У суботу, 19 кастрычніка, Каталіцкі Касцёл успамінаў гадавіну мучаніцкай смерці кс. Ежы Папялушкі. Святар, патрыёт і душпастыр рабочых роўна 29 гадоў назад быў забіты спецагентамі МУС Польскай Народнай Рэспублікі за сваю дзейнасць. Падчас беатыфікацыі, папа Бэнэдыкт XVI назваў гэты дзень “днём нараджэння кс. Ежы для неба”. Вашай увазе прадстаўляем адно з казанняў блаславёнага з т.зв. св. Імшы за Радзіму. Амаль праз тры месяцы пасля гэтай гаміліі кс. Папялушка быў забіты.
Cённяшняя літургія звяртае нашу ўвагу на постаць святога Яна Хрысціцеля. Ян Хрысціцель – чалавек, які падрыхтаваў сэрцы людзей да спаткання з Тым, хто павінен быў прыйсці пасля яго, а менавіта з Езусам Хрыстом. Яшчэ прарок Ісая сказаў, што ён “голас лямантуючага ў пустыні” (Ян 1,23), паказваючы чалавека смелага і справядлівага, які не баіцца паказваць зло і несправядлівасць нават каралю забраўшаму жонку у свайго брата.
З’яўляючыся мужным і справядлівым чалавекам, Святы Ян Хрысціцель можа быць апекуном і прыкладам для ўсіх тых, хто сёння хоча будаваць сваё жыццё на фундаменце справядлівасці, праўды і любові.
Справядлівы чалавек гэта той, хто кіруецца ў сваім жыцці праўдаю і любоўю. Калі чалавек перапоўнены любоўю і праўдаю, тым больш у ім і справядлівасці. Справядлівасць павінна ісці ў пары з любоўю, бо без любові яна не можа праявіцца ва ўсёй сваёй паўнаце. Дзе недахоп любові, дабра, там гэтае месца займаюць нянавісць і гвалт. А калі кіруешся гвалтам і нянавісцю, то ці можна ў такім выпадку гаварыць аб справядлівасці? Менавіта па гэтай прычыне ў краінах, дзе ўлада будуецца не па прынцыпах любові і службы людзям, а наадварот, на гвалцеі і няволі, так балюча адчуваецца і відочная несправядлівасць.
Супакою сумлення, супакою ў сям’і, супакою на роднай зямлі, а самае галоўнае – супакою ва ўсім свеце можна дасягнуць дзякуючы справядлівасці якая грунтуецца на любові. Мы ўсе, без выключэння, жадаем супакою. Але супакой не захаваеш толькі на словах, хоць бы і шчырых, не гаворачы пра дэмагагічныя. Для дасягнення міру і супакою ў Бацькаўшчыне, стварэння неабходных умоваў для радаснага і плённага жыцця на роднай зямлі, найперш трэба адхіліць сацыяльную несправядлівасць. Занадта шмат асабістых і сацыяльных крыўд вынікае з таго, што справядлівасць не ідзе разам з любоўю, мае шмат недахопаў, а з часам перарастае ў надзвычайную несправядлівасць. Звернем нашу ўвагу на некаторыя відочныя праявы несправядлівасці.