Біскуп Уладзімір Гуляй пра Юбілей моладзі ў Рыме: “Гэта сведчанне веры, якое пранікае ў глыбіню сэрца”
На Юбілеі моладзі, які праходзіць у Рыме, узялі інтэрв’ю ў біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя. Іерарх прысутнічае на гэтым форуме разам з маладымі вернікамі Гродзенскай дыяцэзіі.
- Ваша Эксцэленцыя, Вы знаходзіцеся ў самым сэрцы Каталіцкага Касцёла – на Юбілейнай сустрэчы моладзі ў Рыме. Якія Вашы адчуванні ад гэтай падзеі?
- Гэта ўражанне, якое застаецца ў сэрцы на ўсё жыццё. Калі выходзіш на плошчу святога Пятра і бачыш дзясяткі тысяч маладых людзей з усяго свету – якія спяваюць, моляцца, абдымаюцца, – разумееш: Касцёл сапраўды жывы, адзіны і поўны надзеі. Гэта не проста мерапрыемства – гэта сустрэча душ, гэта сведчанне веры, якое пранікае ў самую глыбіню сэрца.
- Вы адказваеце за душпастырства моладзі ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі. Як гэтая сустрэча ўплывае на беларускую моладзь?
- Для многіх нашых маладых гэта першая паездка за мяжу, і тым больш – першы досвед удзелу ў такой маштабнай касцёльнай падзеі. Яны не проста госці – яны адчуваюць сябе часткай чагосьці вялікага. Гэта дае моладзі пачуццё годнасці, умацоўвае яе веру, дапамагае ўсвядоміць: ты не адзін. Я бачыў, як яна перажывала сустрэчу з Папам Львом – з захапленнем, са слязьмі. Гэта незабыўна.
- Раскажыце падрабязней пра сустрэчу з Папам Львом. Што асабліва кранула?
- Сам момант, калі ён з’явіўся сярод моладзі ўвечары на плошчы, – гэта было вельмі кранальна. Без пампезнасці, з прастатой і айцоўскай усмешкай. А яго словы: «Вы – святло для свету, маякі надзеі нават у самых цёмных месцах» – гэта не проста фраза. Гэта місія. Моладзь пачула, што яна патрэбная Касцёлу. Што Хрыстус давярае ёй. І яна з радасцю і шчырасцю адказала на гэты заклік.
- Што Вы скажаце пра саму атмасферу сустрэчы?
- Рым стаў сапраўдным домам для моладзі. Дзіўнае адчуванне: на вуліцах – розныя мовы, культуры, сцягі, а паміж людзьмі – ніводнага канфлікту, толькі ўзаемная павага і радасць. Мы перажываем няпросты час у свеце, але тут, у Рыме, Пан паказаў, што мір магчымы, што сяброўства паміж народамі – гэта не ілюзія, а рэальнасць, калі Хрыстус – у цэнтры.
- Як Вы плануеце перадаць гэты дух у Беларусь?
- Натхненнем. Сведчаннем. Тыя маладыя, што былі ў Рыме, абавязкова падзеляцца сваімі перажываннямі з іншымі. А мы, як пастыры, мусім падтрымаць гэты агонь, каб ён не згас. Ужо цяпер мы плануем моладзевыя сустрэчы падзякі, малітоўныя вечары, сведчанні ў парафіях, каб гэты Юбілей стаў не толькі ўспамінам, але пачаткам новага этапу ў служэнні моладзі ў Беларусі.
- Што б Вы хацелі сказаць тым маладым людзям, якія не змаглі прыехаць у Рым?
- Дарагія маладыя, вы не па-за Касцёлам – вы яго сэрца. Не абавязкова быць у Рыме, каб пачуць голас Бога. Галоўнае – адкрыць сэрца, маліцца, жыць Евангеллем, быць побач з бліжнім. Гэты Юбілей кажа нам усім: Бог давярае табе. І гэта не проста словы – гэта любоў, якая заўсёды ідзе насустрач.
- Дзякуй, Ваша Эксцэленцыя, за гэта глыбокае сведчанне.
- І вам дзякуй. Няхай гэты рымскі вецер надзеі дакранецца і да нашай Беларусі. Мы – Касцёл, які жыве, спадзяецца і ідзе наперад.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі