Skip to main content

Да таго часу, пакуль не прыйдзе зноў

Easter Alleluia St Augustine 1 Painting Resurrection of ChristЕзус Хрыстус прадказаў вучням свой адыход. На Апошняй Вячэры, за дзень да ўкрыжавання, Ён сказаў: “Лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас” (Ян 16, 7).

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана адзначаецца сёлета ў Касцёле 29 мая.

Чуючы пра “адыход” Езуса, вучні думалі пра смерць Збаўцы, якую Ён шматразова прадказваў. Спачатку яны адкідвалі гэтую думку, мяркуючы, што прадказанні Настаўніка не споўняцца. Пазнейшыя падзеі – Яго арышт, прысуд і смерць на крыжы – перажывалі як асабістую драму і страшную паразу. Адчулі, што страцілі Месію назаўсёды. Ім здавалася, што ўсё скончана.

Аднак святло нядзельнага ранку дыяметральна змяняе сітуацыю. Свядомасці вучняў дасягае – не без цяжкасцей – праўда, што Езус паўстаў з мёртвых. Яны перажылі асабістую сустрэчу з Уваскрослым. Мелі магчымасць размаўляць з Ім, разам спажыць пасілак. Хрыстос дазволіў вучням дакрануцца да Яго.

Нягледзячы на ўсё гэта, у тагачасных людзей узнікае пытанне: “Што будзе далей?”. Яны занепакоены тым, як будзе выглядаць зараз жыццё. Ці застанецца Хрыстос з імі назаўсёды пасля ўваскрасення? Ці будуць зноў хадзіць з Ім па Галілеі, слухаючы павучанні, плывучы ў чоўне па возеры і назіраючы, як натоўпы – цяпер, пасля незвычайнага цуду, больш шматлікія – туляцца да Збаўцы, жадаючы боскага ўмяшальніцтва? Ён ужо перамог сваю смерць, а што будзе з імі? Планы Настаўніка мусілі быць для іх вялікім адкрыццём.

Унебаўшэсце – увянчанне і заканчэнне зямнога жыцця Пана Езуса, трыумф нашага Збаўцы.

Узгадваючы развітанне ўваскрослага Езуса з вучнямі, евангелісты прыводзяць гэтыя апісанні па-рознаму. Мацвей змяшчае сцэну развітання ў Галілеі. Езус перадае апосталам місіянерскі наказ “рабіць вучнямі і ўдзяляць хрост” усім народам. Евангеліст Ян апісвае сустрэчу Хрыста з вучнямі на беразе Генісарэцкага возера, таксама ў Галілеі. Менавіта тут Збаўца гаворыць пра сваё “прыйсце” – вяртанне ў канцы часоў. Гэта развітанне. Уваскрослы Езус зараз адыдзе. Лука і Марк, у сваю чаргу, выразна гавораць пра ўнебаўшэсце Пана.

Таямніца ўнебаўшэсця Збаўцы па сваёй сутнасці парадаксальная. Уваскрослы развітваецца з вучнямі, перадаючы сваю апошнюю волю, і адыходзіць, знікае з вачэй. Яны ўжо не могуць спазнаць Настаўніка пачуццямі. Аднак жа евангельскія апісанні аднадушна запэўніваюць у Яго прысутнасці. “Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20), – гаворыць Езус вучням.

“Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі” (Мк 16, 20). Досвед гэтай незвычайнай прысутнасці – прычына радасці, у якой прабываюць вучні, нягледзячы на расстанне з Езусам. Наогул узнікае ўражанне, што пасля ўнебаўшэсця прысутнасць Хрыста з’яўляецца – калі можна так сказаць – больш “інтэнсіўнай”. Яна ўжо не звязана цесна з канкрэтным месцам, дзе знаходзіцца Збаўца. З гэтай хвіліны, дзякуючы Духу Суцяшыцелю, Езус будзе прысутнічаць і дзейнічаць паўсюль, дзе абвяшчаецца ў Яго імя Евангелле.

Прысутнасць Хрыста будзе аднолькава даступнай у кожным кутку свету. І гэтая прысутнасць будзе рэальнай, яна будзе гарантаваць сустрэчу кожнаму чалавеку.

Езус уваходзіць у неба, уваходзіць у супольнасць жыцця з Богам, пераадольваючы час і прастору, каб быць з усімі і каб кожны мог Яго паклікаць. Ва ўсёй гісторыі і ва ўсіх месцах. Да таго часу, пакуль не прыйдзе зноў.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 28 Мая 2025