Невысокая, хударлявая законніца з вялікімі вачыма згаджаецца на размову і, нібы здаючыся, апусціўшы вочы кажа:"давайце, задавайце". Але няёмкасць і сарамлівасць манахіні паступова замяняюцца імпульсіўным расповедам. Разам з трыма сваімі вучнямі с. Агнэс за 23 дні прайшла 800 км з Памплоны ў Сант'яга дэ Кампастэла і "па-новаму ацаніла ўсё, што мае ў сваім жыцці".
Ідэя пайсці шляхам св. Якуба ўзнікла два гады таму. Прапанову падкінуў адзін святар. "Я паглядзела фільм, пачытала, шмат хто вельмі негатыўны ставіўся да гэтага, але я вырашыла, што хачу пайсці", - распавядае сястра. Былыя вучні згадзіліся падтрымаць ініцыятыву, пачалася падрыхтоўка. Трэба было запланаваць час, атрымаць дазвол ад кіраўніцтва, назбіраць грошай. Такі выезд каштуе нятанна, але знаходзіліся добрыя людзі якія даведаўшыся пра гэтую ідэю прапаноўвалі сваю дапамогу. Хапала канешне і скептыкаў. "Некаторыя жартавалі, што пайду ў Сант'яга каб пахудзець", - смеючыся дадае.
У шлях св. Якуба бярэцца толькі самае неабходнае, бо заплечнік з рэчамі кожны нясе асабіста. Агульная вага багажу не можа перавышаць 10% ад уласнай вагі, што ў выпадку манахіні склала 4,5 кг. З вопраткі былі толькі дзве цішоткі і трошкі бялізны. Галоўнае - добры і моцны абутак, бо ўся мясцовасць гарыстая.
Звычайныя сандалі ці красоўкі тут не падыйдуць. У выпадку недахопу нейкіх рэчаў іх заўсёды можна знайсці па дарозе. Каб неяк аблегчыць свой заплечнік пілігрымы дастаюць адзенне ці экіпіроўку і акуратна кладуць ля сцежкі - кожны патрабуючы можа ўзяць гэта сабе.
Каміна дэ Сант'яга пілігрымы з Беларусі пачалі з Памплоны. "Мы знайшлі катэдру, але туды не заходзілі, бо трэба было плаціць, таму набылі пашпарты пілігрымаў, ракушкі св. Якуба і пазней неяк натуральна ўзнікла пытанне: "А куды насамрэч трэба ісці?", - распавядае сястра з Ліды. Як высветлілася ў гарадах праз кожныя сто метраў шлях азначаны медзянымі ракушкамі ўмураванымі ў дарогу, па-за мясцовасцямі стаяць слупы з жоўтымі стрэлкамі. Кожны пілігрым кіруецца выключна гэтымі сімваламі. Калі сысці з дарогі, то можна застацца без вады і пячатак у пашпарце, а без апошніх не атрымаеш начлегу і харчавання. "Шлях французскіх каралёў, якім мы ішлі, лічыцца вельмі рэлігійным, бо па дарозе тут шмат касцёлаў і каплічак", - працягвае суразмоўца. Рэлігійнасць увогуле гэта асобная тэма.
Падчас вандравання адзін іспанскі даследчык шляху св. Якуба сцвердзіў, што з яго вопыту вынікае, што 30% пілігрымаў у Сант'яга шукае Бога, 50% займаецца спортам і 20% проста ідзе. Людзі хочуць нейкіх пераменаў у жыцці, а часам і банальна пазбавіцца пэўных дрэнных звычак. Пілігрымуе таксама шмат азіятаў. Кажуць, што ідуць, бо іх адправілі бацькі, каб тыя чагосьці дабіліся ў жыцці. Часам нават даюць ім за гэта грошы. Сёлета шляхам французскіх каралёў крочаць пераважна французы, італьянцы і іспанцы.
У Каміна дзень нашых пілігрымаў пачынаўся ў 6 гадзін раніцы і раней. Кожны тут вырашае сам, у колькі распачне свой дзень. Сястра Агнэс распавядае, што некаторыя пілігрымы пачынаюць уставаць ужо ў 2 гадзіны ночы. Гэта робіцца дзеля таго, каб не ісці гарачынёй (тэмпература днём дасягае 35-40 градусаў) і раней даходзіць да мэты, бо для тых, хто спазняецца можа не хапіць месца і трэба будзе ісці да наступнага альбэргэ, альбо прытулку для паломнікаў. "Наш шлях з Памплоны да Сант'яга тэарэтычна разлічаны на 34 дні, але з-за недахопу часу мы былі вымушаны прайсці яго за 23 дні. Таму рытм быў дастаткова жвавы, штодзённа праходзілі 35-40 км. Увогуле калі мы ўставалі на досвітку, то каля 15-й былі ўжо на месцы", - узгадвае яна.
Пра Беларусь пілігрымы ўспаміналі асаблівым чынам падчас малітваў. Узгадваліся сем'і, сябры, знаёмыя і тады рабілася трошкі тужліва. А ўвогуле на сумаванне не было часу. Вечарамі ў альбэргах, дзе можа ночыць адразу некалькі сотняў пілігрымаў адначасова, усе збіраліся разам, размаўлялі, спявалі песні. Таму хаця б дзеля гэтага варта было прыходзіць на начлег раней.
Каміна дэ Сант'яга напэўна змяніла кожнага яе ўдзельніка. Увогуле ж ідучы ў групе чалавек вучыцца прымаць сябе і іншых: "Тут атрымоўваецца так, што калі адзін, то і ўсе. Былі моманты, калі падавалася, што аднаму было б лягчэй ісці. А часам прыходзіла разуменне, што адзін бы не вытрываў". Падсумоўваючы сястра адзначыла: "Я пайшла дзеля таго, каб умацавацца ў сваёй веры. Не для таго каб шукаць Езуса, бо Яго я ўжо спаткала, але дзеля таго, каб быць бліжэй. Там я паглядзела на ўсё па-іншаму. Там я па-новаму ацаніла ўсё, што маю дома, а перадусім штодзённую св. Імшу і Камунію".
Падрыхтаваў Арцём Ткачук