Марына Валачкова з’яўляецца кіраўніком Гродзенскага цэнтра абароны жыцця і сям'і "РадзіМа". Гэтую працу яна сумяшчае з пасадай намесніка кіраўніка аддзела эканомікі і працы Гродзенскага філіяла РУП "Белпошта" і з абавязкамі шматдзетнай маці, якая знайшла ў сабе рашучасць усынавіць дзіця-інваліда з ДЦП. Сёння Марына расказвае нашаму парталу аб рознабаковай дзейнасці "РадзіМы" і пра тое, як гэта цудоўна - быць маці асаблівага дзіцяці.
- Марына, раскажыце, калі ласка, чым займаецца цэнтр “РадзіМа” ?
Наш Гродзенскі цэнтр абароны жыцця і сям'і “РадзіМа” існуе ўжо больш за тры гады і належыць да руху пра-лайф Беларусь (які ў сваю чаргу належыць да міжнароднага руху ў абарону жыцця рro-life, які арганізавалі ў ЗША ў 1973 г., калі там легалізавалі аборты). Змагаецца рух pro-life ў першую чаргу за забарону абортаў, таксама супраць эўтаназіі, супраць выкарыстання эмбрыянальных і фетальных (клеткі абортыруемых дзяцей) ствалавых клетак, з якіх робяць медыкаменты.
Што тычыцца дзейнасці "РадзіМы" на тэрыторыі Гродна – яна вельмі шматбаковая. Па-першае, мы арганізоўваем розныя акцыі ў абарону жыцця. Напрыклад, штогод праводзім дабрачынную акцыю "15 дзён у абарону жыцця", якая заканчваецца аўтапрабегам вуліцамі Гродна. У аўтапрабегу ўдзельнічаюць звычайна аўтамабілісты і байкеры. На кожны транспарт - па сцягу з надпісам "Мы за забарону абортаў", і такой працэсіяй раз'язджаюцца па ўсім горадзе. Усіх жадаючых запрашаю далучацца да нас. Звычайна аўтапрабег праводзіцца ў канцы мая - пачатку чэрвеня.
Па-другое, мы распаўсюджваем інфармацыю і рэкламу на тэму жыцця і сям’і. Магчыма, Вы заўважылі маляўнічыя білборды на тэму захавання жыцця, якія развешаны ў нашым горадзе, гэты праект рэалізаваў наш цэнтр “РадзіМа”.
Хацелася б тут адзначыць, што ў цэнтры “РадзіМа” мы не атрымліваем ніякіх міжнародных грантаў, работнікі цэнтра працуюць на бязвыплатнай аснове, сумяшчаючы асноўную працу з валанцёрскай дзейнасцю. Мы існуем за кошт ахвяраванняў людзей і юрыдычных арганізацый нераўнадушных да праблемы. Дарэчы, ажыццяўленне праекту з білбордамі стала магчымым дзякуючы дапамозе Conte, АBC і Жылбуда.
Па-трэцяе, мы кансультуем жанчын у крызісных перадабортных сітуацыях.
- Ці шмат жанчын атрымліваецца пераканаць захаваць цяжарнасць?
-Калі са 100 жанчын 17 вырашыць захаваць цяжарнасць, то гэта лічыцца вельмі добрым вынікам. Такая статыстыка.*
Таксама звязаўшыся з намі, можна пачаць прымаць удзел у малітве – псалтыры, які чытаюць людзі па ўсёй Беларусі. Шмат людзей чытае, кожны з іх раз на тыдзень , і ў выніку атрымліваецца, што чытаецца кругласутачны псалтыр у абарону жыцця.
Але асноўнай нашай дзейнасцю з'яўляецца правядзенне лекцый з выставай, прысвечанай абароне жыцця ненароджаных немаўлятаў. З выставай у 17 стэндаў мы ездзім па розных арганізацыях, вайсковых частках і школах (8,9,10,11 класы), расказваем моладзі пра сутнасць аборту, наглядна паказваем на стэндах усё, што звязана з працэдурай аборту, расказваем пра яго негатыўныя наступствы.
- Як моладзь рэагуе на прэзентацыю?
- Ну, хачу сказаць, што, калі заходзіш у аўдыторыю, адразу адчуваеш, бачыш тых дзяўчынак, якія ўжо прайшлі праз аборт. Гэта бачна па іх вачах, па іх рэакцыі.
Негатыўнай рэакцыі ў падлеткаў, накшталт: "Што за лухту Вы несяце?" ніколі не было. Былі выпадкі, што страчвалі непрытомнасць ... хлопчыкі ... дзяўчынкі не, у дзяўчынак прэзентацыя слёзы часта выклікае. Часта пасля выступу ў зале стаіць цішыня, а потым аўдыторыя ўзрываецца ад апладысментаў. У 30 школах ужо пабывалі з нашай выставай у абарону жыцця, а гэта 8 тысяч слухачоў.
