У нядзелю 7 красавіка парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы арганізавала вечарыну "Хрыстос Уваскрос", на якой была паказана тэатральная пастаноўка "Таямніца Адкуплення” пра Уваскрасенне Езуса Хрыста і Пасхальны канцэрт “Аллелюя! Глёрыя”. У святочнай праграме прыняло ўдзел больш чым 80 асобаў з ліку дзяцей і моладзі. На саму вечарыну прыйшло каля 300 чалавек.
Уваскрослага Пана падчас пасхальнага канцэрта ўсхвалялі парафіяльныя музычныя гурты “Іскрынка”, “Dies Domini” і “MAJ”, а таксама група маленькіх дзетак ад 5 да 9 гадоў. Гэтае культурна-рэлігійнае мерапрыемства зацікавіла мноства людзей не толькі з мясцовай парафіі, але і з парафій Рось і Гродна. Галоўны ініцыятар, кс. пробашч Ян Занеўскі, згадзіўся трохі распавесці пра гэтую вечарыну.
Як даўно праводзяцца ў вашай парафіі мерапрыемствы такога фармату?
Менавіта такога фармату праводзіцца першы раз. Аднак кожны год, пачынаючы з 2006 на Божае Нараджэнне, супольна з дзецьмі і моладдзю ладзім сцэнкі і арганізоўваем канцэрты, на якіх выступаюць нашыя парафіяльныя гурты, якіх у нас ажно чатыры. У гэтым мерапрыемстве першы раз прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых улад на чале з кіраўніком квасоўскага сельскага савета спадаром Віктарам Гідраўцом і дырэктарам квасоўскай сярэдняй школы спадаром Алегам Хрыптовічам.
Хто дапамагаe вам рэалізоўваць такія ініцыятывы?
У арганізацыі была задзейнічана амаль што ўся парафія, я нават не магу усіх пералічыць, баючыся памінуць каго-небудзь. Даволі вялікую падтрымку ў арганізацыі нам аказаў дырэктар нашага квасоўскага клуба. Працяг і рэалізацыя гэтай ініцыятывы жыве перш за ўсё не ў мяне, але ў дзяцей. Яны ўвесь час задаюць мне пытанні, калі наступную сцэнку мы будзем ладзіць, не даюць мне жыць. Яны гэтага вельмі хочуць. Праз гэта яны таксама больш поўна рэалізоўваюць патрэбу камунікацыі, якую немагчыма знайсці ў сацыяльных сетках. За тыдзень перад выступам яны не хацелі дахаты ісці, хацелі як мага найлепш падрыхтавацца. Яны гэтым жывуць. Шчыра кажучы, на самым пачатку нашага падрыхтоўчага шляху трэба было іх змушаць, але потым сітуацыя кардынальна змянілася. Нам нават не хапіла роляў для ўсіх ахвотных, і з-за гэтага нам прыйшлося тры разы перапісваць сцэнар, каб даць магчымасць як мага большай колькасці дзетак раскрыцца.
Колькі часу займае падрыхтоўка да іх і як вам удаецца знайсці свой час на іх арганізацыю?
Сур’ёзная падрыхтоўка заняла 2 тыдні. Можа падавацца, што гэта даволі каротокі час, але на працягу многіх гадоў працы з імі падчас катэхізацыі мы таксама прааналізавалі іх здольнасці.
Ці маеце якія-небудзь новыя ідэі ў арганізацыі іншых добрых спраў? Якія планы ў вас на будучыню?
Ідэй у нас мноства. Стараемся пастаянна працаваць з маладым пакаленнем, каб не збочылі на благі шлях. Калі будзе цяплей, будзем ладзіць амаль што кожны дзень пагодныя вечарыны са спевамі і вясёлымі забавамі. Таксама стараемся ўключацца ў жыццё Касцёла ў нашай дыяцэзіі, удзельнічаць у парафіядзе, пілігрымках, сустрэчах моладзі і многіх іншых мерапрыемствах.
Які духоўны сэнс вы бачыце у такога роду ініцыятывах?
Дзеці, прымаючы актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах, становяцца зусім іншымі і пачынаюць больш глыбока і хутчэй асэнсоўваць сваю веру. Напрыклад, калі дзіця выконвае на сцэне роль святога, яно стараецца па меры сваіх здольнасцей увайсці у яе, каб данесці гледачу Пана Бога. Дзеці як ніхто іншы могуць адкрыць сэрцы дарослых на Бога сваёй непасрэднасцю і дзіцячай прастатой. Рыхтуючыся да выступаў, яны таксама вучаць на памяць тэксты са Св. Пісання і тым самым пазнаюць Божае Слова, якое закараняецца глыбока ў іх свядомасці. Як сказаў дырэктар школы, спадар Алег Хрыптовіч, дзеці, якія актыўна ўдзельнічаюць у парафіяльным жыцці, вельмі адрозніваюцца ад тых, якія не маюць такога досведу, яны больш сумленныя і адказныя. Такія спатканні, несумненна, духоўна будуюць і інтэгруюць дзяцей і моладзь.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын