Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на тэму паклікання да святасці
Гэтым мы хочам напомніць пра пакліканне кожнага чалавека да святога жыцця і нанова засяродзіцца над словамі ІІ Ватыканскага Сабору, які з націскам адзначаў, што «усе ў Касцёле, незалежна ад таго, адносяцца яны да іерархіі ці з’яўляецца аб’ектам яе пастырскай апекі, пакліканы да святасці, згодна са словамі Апостала, што «воляй Божай ёсць вашае асвячэнне» (КК 39).Некаторыя людзі памылкова лічаць святасць нечым незвычайным, даступным толькі для абраных, забываючыся, што кожны без выключэння чалавек можа яе дасягнуць, калі будзе трывала супрацоўнічаць з Божай ласкай. У адказ на пытанне юнака: «Што належыць рабіць, каб быць збаўленым?», Хрыстус сказаў: «Калі хочаш увайсці ў жыццё вечнае, прытрымлівайся наказаў» (Мц 19,17). Гэта значыць, што святым становіцца той, хто ў паўсядзённым жыцці кіруецца Божым правам, яднаецца з Богам у святых сакрамэнтах, - асабліва ў Эўхарыстыі, і з любоўю служыць Богу ў бліжніх. Праўдзівая святасць не залежыць ад маштабу ўчынкаў; яна заключаецца ў верным выкананні Божай волі. Таму кожны чалавек мае шанс стаць святым.Пра святасць хрысціяніна можна гаварыць тады, калі ён, як магчыма паўней, захоўвае вернасць навуцы Хрыста, калі імкнецца да Яго, яднаецца з Ім і Яго наследуе. Аднак, не ўсім дадзена аднолькавая магчымасць ісці за Хрыстом. Яны розныя, у залежнасці ад узросту, культурна-рэлігійнай фармацыі, стану жыцця, прафесіі або паклікання і нават здароўя. Шлях хрысціянскіх сужэнцаў да святасці будзе ў нечым адрознівацца ад шляху святара або кансэкраванай асобы. Але, незалежна ад гэтага, кожны ахрышчаны мае абавязак вычарпаць дадзеныя яму магчымасці. Усе пакліканні, усе прафесіі і жыццёвыя станы павінны разглядацца як шанс для рэалізацыі паклікання да святасці, або, інакш кажучы, як шанс для рэалізацыі паклікання да дасканалай любові ў адносінах да Бога і людзей. Таму сам выбар шляху святарства або кансэкраванага жыцця не робіць людзей святымі; святасць дасягаецца тады, калі згоднае са станам і пакліканнем жыццё перамяняецца ў любоў да Бога і бліжняга. Пры такім разуменні святасці адкрываецца надзвычай творчае асэнсаванне вартасці нават самага свецкага шляху жыцця і свецкіх учынкаў у гэтым жыцці. Такая святасць мае шанс узрастаць і гераічна рэалізавацца нават пры найбольш прыземленай дзейнасці, калі толькі гэтая дзейнасць заснавана на любові да Бога і людзей.Пачынаючы год, калі мы маем намер засяродзіцца над усеагульным пакліканнем да святасці, звяртаемся да вас, дарагія Браты па святарству. Дзякуючы вам за ваша ахвярнае святарскае служэнне, мы хочам прыпомніць, што менавіта вы асаблівым чынам пакліканы да святасці з прычыны вашага сакрамэнтальнага святарства. Святы Айцец Ян Павел ІІ у адхартацыі Pastores dabo vobis напісаў, што пакліканне да святасці адносіцца асабліва да святароў: «яны пакліканы не толькі як ахрышчаныя, але таксама і асабліва як святары, гэта значыць, на падставе новай годнасці і паводле ўласцівых толькі ёй спосабаў, якія выплываюць з сакрамэнту святарства» (PDV 19). Згодна з навукай Аб’яўлення, святар у Каталіцкім Касцёле з’яўляецца не толькі «паслом» Езуса Хрыста, але ў пэўнай ступені «другім