Skip to main content

Хрысціянства без крыжа не з’яўляецца сабой

 

summit cross 524015 1280Свята Узвышэння Святога Крыжа адзначае Каталіцкі Касцёл 14 верасня. Яно звязана са знаходжаннем дрэва крыжа, на якім памёр Езус Хрыстус, а таксама выражае глыбокі сэнс крыжа ў жыцці хрысціяніна. Сутнасць свята – указанне таямніцы Крыжа як цаны збаўлення чалавека.

Пачаткі свята звязаны з адшуканнем святой Аленай рэліквіі крыжа на пачатку IV ст. і асвячэннем у Ерузалеме базылікі ў яго гонар у 335 г.

Знак крыжа прысутнічаў у хрысціянстве са смерці Езуса. У пачатках Касцёла ён часам прымаў форму якара ці трызубца. Як прадмет культу распаўсюдзіўся і атрымаў значэнне пасля 313 г.

Да VI ст. на крыжы не змяшчалі постаць Хрыста. Таксама і пазней прадстаўлялі Езуса не змучанага, а ў хвале: як Караля з дыядэмай замест цярновай кароны на галаве, як Архісвятара або як Добрага Пастыра. З ХІІ ст. з’яўляецца матыў пакуты. З таго часу да сённяшняга дня ў лацінскім Касцёле звычайна выкарыстоўваецца гатычны, пасійны крыж, які ўказвае на муку і смерць Хрыста як цану збаўлення. У праваслаўнай традыцыі да сённяшняга дня выкарыстоўваецца хвалебны крыж.

З часоў Канстанціна, калі хрысціяне атрымалі свабоду вызнання сваёй веры, крыж стаў іх распазнавальным знакам. Адгэтуль ён вельмі часта ўжываецца ў літургіі і асвячае ўсё хрысціянскае жыццё: пачынае і заканчвае малітву, дзень і кожную важную справу, асвячае прастору і выкарыстоўваецца пры ўсялякіх благаслаўленнях.

Айцы Касцёла падкрэслівалі, што крыж – сімвал, у якім сустракаюцца самыя істотныя праўды хрысціянскай веры. Святы Ян Дамаскін піша: “Крыж Пана нашага Езуса Хрыста, а не кагосьці іншага, перамог смерць, знішчыў грэх праайца, перамог пекла, падарыў нам уваскрасенне, удзяліў сілы для ўзнясення над часовасцю і над самой смерцю, падрыхтаваў вяртанне да ранейшага шчасця, адчыніў брамы раю, змясціў нашу натуру праваруч Бога, учыніў нас Яго дзецьмі і спадкаемцамі”.


cross 2567117 1280


Знак крыжа распачынае і заканчвае малітву хрысціяніна. У літургіі ён з’яўляецца жэстам благаслаўлення. Крыж, які вісіць на шыі, у памяшканні, на месцы працы, які змешчаны на вяршынях святынь, нагадвае вернікам аб іх пакліканні. Яго значэнне становіцца школай жыцця для хрысціян, якія бачаць у ім канчатковую перамогу дабра над злом.

Хрысціянства без крыжа не з’яўляецца сабой, перастае быць пераканаўчым, бо перастае быць трываючай у гісторыі чалавецтва падзеяй парадаксальнай прысутнасці Бога, г.зн. такой прысутнасці, якую нельга звесці ні да якой чалавечай логікі ці інтуіцыі, якую проста немагчыма ўявіць.

Касцёл у свята Узвышэння Святога Крыжа абвяшчае старую і заўсёды новую таямніцу. Старую, бо яна была аб’яўлена амаль 2000 гадоў таму, а заўсёды новую, бо яна чакае аб’яўлення ў кожным з нас. Будзем нястомна паўтараць за святым Янам: “Цемра знікае і святло праўдзівае ўжо яснее”.

Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч

 

 

Рэдагавана: 14 Верасня 2018