- Можа, у Вашай практыцы быў выпадак, які па нейкіх прычынах асабліва запомніўся Вам?
- Быў адзін выпадак, які выклікаў у мяне сумную ўсмешку. Кіраўніцтва адной школы запрасіла нас выступіць перад старэйшымі класамі, але папярэдзіла: "Вы прыхадзіце, расказвайце, толькі не кажыце ім, што калі дзяўчынка зацяжарыць у той час, калі яшчэ вучыцца школе, што яна павінна захаваць цяжарнасць".
А наогул хацелася б тут адзначыць і падзякаваць кіраўніцтву Аддзела адукацыі г. Гродна і кіраўніцтву тых школ, якія, даведаўшыся пра тэматыку нашай выставы, адразу запрашаюць нас да сябе для асветы моладзі.
- Не маглі б Вы падзяліцца з намі якой-небудзь цікавай і карыснай інфармацыяй, якую асвятляеце для моладзі падчас прэзентацыі выставы? Магчыма, яшчэ хтосьці зацікавіцца і запросіць Вас выступіць у сябе.
- Мяне заўсёды вельмі кранае адзін прыклад, якім са мной падзялілася псіхолаг Надзея Шаманкова. Ён тычыцца такога паняцця, як псіхалагічнае бясплоддзе. Часта пасля таго, як жанчына зрабіла аборт, у яе праяўляецца псіхалагічная невыношваемасць, гэта значыць: надыходзіць цяжарнасць - выкідыш, надыходзіць цяжарнасць - выкідыш. Чаму так адбываецца, лёгка зразумець на наступным прыкладзе: "гэтак жа, як чалавеку непрыемна ці нават страшна легчы ў ложак, дзе, як ён ведае, памёр чалавек, ды і яшчэ дзіўнай смерцю, гэтак жа і дзіцяці некамфортна знаходзіцца ва ўлонні маці, якая рабіла аборт . Ён адчувае, што нешта там адбывалася, і не хоча ў гэтым месцы знаходзіцца, надыходзіць непрыняцце".
- Марына, акрамя таго, што Вы знаходзіце час для такой шырокай грамадскай дзейнасці, я ведаю, што Вы з'яўляецеся шматдзетнай мамай. У вас чацвёра дзетак, адзін з якіх прыёмны, і, як мне вядома, пакутуе ДЦП. Раскажыце, калі ласка, як Вы прыйшлі да рашэння ўсынавіць дзіця-інваліда?
- Думка ўсынавіць дзіця прыйшла ўжо даўно. Шукалі дзяўчынку 3-5 гадоў, так як у сям'і два хлопчыкі і адна дзяўчынка.
Для пачатку вырашыла пашукаць інфармацыю пра дзяцей, якім патрэбныя бацькі, на інфармацыйным партале DADOMU.BY. Першае, што я там убачыла - гэта нататка аб тым, што дзіцяці-інваліду Ваню тэрмінова патрабуецца ўсынаўленне. Паглядзела відэа - і нешта здрыганулася ўнутры. Спрабавала абстрагавацца, перагледзела ўсе нататкі пра дзяўчынак, перыядычна вяртаючыся да Ванінай. Шкада малога, і я паказала відэа мужу. Паглядзеўшы відэа, муж сказаў: "Бярэм гэтага". "Ты ўпэўнены?", - перапытала я. "Так. Будзе параалімпійцам". Дзеці ж па-філасофску заявілі: "А дзе вы бачылі дзяцей без праблем?" (працяг у другой частцы)
* У 2014 годзе ў вобласці выканана 2745 перапыненняў цяжарнасці. Існуе і праблема дзіцячай цяжарнасці: у 2014 годзе зарэгістраваны 2 выпадкі цяжарнасці сярод дзяўчынак да 15 гадоў. У вобласці - шэсць, пяць з іх скончыліся абортамі. Ва ўзроставай катэгорыі дзяўчынак-падлеткаў ад 15 да 18 гадоў у 2014 зарэгістравана 65 выпадкаў цяжарнасці ў Гродне і 185 - у вобласці, чвэрць з іх перапынілі цяжарнасць. (Са слоў першага намесніка начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Наталлі Антановіч)
Усе ахвотныя падтрымаць цэнтр "РадзіМа” могуць уносіць ахвяраванні на разліковы рахунак № 30156 00000 271 у ААТ "Белгазпрамбанк", код 742
Атрымальнік: ГООБО Гродненский центр защиты жизни и семьи "Радзiма"
Кантактны тэлефон цэнтру: +375 29 587 30 45 Марына Валачкова
Тэлефон даверу па пытаннях крызіснай і незапланаванай цяжарнасці: +375 29 8 014 014
Сайт цэнтру “Радзіма”: prolife-grodno.by
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская