайна не ўзнікала. “Я таксама дапамагала з арганізацыяй: рыхтавала спеўнікі, праводзіла рэгістрацыю паломнікаў, крыху гатавала на палявой кухні. Дапамагчы – гэта святая справа”, – дадае спадарыня Вольга.
Увечары пілігрымы збіраліся разам, каб разважаць над Божым словам. “Было цікава назіраць, як людзі дзяліліся сваімі духоўнымі перажываннямі, маліліся, і як Бог дзейнічаў у іх. Гэта мяне ўмацоўвала. І невядома яшчэ, хто каго ў той момант больш фармаваў”, – дзеліцца кс. Віталій Сідорка, які ў наступныя гады пераняў эстафету духоўнага кіраўніка пілігрымкі.
Трэба адзначыць, што паломнікі крочылі не сталымі маршрутамі, як гэта бывае ў выпадку большасці пілігрымак, але штораз іншымі – шмат эксперыментавалі. “Часам выбіралі такія сцежкі, праз якія, здаецца, ніколі ў жыцці сам не пайшоў бы, – дадае з усмешкай кс. Віталій. – Аднак каштоўнасць гэтага паломніцтва ў тым, што ідзеш і молішся дарогай да святых, якія хадзілі па той жа зямлі, што і ты”.
Спадарыня Вольга прызнаецца, што сведчанне бласлаўлёных сясцёр назарэтанак дадало ёй неверагоднага духоўнага ўздыму, таму што іх ахвяра здзейснілася “не дзесьці далёка, але побач”. “У нас часта лічыцца, што жанчына слабая. Але сёстры мучаніцы сваім подзвігам паказалі супрацьлеглае. Я дагэтуль малюся да бл. Марыі Стэлы і 10 яе паплечніц. І кожны раз мне становіцца лягчэй на душы”, – гаворыць верніца.
Разам з тым, кс. Віталій падкрэслівае, што галоўная духоўная спадчына бласлаўлёных сясцёр назарэтанак не ў мучаніцтве, а ў спосабе служэння: “Манахіні, якія прыбылі ў даваенны час з розных старон у Навагрудак – на той момант не самы каталіцкі горад, – палюбілі мясцовых жыхароў, зжыліся з імі і засталіся вернымі. Яны не так шмат часу служылі ў гэтай мясцовасці, аднак цалкам суперажывалі праблемам людзей і былі гатовыя аддаць за іх жыццё. Для мяне гэта ідэал душпастырства. У тым і ёсць моц Касцёла – каб жыць з людзьмі іх штодзённасцю і застацца з імі да канца”.
С. Даніэля Рагацэвіч CSFN дзеліцца, што таксама моцна ўзрушвалася, калі слухала гісторыі пра бласлаўлёных сясцёр. На той момант яна была студэнткай, і ў пілігрымках хацела знайсці адказ пра пакліканне да манаскага жыцця. “Штораз я задавалася пытаннем, маю яго ці не? Ці змагу быць шчаслівай у чорным габіце, несці людзям радасць у служэнні?” – узгадвае манахіня.
Вырашальным для яе стала сведчанне шматлікіх сясцёр назарэтанак, якія спадарожнічалі пілігрымам падчас шляху ў Навагрудак. Манахіні былі адкрытыя на дыскусіі і просьбы, падаваліся вельмі блізкімі. “Яны ўводзілі нас у дух Назарэта – любові і адданасці, – адзначае с. Даніэля. – Цяпер я разумею, што гэтыя паломніцтвы былі не проста так: сёстры вымалілі маё пакліканне. І я хачу паказваць сваім служэннем, што кожны, хто да нас звяртаецца, можа адчуць сябе, як у сям’і”.
Пілігрымка з Гродна ў Навагрудак арганізоўвалася штогод да пандэміі COVID-19. На дадзены момант яна пакуль не адрадзілася. “Я вельмі сумую. Моцна палюбіла яе, – адзначае спадарыня Вольга. – Гэта была частка майго жыцця. Спадзяюся, яшчэ вернецца…”.
Ліда – Навагрудак
Духоўны плён паломніцтваў да месца мучаніцкай смерці бласлаўлёных назарэтанак натхніў кс. Віталія Сідорку даручыць c. Марыі Стэле і 10 яе паплечніцам новапаўсталую парафію ў Лідзе, дзе ён быў прызначаны пробашчам. Такім чынам, у 2017 годзе паўстала супольнасць вернікаў імя св. Юзафа Рамесніка і бласлаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка – першая пад такім тытулам у Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ў Беларусі.
“Калі мы стваралі парафію, для мяне было важна, каб існавала сувязь са святымі нашых мясцін, – акцэнтуе ўвагу святар. – Людзям трэба разумець, што святасць – гэта не штосьці ўзвышанае, далёкае, але і, скажам, тое, што некалькі дзесяткаў гадоў таму на гэтай зямлі жылі людзі, якія здолелі праявіць моц веры нават у трагічных абставінах. Інакш, святасць – гэта рэальнасць, у якой можна жыць і сёння”.
У дзень літургічнага ўспаміну бласлаўлёных сясцёр мучаніц у лідскай парафіі ладзяць адмысловае свята. Яно мае просты фармат сямейнай сустрэчы: вернікі збіраюцца на св. Імшу, пасля разважаюць над жыццём сясцёр мучаніц, дзеляцца пачастункам. “Раней падчас Вялікага посту мы прывозілі ў касцёл невялікі крыж з Навагрудка, перад якім сёстры маліліся ноччу напярэдадні сваёй смерці”, – дадае кс. Віталій.
У мінулым годзе з лідскай парафіі ўпершыню вырушыла паломніцтва да месца расстрэлу сясцёр назарэтанак. Ізноў жа, нешматлюднае, цягам двух дзён. Далучаліся да яго і вернікі з бліжэйшых касцёлаў і мястэчак. “Многія не могуць сабе дазволіць вылучыць, напрыклад, пяць дзён на пілігрымку, а вось двухдзённы фармат вельмі спадабаўся людзям. Такую адлегласць амаль кожны можа прайсці”.
Сёлета пілігрымка з Ліды таксама запланавана. Акрамя таго, у Навагрудак вырушае традыцыйная пілігрымка з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія), якая ўпершыню была арганізавана ў 1997 годзе.
Ля стыхійнай магілы
На фінішы пілігрымы заходзяць у Батароўскі лес. Спяваючы “З Белай Фары пайшлі долам на Крыжовую дарогу”, паволі крочаць між дрэў да месца расстрэлу сясцёр назарэтанак. Апынуўшыся ля стыхійнай магілы, кладуцца крыжам і некалькі хвілін моляцца ў цішыні.
“У мяне заўсёды калоціцца сэрца ў гэты момант, – узгадвае спадарыня Вольга. – Добра памятаю, як падчас урачыстасцей у лесе зрабілі супольны фотаздымак, і на ім – праменьчык сонца. Здолеўшы прабіцца скрозь гушчу, ён упаў менавіта на Гостыю…”.
Пасля дарогі паломнікі адпачываюць у доме сясцёр назарэтанак у Навагрудку. Але ўжо ў 4:30 раніцы ізноў на нагах. Пакуль горад яшчэ спіць, ахутаны свежасцю і туманам, вернікі падымаюцца ў Белую Фару, каб аддаць пашану с. Марыі Стэле і 10 яе паплечніцам у гадзіну іх мучаніцкай смерці.
“Варта прасіць бласлаўлёных сясцёр, каб заступаліся за беларускія сем’і, – гаворыць с. Даніэля, – каб гэтыя сем’і сапраўды станавіліся Божымі”.
Сёстры назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак у 1929 годзе па запрашэнні біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага. Манахіні ўзялі пад апеку фарны касцёл і заняліся выхаваннем і навучаннем мясцовых дзяцей.
У ліпені 1941 года Навагрудак акупіравалі нямецкія войскі. 31 ліпеня 1942 года адбылася масавая экзекуцыя – былі расстраляны 60 гараджан, уключаючы двух ксяндзоў. Манахіні, выгнаныя з кляштара, жылі пад дахам у мясцовых вернікаў. У ліпені 1943 года сёстры выказалі намер ахвяраваць сваё жыццё за 120 асуджаных на расстрэл, у ліку якіх былі бацькі сем’яў і адзіны ў акрузе святар кс. Аляксандр Зянкевіч. Гестапа замяніла смяротнае пакаранне арыштаваным на прымусовыя работы ў Германіі. Усе, хто быў вывезены, перажылі вайну.
1 жніўня 1943 года, на наступны дзень пасля затрымання, с. Стэла Мардасевіч, с. Канута Хробат, с. Даніэля Юзьвік, с. Сергія Рапей, с. Раймунда Кукаловіч, с. Феліцыта Баравік, с. Геліадора Матушэўская, с. Імэльда Жак, с. Гвідона Церпка, c. Канізія Мацкевіч, с. Барамея Нармантовіч былі расстраляны фашыстамі ў некалькіх кіламетрах ад свайго кляштара. Манахіні беатыфікаваны ў 2000 годзе.
Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Марцішэўская