Хрыстом» (alter Christi) – менавіта гэта асаблівым чынам адзначае каталіцкага святара. «Святарская тоеснасць, - тлумачыць Кангрэгацыя па справах духавенства, - вынікае з асаблівага ўдзелу ў святарстве Хрыста, дзякуючы якому той, хто прыняў пасвячэнні, становіцца ў Касцёле і для Касцёла рэчаісным, жывым і выразным вобразам Хрыста Святара, «сакрамэнтальным праяўленнем прысутнасці Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра» (Dyr 2). Таму жыццё і паслуга святара з’яўляюцца працягам жыцця і дзейнасці Хрыста. Дарагія Браты, ваша імкненне да святасці выражаецца ў пастырскай любові, якая з’яўляецца ў першую чаргу дарам з сябе, поўным дарам з сябе для Касцёла, на вобраз дару Хрыста і ў супольнасці з Ім. Ён «узлюбіў Касцёл і аддаў за яго Сябе» (Эф 5,25). У вашай святарскай паўсядзённасці гэтая пастырская любоў павінна выражацца ў правільнай і самаахвярнай цэлебрацыі святых сакрамэнтаў, у ахвярным прыняцці на сябе цяжкасцяў катэхетычнай і казнадзейскай працы, у прыкладзе вашага жыцця, у паслузе кіравання і адміністравання даручанай вам супольнасцю, у дабрачыннай і выхаваўчай дзейнасці, ва ўзаемаадносінах са сваім біскупам і ў адзінстве з іншымі святарамі.Са словамі заахвочвання мы звяртаемся да асобаў кансэкраванага жыцця. Гэта вы, ідучы за голасам паклікання, велікадушна ўзялі на сябе заданне наследаваць Хрыста цнатлівага, убогага і паслухмянага Айцу. Ян Павел ІІ у адхартацыі Via conseсrata падкрэслівае, што кансэкраванае жыццё, як дар Айца, «знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла як элемент з вырашальным значэннем для яго місіі, таму што выражае найглыбейшую сутнасць хрысціянскага паклікання» (VC 3). Ваша жыццё заснавана на кансэкрацыі, якую належыць разумець як поўную, выключную і вечную адданасць Богу. Ваш стыль жыцця радыкальна супрацьстаіць часовым вартасцям гэтага свету, якія зводзяцца да цялеснай пажадлівасці, пажадлівасці зроку і ганарыстасці. Вы з’яўляецеся для свету знакам таго, што існуе надпрыроднае вымярэнне, рэчаіснасць неба, да якой чалавек, як Божае стварэнне, пакліканы. Ваша асабістае асвячэнне мае усеагульнае вымярэнне; яно прыносіць карысць усяму Касцёлу, узмацняе яго і аб’яўляе частку будучай хвалы.Заахвочваем вас, каб вы станавіліся духоўнай святыняй і ўсё больш асвячалі свае ўчынкі па прыкладу Таго, Хто вас паклікаў.Наша пастырскае слова мы кіруем да свецкіх асобаў, прадстаўнікоў трэцяга стану жыцця ў Касцёле. Без вас – верных свецкіх - Касцёл не быў бы сабой. Калі б у Касцёле не было свецкіх, то духоўныя і кансэкраваныя асобы страцілі б сваю ўласную тоеснасць. Святы Айцец Ян Павел ІІ у апостальскай адхартацыі Christifideles laici звяртаецца да свецкіх з заклікам, каб штораз выразней усведамлялі, што яны «не толькі належаць да Касцёла, але самі з’яўляюцца Касцёлам» (Chl 9), а ў сваю чаргу, усё жыццё касцельнай супольнасці павінна імкнуцца да святасці. На жаль, многія з ахрышчаных сцвярджаюць, што дастаткова быць «добрым хрысціянінам», гэта значыць, чалавекам, які, згодна з уласным перакананнем, не робіць цяжкіх грахоў, але і не імкнецца да дасканаласці, спыняючыся на «адгаворванні» штодзённых пацераў, «выслухоўванні» нядзельнай Святой Імшы і абавязку велікоднай споведзі з «адсутнасці грахоў». Прывілей духоўнага жыцця, імкнення да святасці такі хрысціянін пакідае святарам, кансэкраваным асобам, і ў першую чаргу законнікам і законніцам. Такому стану духоўнага жыцця характэрна плыткасць і павярхоўнасць, таму што ў ім не адведзена першае месца Хрысту асабоваму, жывому і праўдзіваму, у той час, калі сама назва «хрысціянін» адназначна мае на ўвазе вучня Хрыста.