Skip to main content

Збаўца, знойдзены на гарышчы, або духоўныя скарбы музея Януша Паруліса ў Гродне

janusz parulis 5Прыватны музей Януша Паруліса, які з’яўляецца скарбніцай культурнай, гістарычнай і духоўнай спадчыны Гродна і размяшчаецца ў невялічкім доміку, налічвае каля ста тысяч экспанатаў, палова з якіх – прадметы рэлігійнага характару. Некаторыя былі знойдзены на сметніку, іншыя – на вышках закінутага дома, пэўныя - атрымаў у падарунак, шматлікія рэчы перайшлі мужчыне ад продкаў.

“Калі мой сын быў малы, я часта распавядаў яму гісторыі пра каштоўнасці, схаваныя пад стрэхамі дамоў. Зразумела, пасля пачутага хлопчык прасіў залезці на гарышча нашай хаты. Там ужо на працягу многіх гадоў стаяў зачынены на замок куфар. Ключа я не меў, таму ніколі не чапаў скрыню, каб не пашкодзіць. Але малы так надакучыў просьбамі адкрыць яе, што я здаўся і ўзламаў замок. Унутры аказаўся сапраўдны скарб – Кніга Псалмоў на лацінскай мове ў скураной вокладцы. А датавалася яна 1703 годам”, – дзеліцца адной са сваіх гісторый спадар Януш.

janusz parulis 3

У руках спадара Януша - Біблія з 1874 года

Яшчэ адзін артэфакт быў знойдзены на гары закінутай хаткі ў Слоніме. “Дваюрадны брат маёй жонкі рамантаваў гарадскую дарогу, уздоўж якой размяшчалася некалькі напаўразбураных дамоў з забітымі вокнамі. З цікаўнасці ён забраўся на паддашак адной з хатак, дзе натрапіў на нешта, загорнутае ў мешкавіну. Там была схавана скульптура Хрыста. Як пазней высветлілася, яна мела больш за трыста гадоў”, – распавядае мужчына.

janusz parulis 2

Адной з галоўных цікавінак музея мужчына лічыць габелен з выявай Тайнай Вячэры. Унікальнасць экспаната ў тым, што ён зроблены ў выглядзе люстранога адбітку і прыстасаваны да размяшчэння ў куце памяшкання. “Колькі не пытаўся ў святароў, у чым сэнс такой ідэі, ніхто не ведае дакладнага адказу. Габелен калісьці ўпрыгожваў сцены касцёла ў Ваўкавыску. У часы савецкага атэізму выяву Езуса з вучнямі збіраліся спаліць, але я не дазволіў”, – узгадвае спадар Паруліс.

janusz parulis 11

У цесна застаўленых пакоях музея можна заўважыць некалькі абразоў св. Максімільяна Кольбэ, заступніка дыяцэзіі. “Я маю некалькі нумароў «Рыцара Беззаганнай»* з 1929 года. З подпісам айца Максімільяна як галоўнага рэдактара. Мая маці выпісвала гэты часопіс”, – дадае з хітрай усмешкай спадар Паруліс, заўважыўшы, што я гляджу на выяву святога.

janusz parulis 10

Акрамя шматлікіх насценных абразоў калекцыя налічвае каля 200 старадаўніх абразікаў і столькі ж нацельных крыжыкаў.

janusz parulis 1

У экспазіцыі ёсць таксама прадметы, якія ўжываюцца ў касцёльным быце. Сярод іх нажніцы, што выкарыстоўваліся для абразання свячнога кноту. Нават у такіх звычайных справах праяўляецца ўласцівая Касцёлу вытанчанасць, аб чым сведчыць крыжык, бачны на прыладзе.

janusz parulis 8

На выставе маецца і бутэлька для святой вады з даваенных часоў з Чанстаховы, знойдзеная падчас капання траншэі ў цэнтры Гродна.

janusz parulis 4

Усе экспанаты патрабуюць адмысловага догляду. Велізарная колькасць часу і цярпення неабходна толькі для такой, здаецца, простай справы, як ачыстка прадметаў ад пылу. Некаторым рэчам патрэбна рэстаўрацыя, чым спадар Януш таксама займаецца самастойна. Адметна, што адпаведнай адукацыі ён не мае.

У дзяцінстве хлопец шмат часу праводзіў пры гродзенскай катэдры, дзе працавала кухаркай яго бабуля. Янушу часта даводзілася назіраць за рэстаўратарамі, якія дзяліліся з ім сакрэтамі сваёй прафесіі. Пасталеўшы, хлопец пачаў чытаць адмысловую літаратуру і неўзабаве сам стаў займацца рэстаўрацыяй. Сёння на рахунку спадара Паруліса 25 адноўленых святынь.

janusz parulis 7

Мужчына прызнаецца, што ў яго часта хочуць выкупіць духоўныя скарбы, але ён не згаджаецца. Хоча, каб людзі прыходзілі і натхняліся багаццем веры сваіх продкаў.

janusz parulis 9

Музей працуе па запатрабаванасці. Каб убачыць выставу і паслухаць аповеды спадара Януша, неабходна патэлефанаваць яму па тэл. (+37533) 604-90-08 па меншай меры за гадзіну да запланаванага візіту.

janusz parulis 12

*Несучы паслугу ў Гродне, францысканец арганізаваў выдавецтва і пачаў друкаваць вядомы ва ўсім свеце часопіс “Рыцар Беззаганнай” – заўв. аўт.

Ангеліна Марцішэўская

 

Рэдагавана: 30 Красавік 2017