Дазволім Езусу…
Пальмовая нядзеля, якая называецца таксама Нядзеляй Мукі Пана, з’яўляецца памяццю пра ўваход Хрыста ў Ерусалім, каб выканаць Яго Пасхальную таямніцу. Яна распачынае Вялікі тыдзень, які заканчваецца Вялікаднем.
Пальмовая нядзеля сёлета прыпадае на 13 красавіка.
Літургія Пальмовай нядзелі пачынаецца чытаннем фрагмента Евангелля, які паказвае, як Езус уваходзіць у Ерусалім. Натоўпы вітаюць Яго авацыямі – сцеляць плашчы і галіны пад ногі асляняці, на якім уязджае Кароль. Але яны не гатовыя, яшчэ не прайшлі за Езусам усяго шляху і не ўсведамляюць, якой прыроды валадарства Хрыста і як павінен Ён выканаць на самой справе месіянскае прароцтва Старога Запавету.
Езус Хрыстус добра ведае аб гэтым і вядзе людзей да канца сваёй дарогі. Акажацца, што той Кароль корміць народ сваім Целам і Крывёю, ідзе крыжовым шляхам, памірае смерцю найгоршых злачынцаў і ў канцы паўстае з мёртвых, каб вызваліць чалавецтва ад грахоў і смерці, каб пашырыць Божае Валадарства на ўсе часы і народы.
Распачынаючы Вялікі тыдзень, мы, можа, і падрыхтаваны праз удзел у велікапосных набажэнствах, праз пройдзеныя рэкалекцыі, малітву, пост і міласціну, а многія таксама праз сакрамант пакаяння і паяднання… Але некаторым здаецца, што Вялікі тыдзень хутка скончыцца, зноў будзе тое ж самае. Перажывём яго, а потым спакойна сядзем за святочны стол.
Без сапраўднага перажывання Вялікага тыдня святы Уваскрасення Пана не стануць для нас часам пераходу ад смерці да жыцця, не зразумеем той вялікай любові Бога да кожнага чалавека.
Калі глядзім так, то, хутчэй, яшчэ не гатовыя – мы ўсё прынялі павярхоўна, хочам толькі “залічыцца”, як ерусалімскія натоўпы, якія прыбылі на свята. Такое хрысціянства заўсёды завяршаецца катастрофай – змяшчэннем сябе самога і сваіх патрэб на п’едэстале. А ў нашым жыцці на самой справе нічога не зменіцца, не станем нават на драбінку лепшымі. Наша вера застанецца на тым самым узроўні, не ўзрасце ні на адзін міліметр.
Езус прагне большага! Збаўца хоча скончыць сваю справу ў нас. Ён хоча знішчыць у кожным грэх, свавольства і эгаізм, абыякавасць… Праз сваю Муку, Смерць і Уваскрасенне Хрыстус хоча падрыхтаваць людзей да новага жыцця. Ён, Кароль, Сын Давіда, хоча сесці на троне, які Яму належыць, у жыцці чалавека. Хоча, каб мы Яго любілі!
Давайце жа мець адвагу ўвайсці ў “бездань мукі Пана”, каб дазволіць Богу паспяхова падрыхтаваць нас да выкарыстання. А тады, калі будзем ужо сфарміраванымі, моцнымі ў веры, ужо здольнымі да служэння, Ён скажа: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16, 15). Пашле нас на перыферыю, але найперш пройдзем шляхам Езуса, каб быць ужо гатовымі абвяшчаць не сябе, а Яго.
Няхай Вялікі тыдзень зробіць наша жыццё прыгажэйшым і шчаслівейшым. Дазволім Хрысту скончыць сваю справу ў нас!
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч