Гарадзенец Юзаф Ясюкевіч – адзіны ў Беларусі наглядчык гарадскога вежавага гадзінніка. Мужчына абслугоўвае куранты з амаль 500-гадовай гісторый, якія з’яўляюцца старэйшымі ў Еўропе і знаходзяцца ў фарным касцёле ў Гродне. Спадар Юзаф не быў у водпуску на працягу 25-ці гадоў. Працуе штодня, а калі выпадае адпачыць – мае толькі адзін выхадны замест звыклых двух. Але такі графік яго не бянтэжыць – мужчына моцна ганарыцца сваёй “высокай” пасадай.
Гадзіннік усталяваны на мяжы XV і XVI ст. у гарадской ратушы. Яна была зруйнавана ў ходзе ваенных дзеянняў 1655–1660 гг. У выніку куранты апынуліся ў вежы фарнага касцёла і спраўна працавалі да пачатку Першай сусветнай вайны. У далейшым нямецкія салдаты знялі і вывезлі ў Германію тры гадзіннікавыя старадаўнія званы. Пасля вызвалення ад акупацыі распачаўся працэс аднаўлення механізма, але працы спыніліся з-за выбуху Другой сусветнай вайны. Толькі напрыканцы 1980 гг. рэстаўрацыю ўзнавілі дзякуючы тагачаснаму дацэнту фізічнага факультэта ГрДУ ім. Я. Купалы Аляксандру Мілінкевічу.
Усталяванне гадзінніка на вежу фарнага касцёла ў Гродне (1989 г.). На відэа прадстаўлены фрагмент з 2 выпуска гродзенскай праграмы "Рэтраград" (2013 г.). Youtube
Каб гадзіннік паказваў дакладны час, майстар штодня яго наводзіць. У дзеянне механізм прыводзіць гіра вагай каля сотні кілаграм, якую спадар Юзаф – невысокі сталага ўзросту чалавек – уручную падымае на вышыню пяціпавярховага дома. “Хацелі ўсталяваць матор, які падымаў бы гіру замест мяне, але я адмовіўся ад гэтай ідэі. Калі самастойна круціш рукаятку завода, адчуваеш ход гадзінніка. Адразу можаш выправіць непаладку, калі штосьці закліноўвае”, – адзначае мужчына.
Першая гадзіннікавая стрэлка сярод экспанатаў наглядчыка
У абавязкі наглядчыка таксама ўваходзіць сачыць за станам механізму і ходам гадзінніка. Ці правільна ідуць стрэлкі за гады практыкі спадар Юзаф налаўчыўся вызначаць на слых. “Часам у «ходзікаў» здараюцца хібнасці з-за надвор’я: калі холадна, яны пачынаюць трошкі спяшацца, летам у спякоту – крыху адставаць. Толькі аднойчы куранты «падманвалі» жыхароў горада – бой гадзін на працягу тыдня гучаў у неадпаведны час. Як пазней высветліў, прычынай збою стала невялічкая расколіна ў адной з дэталей механізма, што прывяло да зрушэння астатніх элементаў”, – распавядае наглядчык. – Наўмысна ход гадзінніка спыняўся, калі гарадскіх жыхароў спасцігала агульнае гора. Вядома, што нашыя «ходзікі» пераставалі ісці ў дзень смерці пісьменніцы Элізы Ажэшка і Героя Беларусі Аляксандра Дубко”.
Паслугі наглядчыка вежавага гадзінніка аплачваюцца з бюджэта горада. Цягам двух гадоў спадар Юзаф займаўся рэстаўрацыяй галоўных гродзенскіх курантаў, а пасля заканчэння працы гарвыканкам прапанаваў яму стаць іх захавальнікам. “Я гэтаму моцна ўзрадаваўся, бо, каб зберагчы падобны рарытэт, трэба ведаць, як абыходзіцца са старым капрызным механізмам… А мае рукі ведаюць кожную ўпадзінку на яго шэсцярэньках”, – дадае з усмешкай майстар.
Кожны працоўны дзень спадар Юзаф пачынае з малітвы
Можна не сумнявацца, што будучыня старэйшых у Еўропе “ходзікаў” у надзейных руках. У спадара Юзафа падрастае ўнук, які з малых гадоў любіць забірацца з дзедам на вежу і вывучаць гадзіннікавы механізм. Сталы наглядчык дзеліцца з хлопчыкам сакрэтамі свайго рамяства, а той заўсёды з запалам дадае: “Дзед, калі вырасту, буду цябе замяняць!”.
***
30 красавіка 2017 года, праз 2,5 месяцы пасля інтэрв'ю, спадар Юзаф Ясюкевіч адышоў у жыццё вечнае. На момант смерці яму было 67 гадоў.
Ангеліна Марцішэўская