Skip to main content

Як рэагаваць на праявы грубіянства ў касцёле?

brazinski9Неаднаразова даводзілася назіраць неадпаведныя паводзіны вернікаў у святыні: могуць абазваць, прылюдна абвінаваціць у чымсьці ці проста бесцырымонна штурхаюць падчас натоўпу. Як правільна рэагаваць на праявы грубіянства ў касцёле? Крысціна, 22 гады

Тэарытычна мы не павінны сутыкацца з хамствам у касцёле: людзі прыходзяць туды з добрымі намерамі, адкрыта вызнаюць сваю веру ў самыя высокія ідэалы. Але кожны чалавек мае іншы характар, рознае выхаванне і рознае (часам вельмі складанае) мінулае. Таму на практыцы, на жаль, часам здараюцца непрыемныя абставіны.

Зразумела, у падобных сітуацыях хочацца даць волю эмоцыям і таксама грубіянска адказаць крыўдзіцелю. Але трэба памятаць, што Вы знаходзіцеся ў святыні – доме Бога - і павінны захоўваць касцёльны этыкет. Найлепшым дарадцам у такіх сітуацыях з’яўляецца сам Езус Хрыстус – найдасканальшы джэнтэльмэн. У Святым Пісанні можна знайсці шмат прыкладаў годных паводзінаў Збаўцы ў нягодных сітуацыях. Прыйшоўшы ў свет, Ён даў людзям новыя правілы жыцця: замест прынцыпу "вока за вока, зуб за зуб" прапанаваў адказваць на крыўду разуменнем і любоўю.

У Хрыста здараліся “вострыя” сітуацыі з фарысеямі, вучнямі, але Ён ніколі не дазваляў эмоцыям узяць над Сабой верх. Падобна і мы, калі бачым праявы несправядлівасці ў святыні, павінны спытаць сябе: “Што ў гэтай сітуацыі зрабіў бы Хрыстос?”. І паступіць такім жа чынам.

Калі неадпаведныя паводзіны верніка закранулі Вас асабіста:

- варта культурна звярнуць на гэта ўвагу

- трэба спакойна, з пашанай растлумачыць, як належыць паводзіць сябе ў касцёле

- можна звярнуцца да пробашча, каб той наступным разам падчас чытання парафіяльных аб’яваў засяродзіў увагу вернікаў на адпаведных паводзінах у святыні

- неабходна памятаць, што да Бога прыходзяць не ідэальныя людзі, але грэшнікі. Таму падобныя сітуацыі – гэта звычайная з’ява, якая не павінна пахіснуць Вашую веру

З малітвай, кс. Андрэй Лішко

 

Рэдагавана: 12 Мая 2017