Што рабіць, калі адчуваю віну за тое, што мае блізкія людзі далёкія ад веры?
Адказвае кс. Павел Беланос
Каб адказаць на гэтае пытанне, варта задумацца, як склалася такая сітуацыя. З аднаго боку, можа быць так, што нейкі блізкі мне чалавек далёкі ад веры па прычыне дрэннага прыкладу – майго або іншых. Тады я ўсведамляю, што ўчыніў зло, адчуваю сябе вінаватым, хачу гэта неяк выправіць. Можа быць і іншая сітуацыя: калі сам я пазнаў Пана, цалкам змяніў сваё жыццё, пазнаёміўся з новымі каштоўнасцямі, а лад жыцця майго атачэння не змяніўся. Тады прыходзіць спакуса навярнуць маіх блізкіх сілай – калі не ўсіх, то хаця б кагосьці, бо мне здаецца, што яны дрэнныя, што нічога не разумеюць.
Варта заўважыць, што Езус ніколі нікога не навяртаў сілай. Ён тлумачыў, рознымі спосабамі пераконваў людзей, але ніколі не дзейнічаў “агнём і мячом”. Ён заўсёды даваў чалавеку час і шанаваў яго свабоду.
Калі я заўважаю, што нехта з майго атачэння не жыве так, як я лічу правільным, трэба спытаць сябе: а што ў такой сітуацыі зрабіў бы Езус? Такога чалавека трэба аддаць Божай любові ў шчырай малітве і далікатна схіліць да Праўды сваім прыкладам і настойлівасцю.
З павагай, кс. Павел