Напамін пра тых, хто жыў да нас і змагаўся за справядлівасць.
Хрысціянству ўжо амаль 2000 гадоў, і за гэты час мноства вялікіх хрысціян пражылі сваё жыццё так, што да гэтага часу натхняюць нас. Яны тварылі вялікія справы для Царства Божага, але не таму, што яны былі нейкімі незвычайнымі людзьмі, а таму, што яны слухаліся Бога там, дзе знаходзіліся.
Сёння як ніколі варта ўспомніць пра іх. Іх гарачая любоў да Бога дапамагла ім змяніць той свет, у якім Бог заклікаў іх служыць.
Уільям Уілберфорс
Уільям Уілберфорс пачаў сваю палітычную кар'еру ў 21 год. Ён быў адным з самых яркіх і разумных палітыкаў у Брытанскім парламенце ў канцы 18-га стагоддзя. У гэтыя ж гады ён стаў евангельскім вернікам, а праз некалькі гадоў пасля свайго прыйсця да веры пачаў рух па адмене рабства ў Англіі. На працягу 20 гадоў Уілберфорс вёў кампанію супраць гандлю людзьмі, пакуль не дамогся прыняцця Парламенцкага закона аб забароне гандлю рабамі ў 1807. Але на гэтым яго справа не спынілася. Ён працягваў змагацца з наяўнасцю рабства да поўнай яго забароны, пакуль дазваляла здароўе. Памёр незадоўга да прыняцця закона аб поўнай адмене рабства ў 1833.
Дораці Дэй
Ураджэнка Нью-Ёрка Дораці Дэй стала вядомая ва ўсім свеце дзякуючы заснаванню Руху каталіцкіх рабочых. Усё жыццё яна змагалася за правы працоўнага класа. Пачала кар'еру ў журналістыцы, няўдала выйшла замуж за багатага, пераехала жыць у Сан-Францыска.
Усе свае веды адносна каталіцкай веры яна атрымала ад сваёй настаўніцы-манахіні, якая жыла па суседству, а потым прыняла гэтую веру ўжо ў свядомым узросце. Бачачы нечалавечыя ўмовы і несправядлівае стаўленне да бедных і бяздомных, яна заснавала газету "Каталіцкі рабочы". Яна часта друкавала там свае артыкулы аб сацыяльнай несправядлівасці і стала лічыцца радыкальным палітыкам. Яе вера ў Бога ні разу не пахіснулася, а наадварот толькі ўмацоўвалася да канца жыцця, калі яна памерла ва ўзросце 83-х гадоў ў 1980.
Уільям Бут
Уільям Бут быў прапаведнікам у перыяд росквіту Індустрыяльнай Рэвалюцыі. Ён вельмі любіў прапаведаваць і часта ездзіў у бедныя кварталы Лондана, каб абвяшчаць Евангелле. Там, сярод абяздоленых, ён знайшоў сваё пакліканне. У 1865 ён заснаваў Хрысціянскую місію, якая ў хуткім часе стала называцца Арміяй Выратавання.
Армія Выратавання адразу пачала актыўна дзейнічаць ва ўсіх бедных раёнах Лондана - будаваліся дамы для бедных, для бяздомных, адкрываліся цэнтры навучання і місіі. Бут быў цвёрда перакананы ў тым, што Евангелле можна было данесці да людзей толькі пры дапамозе любові да бліжняга, палягчаючы яму лёс на зямлі.
Армія Выратавання распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, а потым і па ўсім свеце. Яна працягвае несці пасланне Бута пра любоў Хрыста ў выглядзе служэння людзям.
Св. Францішак з Асізі
У 1206 малады чалавек па імі Джавані Бернардоні здзейсніў паломніцтва да Царквы Св. Пятра ў Рыме. Яго ўразіла прыгажосць строя царквы, але ён не мог не заўважыць велізарную розніцу паміж багаццем царквы і гаротным станам жабракоў, што стаяць у чарзе за міласцінай каля яе дзвярэй. Джавані абмяняўся адзеннем з адным з жабракоў і ўстаў з імі. Неўзабаве ён прыняў імя Францішак і заснаваў рэлігійны ордэн, у якім усе давалі зарок не толькі дапамагаць бедным, але і раздаваць усю сваю маёмасць, каб жыць побач з імі.
Спадчына св. Францішка жыва і дзейнічае да гэтага часу. Напрыклад, Хорхе Марыё Бергольо вырашыў прыняць імя Францішак, уступаючы на пасаду Папы Рымскага, як сведчанне аб сваёй падтрымцы справы дапамогі бедным.
Св. Васіль Кесарыйскі
Васіль, біскуп Кесарыйскі, вядомы па гэты дзень як адна з найважнейшых фігур у перыяд станаўлення хрысціянскай веры. У 370 годзе яго ўжо ведалі, як прапаведніка сацыяльнай справядлівасці, а прыняўшы сан біскупа, ён выкарыстаў сваю ўладу для дасягнення мэтаў, якія прапаведаваў.
Ён арганізаваў кармленне бедных, заснаваў бальніцы, хоспісы і начлегі па ўсім рэгіёне. Ён крытыкаваў улады за несправядлівасьць у грамадстве. Св. Васіль горача абараняў ісціну ў хрысціянскай веры і быў вельмі шчодрым чалавекам. У адной са сваіх пропаведзяў ён сказаў так: "Хлеб, які вы не даядаеце, належыць галодным; адзенне, якое вісіць у вас у шафах, павінна быць на тых , хто распрануты; абутак, які вы не носіце - спатрэбіцца босаму; грошы, якія вы замкнулі пад замком - гэта грошы беднякоў; дапамогу, якую вы не аказваеце, гэта і ёсць тая несправядлівасць, якая існуе ў нашым грамадстве з-за такіх, як вы".
Паводле Христиане