Існуе яшчэ іншая катэгорыя - умоўныя хрысціяне, гэтак званыя: «яшчэ веруючыя, але ўжо не практыкуючыя». Такі падыход указвае на трагічнае скажэнне праўды пра Бога і пра чалавека, а значыць, на адсутнасць веры як фундамента духоўнага жыцця. Таму што Бог хрысціянскай веры – гэта не ідэалогія, створаная людзьмі для іх непасрэднага выкарыстання. Ён з’яўляецца жывой, хаця і нябачнай Асобай, Якую пазнаваць, прызнаваць і для Якой чыніць усё значыць любіць Яе ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёй душой.Добры хрысціянін, такім чынам, гэта сталы ў веры чалавек; для яго духоўнае жыццё з’яўляецца найглыбейшай і найважнейшай патрэбай для самарэалізацыі ў пакліканні быць чалавекам «на вобраз Божы» і хрысціянінам - Божым Дзіцем - з усведамленнем, што ён адкуплены Крывёй Хрыста.Прыпамінаючы пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, нельга абмінуць праблему пагрозаў, якія нясе сучасны свет. Секулярызм, маральны рэлятывізм і іншыя тэндэнцыі сучаснага свету ўсур’ёз пагражаюць духоўнаму жыццю хрысціян. На жаль, многія хрысціяне дазваляюць, каб іх падмануў голас свету, які намагаецца любым коштам пераканаць, што сёння святасць немагчымая. Свет імкнецца пераканаць чалавека, што ўчынкі, за якія таго дакарае сумленне, робяць усе. Абмовы, злосць, нянавісць, нячыстасць, алкаголь, наркотыкі, антыканцэпцыя... – усё гэта, нажаль, сапраўды папулярна ва ўсім свеце і закранае сотні міль’ёнаў людзей. Аднак, Касцёл з пляца Святога Пятра вуснамі Папы безупынна аб’яўляе ўсяму свету імёны тых, хто на ўзор Хрыста праведна прайшоў шляхам зямнога жыцця. Гэта імёны тых, хто жыў, кіруючыся хрысціянскімі вартасцямі і нярэдка аддаючы за іх сваё жыццё. Яны не былі вольнымі ад людскіх недахопаў, аднак заўсёды падымаліся і вярталіся, безупынна і глыбока верачы ў Божую Міласэрнасць.Надалей гучыць у нашай памяці апель Божага люду пасля адыходу Яна Паўла ІІ: «Santo subito! – ужо святы». Гэта ён здзейсніў 1338 беатыфікацый і 482 кананізацыі, каб заахвоціць нас да наследавання святых. Ён заклікаў дарослых і моладзь, духоўных і свецкіх: «Не бойцеся імкнуцца да святасці».Ідучы ў кірунку святасці, або збаўлення, належыць разглядаць сваё зямное жыццё як экзамен на супадзенне нашых учынкаў з верай і як час збірання заслугаў. Змаганне за святасць з’яўляецца для чалавека адказам на Божы заклік, цяжкой і ахвярнай рэалізацыяй прынятага хросту. Зразумела, што святасць перавышае натуральныя сілы чалавека, але, заклікаючы да яе, Бог адарыў нас велізарнай дапамогай: Ён даў нам Евангелле, якое гаворыць праўду пра Бога, пра людзей, пра свет; даў сакрамэнты Паяднання і Эўхарыстыі, даў нам свайго Духа. А таму давайце нанова ўсвядомім праўду, што мы пакліканы да святасці, паверым, што можам яе дасягнуць, і будзем святымі, наследуючы нашага Настаўніка з Назарэта!
Рэдагавана: 05 Лютага 2017